Яны пра нас. Замежная прэса пра Беларусь 12–19 мая

Некаторыя аналітыкі кажуць, што гэты тэрмін з’яўляецца апошнім для Аляксандра Рыгоравіча на пасадзе прэзідэнта Беларусі. Як мудры палітык, ён павінен разумець, што нельга «сядзець да смерці», што краіна павінна мець магчымасць выбраць сабе ўладу, адэкватную бягучаму моманту. Мяркуем, што і з гэтай задачай Лукашэнка справіцца.
«Іmperor» (Расія)
 © Fotolia, Fontanis

 © Fotolia, Fontanis



Трансфармацыі ў лагеры патрыятычных сіл сведчаць пра тое, што беларуская дзяржава, разумеючы звужэнне калідора знешнепалітычнага манеўру, а таксама з-за патрэбы прыстасаваць сваё палітычнае поле да новых выклікаў, спрабуе рэанімаваць структуру канструктыўных партый з перспектывай аформіць інстытуты парламенцкіх партый. Заставацца «апартыйным» выключэннем сярод іншых краін рэгіёну і Еўразійскага саюза сёння вельмі цяжка. Таму варта паступова стымуляваць працу партый, іх удзел у грамадскім жыцці. Аднак перспектыва гэтая з’яўляецца стратэгічнай і на цяперашнюю палітычную кампанію не паўплывае.

«Евразия Эксперт» (Расія)


Груба кажучы, на палітычную карту для пазбаўлення ад Лукашэнкі ў Крамля ёсць 2–3 гады. Потым будзе позна. І Расія будзе іншая, і Беларусь. А структура эканомікі і вектар развіцця зробяць відавочным для многіх бесперспектыўнасць «звязваць лёс з Крамлём». Таму назіраць за асаблівасцямі «братэрскай любові» будзе вельмі цікава. А вось Беларусі чакаць спакойнага «ўсходняга фронту» відавочна не прыходзіцца. Менавіта Беларусі. Як грамадству, так і асобна Аляксандру Лукашэнку.

«Хвиля» (Украіна)


Ці супярэчыць нейтральная пазіцыя Мінска, якая праявілася ў ходзе чатырохдзённай вайны (Арменіі і Азербайджана), абавязкам, якія ўзяла на сябе Беларусь, падпісаўшы Дамову аб калектыўнай бяспецы? Наўрад ці. Беларускае войска не з’яўляецца дастатковай сілай нават для абароны ўласна Беларусі. Таму разглядаць гэтае войска ў межах АДКБ як нешта сур’ёзнае, адкуль можна нешта ўзяць і перакінуць на дапамогу Арменіі або Таджыкістану, не даводзіцца. Па сутнасці, Лукашэнка фіксуе існуючыя рэаліі і робіць крокі, якія накіраваныя на ўнутранае карыстанне: не выключана, што ў беларускім грамадстве магчымы ўдзел у супрацьстаянні ў Закаўказзі выклікае нервовасць. З іншага боку, такія дзеянні Лукашэнка выкарыстоўвае як элемент свайго знешнепалітычнага гандлю з ЕС.

«Уerkramas» (Арменія)



Гуляючы ў нейтральнасць і лавіруючы паміж Крамлём і Захадам, Лукашэнка разумее, што доўга гуляць на два франты не атрымаецца. У бліжэйшы час ён будзе вымушаны вырашыць, да каго задам, а да каго перадам павінна павярнуцца ягоная хатка. Еўропа вабіць будучыняй, Расія трымае мінулым і сучаснасцю. Але, хутчэй за ўсё, пытанне выбару перад Бацькам наогул не стаіць. Еўрапейскі саюз, як і сяброўства ў ім, не вельмі і патрэбныя рэжыму Лукашэнкі. Гэты вектар прадугледжвае глабальныя, а не павярхоўныя змены ў рэспубліцы, якія разбураць усю мадэль кіравання краінай. Таму пакуль Расія — адзіны і безальтэрнатыўны партнёр Лукашэнкі. На самай справе Беларусь з яе глабальнай залежнасцю ад Масквы ўжо з’яўляецца часткай «рускага міру». Хай Бацька і ніяк не хоча гэтага прызнаваць.

СТН (Украіна)


Канфлікту (паміж Беларуссю і Расіяй) пазбегнуць практычна немагчыма, таму што праблемы ў беларускай эканоміцы толькі нарастаюць. Хоць Беларусь імкнецца захаваць добрыя адносіны з Расіяй, але ў яе не атрымліваецца плаціць па рахунках рэгулярна. Прадпрыемствы вінныя, і плаціць ім, у прынцыпе, няма чым. У беларускіх прадпрыемстваў зменшыўся збыт на расійскім рынку, які з’яўляецца асноўным рынкам для Беларусі. Беларусь цяпер сутыкаецца з сур’ёзным выклікам, для пераадолення якога ёй могуць спатрэбіцца новыя перамовы з Масквой. Аднак тут сітуацыя ўскладняецца фліртамі Мінска з Еўрасаюзам, якія негатыўна паўплываў на адносіны Аляксандра Лукашэнкі з Расіяй.

