Яны пра нас. Замежная прэса пра Беларусь: 17–23 жніўня

У кастрычніку Беларусь павінна прадставіць нацыянальную справаздачу наконт становішча правоў жанчын у ААН. Таму не выпадкова, што прайшлі ў парламент апазіцыянеры-жанчыны. Гэта добрая магчымасць дадаць тлусты плюс.

«Росбалт» (Расія)

© Fotolia, mitrija


Захад, што змякчае палітыку ў дачыненні да Мінска, апынуўся на раздарожжы. Прадастаўленне Беларусі крэдытаў без відавочнага прагрэсу ў дэмакратызацыі краіны толькі ўзмацняе аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Узмацненне жорсткасці Брусэлем і Вашынгтонам сваёй палітыкі азначае ўзмацненне ўплыву Крамля ў гэтай усходнееўрапейскай краіне. На самай справе, дэмакратычныя краіны еўраатлантычнай супольнасці не ведаюць, што рабіць з аўтарытарнай Беларуссю. У адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, які цудоўна разумее, што яму трэба ад Захаду.

«Дзеркало тиждня» (Украіна)


Для апазіцыі гэта (праход у Палату прадстаўнікоў дзвюх яе прадстаўніц) поспех. Відавочна, што іх прызначылі, але гэта магчымасць вярнуцца ў сістэмную палітыку. Выбары паказалі, што апазіцыя можа заставацца гульцом, пры ўмове, калі яна гуляе.

«Forbes» (Казахстан)


Абранне Анісім з’яўляецца сігналам, што рэжым Лукашэнкі шчыры ў неабходнасці ўмацавання беларускай ідэнтычнасці. У сваю чаргу, прызначэнне Канапацкай стымулюе ўрад на эканамічныя рэформы (…). Дэпутацтва прадстаўнікоў апазіцыйнай партыі і групы грамадзянскай супольнасці — таксама пасланне для тых беларусаў, хто ў апошні час пачаў адкрываць нанова для сябе мову і ідэнтычнасць.

«Foreign Policy» (ЗША)


Найбольш акрэсленая пазіцыя па гэтым (крымскім) пытанні ў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён лічыць, што фактычна Крым належыць Расіі, але адбылося гэта толькі таму, што Кіеў не стаў яго абараняць. Таму, калі Масква прад’я­віць свае прэтэнзіі на частку беларускай тэрыторыі, «бацька» асабіста скокне ў акоп з аўтаматам. Астатнія постсавецкія рэспублікі ў размове з Украінай, як правіла, прызнаюць яе цэласнасць, а ў размовах з Расіяй сыходзяць ад гэтай тэмы.

«Московский комсомолец» (Расія)


Пасля свайго эфектнага жэсту Мінск чакае не меншай аддачы ад заходніх сталіц. Іх першая рэакцыя кажа пра тое, што сігнал быў прачытаны так, як у Беларусі і разлічвалі. Назіральнікі АБСЕ заявілі, што да дэмакратычных беларускіх выбараў яшчэ як да Месяца, але па асобных накірунках прагрэс ёсць. «Цяпер ураду і абранаму парламенту трэба працягваць дэмакратызацыю», — сказалі кіраўнікі місій АБСЕ і ПАСЕ на прэс-канферэнцыі пасля выбараў. Словазлучэнне «абраны парламент» на адрас беларускай Палаты прадстаўнікоў — гэта новы лексікон з намёкам ледзь не на прызнанне. Такой раскошы беларускія дэпутаты не ведалі ўжо 20 гадоў. Адна з кіраўнікоў назіральнай місіі ўвогуле назвала праходжанне ў парламент апазіцыянераў «гістарычным момантам».

Delfi (Літва)


Украінцы прызналіся, да якой краіны ў іх самыя цёплыя пачуцці. Адказ адкрыта здзівіў. Па дадзеных апытання Інстытута Гаршэніна, 83,6% украінцаў прыязна ставяцца да Беларусі. І толькі кожны дзясяты (10,4%) апытаны адчувае непрыязнасць да краіны «бацькі» Лукашэнкі. Такім чынам, Беларусь украінцы прызналі самай сяброўскай дзяржавай у свеце.

24ua (Украіна)



Каментаваць