Ян Павел ІІ стане святым

Папа Бенедыкт XVI вызначыў дату беатыфікацыі свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ. Каб прызнаць яго святым, спатрэбілася спецыяльнае даследаванне наконт таго, ці зрабіў Караль Вайтыла які-небудзь цуд.



Папа Бенедыкт XVI вызначыў дату беатыфікацыі свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ. Каб прызнаць яго святым, спатрэбілася спецыяльнае даследаванне наконт таго, ці зрабіў Караль Вайтыла які-небудзь цуд.

Беатыфікацыя (працэс надання чалавеку сану святога) амаль закончаная. Папе засталося паставіць подпіс і вызначыць дату мерапрыемства. Магчыма, з-за таго, што былы пантыфік актыўна дапамагаў польскаму прафсаюзу «Салідарнасць», урачысты акт адбудзецца 1 мая, у Міжнародны дзень салідарнасці ўсіх працоўных. Непасрэдна набажэнства адбудзецца ў рымскай капэле Божай міласці.

Увогуле, ніводны Папа ў гісторыі не даваў згоды на беатыфікацыю свайго папярэдніка. Піянерам стаў Бенедыкт XVI. 13 мая 2005 года наконт гэтага было прынята спецыяльнае рашэнне. З іншага боку, і асаблівай крытыкі такое рашэнне не выклікала. Больш таго, яшчэ падчас пахавання Яна Паўла ІІ натоўп скандаваў: «Santo subito!» («Святы зараз!»). Аднак пры гэтым Бенедыкт XVI вырашыў не парушаць кананічны закон, які дазваляе пачынаць працэс прылічэння да святых толькі праз 5 гадоў пасля смерці кандыдата.

Пытаннямі ўслаўлення ў каталіцкай царкве займаецца Кангрэгацыя па справах святых у Ватыкане, якая вывучае прадстаўленыя матэрыялы і накіроўвае іх на зацвярджэнне Папы. Інакш яе называюць «фабрыка святых».

Для кананізацыі неабходна чатыры задакументаваных цуды, якія адбыліся па малітве вернікаў памерламу праведніку, для беатыфікацыі — два. Пры беатыфікацыі пакутнікаў факту цуду не патрабуецца.

Увогуле, апошнім часам Касцёл вельмі асцярожны ў справах прызнання цудаў. У мінулым было зарэгістравана шмат цудаў, якія зараз выклікаюць вялікі недавер. Так, у 1640 годзе быў зарэгістраваны наступны цуд: адзін малады іспанец, якому ампутавалі ногі, праз пару год нечакана зноў атрымаў нагу і змог хадзіць.

Што да Папы Яна Паўла ІІ, то яму прыпісвалі таксама шмат цудаў. Напрыклад, адзін з канадскіх веласіпедыстаў, на шлеме якога была выява Папы, у выніку аварыі не атрымаў траўму мозга. Нейкая дзяўчына пабачыла профіль Папы падчас малітвы ў дзень другой гадавіны ягонай смерці і г.д.

Аднак выбар кангрэгацыі чамусьці выпаў на выпадак з французскай манашкай Марыяй-Сімон Норман. У 2001 годзе дактары паставілі ёй дыягназ — хвароба Паркінсона. Праз чатыры гады ў манашкі пачаўся крызіс. Медыкі заключылі, што Марыю не выратаваць. Тады ўсе манашкі грамады, да якой належала Марыя, пачалі маліцца Яну Паўлу ІІ, і здарыўся цуд — хворая хутка стала на ногі і нават пачала працаваць.

Працэдура высвятлення таго, ці здарыўся з Марыяй цуд, была няпростай. Адзін з нейрахірургаў, якіх запрасілі ў якасці сведак, сказаў, што не ўпэўнены наконт таго, што спадарыня Норман сапраўды хварэла на Паркінсона. Нейкі час ксяндзы нават думалі пашукаць у біяграфіі Караля Вайтылы які-небудзь іншы цуд.

Атэістычная прэса сцвярджае, што ў гэты момант у справу ўмяшаліся людзі з атачэння папярэдняга Папы. Быццам яны даказалі, што хоць нейкі цень, кінуты на Папу, можа зашкодзіць іміджу Ватыкана.

Так ці інакш, пасля гэтага справа сапраўды пайшла як па маслу. Быў заменены сакратар кангрэгацыі. Гэту пасаду заняў Марчэла Барталучы. І нарэшце Ян Павел устанавіў рэкорд па хуткасці працэсу прылічэння да святых (папярэдні належаў Маці Тэрэзе).

Цяпер застаецца толькі ўрачыста абвясціць былога Папу святым. Першапачаткова рытуал беатыфікацыі быў запланаваны на вясну мінулага года. Аднак пасля было вырашана пераглядзець каляндарны план. Чаму — ніхто не ведае. Атэісты, натуральна, сцвярджаюць, што прычынай быў скандал са святарамі-педафіламі. Увогуле, трэба чакаць, што да дня беатыфікацыі яны выльюць на Вайтылу чарговую порцыю кампрамату. Зараз на іх сайтах ахвотна спекулююць наконт таго, што будучы святы рэгулярна бічаваў сябе за грахі. Гэта прызналі некалькі блізкіх да яго людзей.

Так ці інакш, 1 мая 2011 года гісторыя чалавека Караля Вайтылы закончыцца. Пачнецца гісторыя святога Яна Паўла.

Між тым, Рым гудзіць. Не паспеў Ватыкан агучыць дату, як Вечны горад пагрузіўся ў працэс падрыхтоўкі да свята. Чакаецца, што на беатыфікацыю прыбудуць 2 мільёна пілігрымаў. Кошты на гатэлі ў Рыме на красавік—май выраслі на 300–400 працэнтаў. Сувенірная вытворчасць працуе на поўную моц. Мясцовых рэсурсаў не хапае. Дадатковы наклад абразкоў з выявай Вайтылы замовілі аж у Кітаі. Падрыхтоўка да свята ўжо выклікала спрэчкі сярод біскупаў. Напрыклад, адна з фракцый Касцёлу выступае за тое, каб абразкі з выявай Папы вернікі маглі атрымліваць бясплатна. Але большасць святароў з гэтым пакуль не згодная.

Каментаваць