Яшчэ адзін вязень Крамля абвясціў галадоўку

Грамадзянін Украіны Станіслаў Клых, асуджаны ў Расіі за ўдзел у чачэнскай вайне, абвясціў у калоніі галадоўку. 

Станіслаў Клых, 5.ua

Станіслаў Клых, 5.ua

Вярхоўны суд Чачні прысудзіў Клыха да 20 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у баявых дзеяннях на баку чачэнскіх баевікоў і забойства расійскіх вайскоўцаў. Тады ж украінца Мікалая Карпюка прысудзілі да 22 з паловай гадоў пазбаўлення волі з-за аналагічных абвінавачванняў. Карпюк і Клых сваёй віны не прызналі.

Пра галадоўку Клыха распавяла яго маці падчас сустрэчы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з сваякамі украінцаў, асуджаных або арыштаваных у Расіі, напісала ў фэйсбуку першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка.

Сястра ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, асуджанага за тэрарызм, Наталля Каплан паведаміла тэлеканалу «Громадське», што такой сустрэчы сваякі зняволеных дамагаліся некалькі гадоў. Герашчанка таксама напісала, што на сустрэчы з Парашэнкам прысутнічалі сваякі зняволеных у Расіі крымскіх татар і тых, каго ўтрымліваюць у самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе Украіны.

Падчас сустрэчы Парашэнка распавёў, што робіць ўкраінскае кіраўніцтва для вызвалення украінцаў, якія асуджаны і ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расіі. На афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны таксама паведамляецца, што гэтую праблему будуць абмяркоўваць 11 чэрвеня міністры замежных спраў «Нармандскай чацвёркі».

У цяперашні час Карпюк і Клых уваходзяць у спіс з 23 украінцаў, якіх Украіна прапаноўвае абмяняць на расіян. Аднак Кіеў пакуль не атрымаў афіцыйнага адказу ад Масквы аб магчымасці абмену палоннымі.

Паводле novayagazeta.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць