Януковіч: «Я хачу папрасіць у вас прабачэння... Я вам болей не патрэбны»

На сэрвісе Youtube з'явіўся навагодні зварот да свайго народу Віктара Януковіча — такі, якім хацелі б яго пачуць удзельнікі Еўрамайдану. Магчыма, большасць украінцаў былі б таксама не супраць.



Відэазапісу папярэднічае анонс: «Паважаны гарант, мы ўжо напісалі тэкст і агучылі табе шпаргалку тваёй прамой прамовы да навагодніх свят. Проста паўтары гэта! З Новым годам цябе таксама! Добрых святаў!»

На відэазапісу Віктар Януковіч віншуе сваіх суайчыннікаў з «днём, калі здзейснілася мара ўсіх украінцаў». Звяртаючыся да Майдану, ён гаворыць, што спачатку ён і яго бліжэйшае атачэнне «недаацаніў» яго, бо лічылі «шэраю масаю», «народам, які не мае духу і сілы супрацьстаяць нам», таму не ў стане перашкодзіць іх плану — «захопу ўлады». 

Заканчваецца ж зварот «прызнаннем» парушэння шматлікіх законаў, просьбай прабачыць, указам аб адстаўцы ўрада і адкрыцці крымінальных справаў супраць усіх, хто чыніў беззаконне над грамадзянамі Украіны. А таксама прызначэннем датэрміновых выбараў.

«Зараз у вас дакладна ніхто не скрадзе мрою пра краіну роўных магчымасцяў. Я болей ніколі не зраблю шкоды Украіне і яе народу. Цяпер я вам сапраўды не патрэбны. Таму што вы ацанілі сябе і зразумелі, што вы — вялікая нацыя, годная таго, каб жыць цывілізавана. Віншую вас, шаноўныя суайчыннікі, з стварэннем новай Украіны!», — гаворыцца ў відэазвароце, «шпаргалцы» для Віктара Януковіча.

Калі Віктар Януковіч не скарыстаецца гэтай «шпаргалкай», украінцы ўсё роўна змогуць пачуць незвычайны навагодні зварот — грамадзян Украіны да прэзідэнта Украіны.


«31 снежня ў 23:55 (00:55 па мінскім часе), за пяць хвілін да Новага года, упершыню ў гісторыі глядзіце навагодні зварот народа Украіны да прэзідэнта Украіны»,сказана ў анонсе відэазвароту.


Транслявацца зварот будзе на сайце kraplya.com/president.

Каментаваць