Януковіча адфутболілі

Украінская апазіцыя раскалолася адносна таго, ці на руку ёй байкот чэмпіянату «Еўра–2012» з боку Захаду. Прапануем агляд украінскай апазіцыйнай думкі.

«Еўра–2012» апынулася разменнай манетай у вялікай палітычнай гульні. Пасля публікацыі фота Юліі Цімашэнка, якая дэманструе гематомы на целе, менавіта футбольны турнір быў абраны палітычным бамондам Еўрасаюза для дэманстрацыі яго стаўлення да кіраўніцтва Украіны.



Украінская апазіцыя раскалолася адносна таго, ці на руку ёй байкот чэмпіянату «Еўра–2012» з боку Захаду. Прапануем агляд украінскай апазіцыйнай думкі.

«Еўра–2012» апынулася разменнай манетай у вялікай палітычнай гульні. Пасля публікацыі фота Юліі Цімашэнка, якая дэманструе гематомы на целе, менавіта футбольны турнір быў абраны палітычным бамондам Еўрасаюза для дэманстрацыі яго стаўлення да кіраўніцтва Украіны.

Спачатку прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Украіне заявіла, што ніхто з еўракамісараў не будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных «Еўра–2012» ва Украіне. Прадстаўнікі еўрапейскіх краін абгрунтавалі сваё рашэнне сітуацыяй з экс-прэм’ерам Юліяй Цімашэнка, якая абвясціла галадоўку ў знак пратэсту супраць ужывання супраць яе фізічнай сілы. Пазней з падобнымі заявамі выступіў тузін лідараў дзяржаў ЕС, уключаючы кіраўніка Еўракамісіі, канцлера ФРГ і г.д. На гэтым справа не закончылася. Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб увогуле пазбавіць Украіну права прымаць турнір.

Наўрад ці справа зойдзе так далёка, аднак інцыдэнтаў на турніры будзе хапаць. Напрыклад, міністр замежных спраў Іспаніі кажа, што зборная яго краіны не выйдзе на поле кіеўскага стадыёну, калі трапіць у фінал. Па яго словах, наконт гэтага ёсць нефармальная дамова таксама з Германіяй. Прычым Германія і Іспанія — фаварыты чэмпіянату.

Калі меркаваць па каментарах на блізкіх да апазіцыі сайтах, «аранжавыя» не чакалі такога «падарунку» ад еўрапейцаў. Ніякіх асаблівых заклікаў да байкоту «Еўра–2012» са свайго боку яны не рабілі. Адзінымі, хто патрабаваў «замарозіць» «Еўра–2012» ва Украіне, былі абаронцы жывёл, незадаволеныя забойствамі бадзяжных катоў і сабак у гарадах, якія збіраюцца прымаць гульні. Аднак іх заклікі амаль ніхто не чуў.

У выніку апаненты Януковіча цяпер пастаўленыя перад дылемай. Што важней: здароўе Цімашэнка або мерапрыемства, падрыхтоўкай да якога краіна жыла апошнія гады? У выніку на старонках апазіцыйнай прэсы пачалася дыскусія пра адносіны палітыкі і спорту, якая, напэўна, цікава і для беларусаў у кантэксце кампаніі за байкот сусветнага хакейнага чэмпіянату 2014 года ў Мінску.

Якія аргументы прыхільнікаў байкоту?

Перш за ўсё, яны спасылаюцца на тое, што байкот турніру (нават калі ён не атрымаецца) — гэта праява салідарнасці з людзьмі, якія сядзяць у турмах за свае палітычныя перакананні. Нядзіўна, што байкот віталі ўсе родныя арыштаваных. Так, дачка Юліі Цімашэнка адзначыла, што сем’і палітвязняў удзячныя дэмакратычнаму свету за такую рэакцыю: «Мы ўдзячныя лідарам дэмакратычных краін за тое, што яны адмовіліся стаяць побач з чалавекам, які не можа спыніць рэпрэсіі і катаванні ў сваёй краіне».

Па-другое, кампанія за байкот фактычна абараняе ўсю апазіцыю, тармозіць працэсы ператварэння Украіны ў другую Беларусь. Гэтага нават не хаваюць на Захадзе. «Нямецкі ўрад чакае ад Украіны гарантый правоў апазіцыі ў цэлым, а не толькі рашэння сітуацыі, якая ўзнікла з экс-прэм’ерам Юліяй Цімашэнка», — піша газета «Bild am Sonntag».

Цікавая думка ўкраінскіх эколагаў і краязнаўцаў. Згодна з ёй, падтрымаць байкот — значыць сімвалічна ўзяць дыстанцыю ад усяго таго, што нарабілі ўлады падчас будаўніцтва спартовай інфраструктуры. У гэты перыяд былі вырубленыя шматлікія паркі, знішчаныя пад гатэльныя праекты гістарычныя помнікі.

Дарэчы, той будаўнічы бум мае яшчэ адзін непрыемны прысмак. Па разліках эканамістаў, было скрадзена каля 60 працэнтаў ад усіх грошай, якія Захад выдаў Кіеву на будаўніцтва і рэканструкцыю гатэляў, дарог, стадыёнаў. У гэтым плане па інтэрнэт-форумах блукае цікавы тэзіс пра тое, што Януковіч сам зацікаўлены ў байкоце «Еўра–2012», каб не ўсплылі ўсе шэрыя карупцыйныя схемы. Нават сцвярджаюць, што нядаўняя серыя тэрактаў у Днепрапятроўску — справа нейкіх нячыстых на руку падрадчыкаў, якія спрабуюць сарваць «Еўра–2012», каб не ўнікла пытанне, куды зніклі еўрагрошы.

У тых аранжавых, хто супраць байкоту, — свой пакет пераканаўчых аргументаў.

Перш за ўсё, зрыў «Еўра–2012», да якога рыхтуецца ўся краіна, можа быць выкарыстаны Партыяй рэгіёнаў для развязання кампаніі супраць апазіцыі напярэдадні прызначаных на восень парламенцкіх выбараў. Вялікі сектар грамадства апалітычны, жыве больш простымі матэрыямі і не разумее, як можна адмяняць футбол з-за Юлі. «Юля для футбола значыць больш, чым усе стадыёны, аэрапорты і ўся інфраструктура разам узятыя. Калі яна ўжо памрэ?», «Вось чаго (байкоту «Еўра–2012») і дамагалася Юля, вось і прычына сінякоў і галадоўкі. Патрыётка хрэнавая, чым горш Украіне, тым лепш ёй. Змяя рэдкая», — такіх выказванняў вельмі шмат у сегменце укрнэта.

Ужо першыя рэакцыя ўладаў сведчаць пра тое, што далейшая эскалацыя здольная ўзмацніць антыеўрапейскі вектар мыслення ў атачэнні Януковіча. Так, мэр Данецка Лук’яненка параўнаў Меркель і Гітлера, які праводзіў алімпійскія гульні ў 1936 годзе. «І сёння гэтыя краіны заяўляюць, што штосьці трэба байкатаваць. Спачатку трэба разабрацца са сваёй гісторыяй, а потым рабіць нейкія заявы», — сказаў ён.

Па словах галоўнага камуніста Пятра Сіманенкі, партыя якога ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, «рэзкія заявы лідараў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў на адрас прэзідэнта Віктара Януковіча і байкот Ялцінскага саміту — гэта непавага да ўкраінскага народа». «Нам цяпер трэба наогул не зважаць на падобныя заявы і весці нарэшце самастойную палітыку — вельмі цвёрдую, прынцыповую», — кажа Сіманенка.

Правядзенне «Еўра–2012» стане шансам для Украіны і яе жыхароў на ментальнае набліжэнне да ЕС. «Еўрапейцы зразумеюць, што Украіна — гэта не толькі Партыя рэгіёнаў, забойства бадзяжных жывёл, ціск на дэмакратыю і «справа Цімашэнка». У першую чаргу, гэта краіна з насельніцтвам, слаўнымі традыцыямі, багатай гістарычнай спадчынай», — адзначае апазіцыйны партал «Украіньская правда».

Ёсць і тыя, хто спрабуе шу­каць кампраміс. Іншымі словамі, падтрымлівае санкцыі, аднак прапануе, каб яны не тычыліся тэмы спорту. Так, народны дэпутат Тарас Чарнавіл лічыць, што «самай эфектыўнай формай ціску ў дадзенай сітуацыі можа быць ужыванне індывідуальных санкцый супраць прадстаўнікоў украінскай улады ў выглядзе забароны на візіты ў ЕС». Не менш арыгінальную ідэю выказаў сайт «Главред»: «Еўрапейская супольнасць нарэшце можа байкатаваць уладу іншымі сродкамі, напрыклад, абвясціць байкот Данецку».

Хаця, магчыма, усё абыдзецца і без байкоту сталіцы Данбасу. Цяперашняя сітуацыя з байкотам «Еўра–2012» і адмова шматлікіх палітыкаў прыехаць на саміт Цэнтральнай Еўропы ў Ялце яшчэ не з’яўляюцца крытычнымі, і калі зрабіць усё правільна, то сітуацыя выправіцца. З іншага боку, планы ўладаў Украіны папулярызаваць краіну пры дапамозе «Еўра–2012», падобна, ужо праваліліся. Незалежна ад таго, дзе і як пройдзе чэмпіянат.

 

Каментаваць