Яны пра нас. Замежная прэса пра Беларусь: 19–26 жніўня

Адсутнасць украінскага амбасадара ў Беларусі таксама прадказвае праблемы. Там (у Беларусі) з’явіліся сур’ёзныя праблемы для Украіны. Пры тым, што Лукашэнка заявіў — з беларускай зямлі вайны супраць Украіны не будзе.
«Газета» (Украіна)

Фота  AP Photo, KEYSTONE/Steffen Schmidt



У выпадку рэалізацыі дактрыны знешнепалітычнага нейтралітэту, у Вашынгтоне гатовыя прыняць Беларусь такой, якая яна ёсць, і не патрабаваць ад беларускага кіраўніцтва неадкладнай «дэмакратызацыі» (чытай — змены рэжыму). Гэта значыць, пытанне дэмантажу грамадска-палітычнага ладу Рэспублікі Беларусь здымаецца з парадку дня, але толькі ў абмен на нейтралітэт.

RuBaltic.ru (Расія)


Гэта (Беларусь) тое, якім мог стаць СССР. Гэта постсавецкі Савецкі Саюз. Беларусь застаецца савецкай не толькі з-за некранутай сімвалічнай спадчыны накшталт помнікаў камуністычным правадырам і захавання зорак, сярпоў і молатаў па ўсёй краіне. Больш глыбокія пласты: функцыянаванне ідэалагічнай вертыкалі, неканкурэнтная апартыйная сістэма (замест КПСС — Адміністрацыя прэзідэнта), адсутнасць канкурэнтных выбараў, эканамічная мадэль з шырокім уплывам дзяржавы, выбарная вузкая прыватызацыя, залежнасць кар’ерных траекторый ад «правільнасці» ідэалагічных поглядаў — усё гэта робіць краіну інкарнацыяй СССР 2.0.

«Коммерсантъ» (Расія)


Кітай імкнецца дасягнуць Еўропы і быць там — што называецца, прысутнічаць не толькі эканамічна, але і культурна, і фінансава. У гэтым сэнсе Беларусь як прастора, дзе Кітай ужо прысутнічае, з’яўляецца нейкімі варотамі ў Еўропу. З гэтага пункту гледжання можна проста параўнаць, як сябе ўспрымае Беларусь з пункту гледжання адносінаў Расіі з Еўропай. Беларусь сёння прэтэндуе быць нейкім пасярэднікам у адносінах паміж Расіяй і Еўропай. (…) Прычым, зразумелым для беларусаў чынам. Урэшце, у Беларусі яшчэ памятаюць вялікі слоган: «Рускі з кітайцам — браты навек».

ARU (Эстонія)

Пуск двух энергаблокаў Беларускай АЭС можа затрымацца цяпер на год. Так што для Расіі, якая будуе станцыю на ёю ж прадастаўлены Мінску валютны крэдыт, і для самой Беларусі гэты праект стане яшчэ больш дарагім, чым ад пачатку чакалася. Але самае важнае — страшнае адчуванне дэжавю. Бо тры дзесяцігоддзі таму Беларусь спасцігла жахлівая бяда з-за таго, што на Чарнобыльскай АЭС менавіта ў ноч з суботы на нядзелю таксама вырашылі патрэніравацца.

«Deutsche Welle» (Германія)


Нягледзячы на дэклараванне беларускім кіраўніцтвам спрыяльных умоў для любых інвестараў, на самай справе сітуацыя ў рэспубліцы выглядае інакш, а многіх і зусім адпужваюць непрадказальнасць мясцовых уладаў і існуючае тут заканадаўства. Пра гэта сёння кажуць абсалютна ўсе: як незалежныя эксперты, так і мужныя людзі ў органах дзяржкіравання. Ні для каго не сакрэт, што інвестыцыі прыходзяць туды, дзе ёсць стабільная эканоміка і асяроддзе для зарабляння грошай. Любы інвестар павінен быць упэўнены, што праз год, два ці пяць гадоў ён не страціць свае грошы, а яго інвестыцыі не будуць нацыяналізаваныя або рэквізаваныя дзяржавай, што мае месца ў Беларусі. Кіраўніцтва краіны ўжо не раз забірала ў інвестараў іх праекты на падставе «невыканання ўзятых на сябе абавязацельстваў».

«Ритмы Евразии» (Расія)



Каментаваць