«News front» (Украіна)


Да 2010-х гадоў у Беларусі ўжо вырасла і ўключылася ў грамадска-палітычнае жыццё пакаленне 1990-х, якое не ўяўляе свайго жыцця без Аляксандра Лукашэнкі і якое было цалкам адарванае ад савецкага мінулага. І, мабыць, галоўнай асаблівасцю новага пакалення з’яўляецца тое, што яно, па сутнасці, стала першым пакаленнем незалежнай Беларусі і не магло пазіцыянаваць сябе ніяк інакш, акрамя як беларусамі. Менавіта на гэта дзяржавай і быў зроблены разлік, калі ў канцэпцыі нацыянальнага будаўніцтва сталі ўводзіцца новыя глабальныя паняцці — незалежнасць, суверэнітэт, самадастатко­васць, нацыянальная гісторыя і культурная самабытнасць.

REGNUM (Расія)


Беларусь — галоўны стратэгічны саюзнік Расіі, як мінімум у ваенным плане. Але, на думку Крамля, саюз гэты — саюз нераўнапраўных. Эканамічная залежнасць Мінска дазваляе шматлікім маскоўскім палітыкам лічыць яго расійскім сатэлітам. А пракрамлёўскія байкеры з клуба «Начныя ваўкі» і зусім заявілі: «Беларусь — гэта Расія». Мінск ад такіх заяў не ў захапленні, аднак, відавочна, адмовіцца ад шлюбу па разліку з Масквой не можа. Беларусь працягне падлашчвацца да Захаду, зарабляць там, можа быць, нават спрабаваць стварыць плацдарм для адступлення ў далёкай будучыні. Але сябраваць яна будзе з Расіяй. Гэтаму саюзу — асабіста для Лукашэнкі — няма альтэрнатывы, нягледзячы ні на якія гандлёвыя войны і анексіі.

«Deutsche Welle» (Германія)


Калі мы зараз пачынаем сур’ёзныя гандлёвыя войны з Беларуссю, тады, вядома, увесь адзіны эканамічны саюз аказваецца пад сур’ёзным пытаннем. Ён і так пад сур’ёзным пытаннем, таму што Беларусь увесь перыяд санкцый вядзе сябе з эканамічнага пункту гледжання вельмі не прыгожа (гэта і гісторыя з рээкспартам еўрапейскіх прадуктаў, і пастаянныя скандалы з нафтапрадуктамі). Мы маем з Беларуссю адзін галаўны боль за другім. Атрымліваецца, што палітычны праект быццам бы патрэбны нам, а зарабляе на гэтым Беларусь. З іншага боку, калі мы закрываем гэтую гісторыю, то ўзнікае пытанне: «Навошта пачыналі?» І Лукашэнка гэтым карыстаецца.

«Евразия» (Расія)


Антыкрызісны план Лукашэнкі мае на ўвазе зніжэнне цэнніка на любую прадукцыю, якая выпускаецца на тэрыторыі краіны. Значыць, маючы нулявыя пошліны з нашым саюзнікам па ЕАЭС, мы атрымліваем усе падставы чакаць на нашым рынку танную прадукцыю. Пры гэтым джыпы — толькі першая ластаўка. Калі ўдасца рэалізаваць праект сумеснага беларуска-кітайскага тэхнапарку «Вялікі камень», расійскім вытворцам любой тэхнікі давядзецца вытрымліваць жорсткую канкурэнцыю з саюзнікамі, выйграць якую можна будзе толькі з дапамогай загараджальных мытных бар’ераў.

«Noteru» (Расія)


Сям’ю «братэрскіх народаў» з вялікай доляй верагоднасці хутка чакае развод. І ініцыятарам падзей, хутчэй за ўсё, стане Беларусь. Гэта не залежыць ад таго, хто будзе займаць уладныя пакоі ў Мінску. І ўжо не залежыць ад таго, хто сядзе на трон у Крамлі. Працэсы ўжо ідуць. І іх логіка падказвае, што ў любым выпадку Беларусь будзе вельмі моцна дыстанцыявацца ад РФ. Прычым, досыць хутка. Гаворка ідзе пра гарызонт у 10–15 гадоў. Як будуць ісці працэсы — іншае пытанне. Хутчэй за ўсё, рэзкага разводу не будзе. Для Беларусі таксама цалкам апраўдана аддана глядзець на РФ, казаць пра славянскае братэрства. Атрымліваць танныя нафту і газ, выкарыстоўваць рынак суседкі. І пры гэтым рабіць сваю справу — наладжваць кантакты з іншымі дзяржавамі, забяспечваць бяспеку, змяняць эканоміку.

«Хвиля» (Украіна)



Каментаваць