Егіпет: крызіс ісламістаў

Крызіс і крах рэжыму егіпецкага прэзідэнта Мурсі можна лічыць глабальным ударам па дактрыне палітычнага ісламу. Адна з самых любімых сённяшніх тэм у сусветнай прэсе — параўнанне Егіпта 2013-га з Егіптам 1952 года.



Падставы, каб у думках падарожнічаць у часе, сапраўды існуюць. Цяперашні рэжым прэзідэнта Мухамеда Мурсі шмат каму нагадвае адміністрацыю прэзідэнта Мухамеда Нагіба, які, як і Мурсі, абапіраўся на рух «Браты-мусульмане». 60 гадоў таму няздольнасць Нагіба нармалізаваць сітуацыю ў краіне падштурхнула афіцэраў. У выніку вайсковага путчу да ўлады прыйшоў славуты палкоўнік Насер.

На гэтым супадзенні паміж 1952 і 2013 гадамі заканчваюцца. У 1952-м «Браты-мусульмане» пайшлі ў апазіцыю, захаваўшы вялікі аўтарытэт у грамадстве. Яны, будучы хутчэй прапагандысцкім рухам, а не партыяй, сталі галоўнымі фронтмэнамі супраціву дыктатуры вайскоўцаў. Нягледзячы на рэпрэсіі, «Браты-мусульмане» здолелі застацца вядучай апазіцыйнай палітычнай сілай да студзеньскіх падзеяй 2012 года на плошчы Тахрыр.

Егіпецкая рэвалюцыя 2012-га адчыніла ім шлях ва ўладу. Партыя свабоды і справядлівасці — палітычная вітрына руху «Братоў-мусульман», зараз кантралюе 49 працэнтаў дэпутацкага корпусу ў парламенце. Прэзідэнтам краіны быў яе лідар Мухамед Мурсі. Дзеючая канстытуцыя краіны таксама была напісаная пад дыктоўку ідэолагаў «Братоў-мусульман».

Але, калі сёння егіпецкае войска, як 60 гадоў таму, возьме ўладу, ісламісты сыдуць у апазіцыю з зусім іншым палітычным капіталам. Вось як апісвае сітуацыю іспанская газет «El Pais»:

«Егіпет знаходзіцца на краі прорвы. Праз год пасля інаўгурацыі Мухамеда Мурсі на пасадзе прэзідэнта, краіна перажывае сур’ёзны палітычны, эканамічны і сацыяльны крызіс. Надзеі шматлікіх сектараў егіпецкага грамадства на «Братоў-мусульман» не спраўдзіліся».

Гэтыя высновы пацвярджаюць вынікі некаторых сацыялагічных апытанняў. За адзін год папулярнасць Мурсі ўпала з 70 да 40 працэнтаў. Пры гэтым 62 працэнтаў апытаных кажуць, што зараз яны жывуць горш, чым два гады таму, а яшчэ 72 не лічаць «Братоў-мусульман» дэмакратычнай арганізацыяй. Важная рэч: 54 працэнты апытаных выступаюць за дэмакратычную мадэль грамадства. Гэтыя дадзеныя апублікаваў амерыканскі часопіс «Foreign Policy», які пракаментаваў прадстаўленыя лічбы так:

«Мы ўсе сведкі незвычайнага працэсу — заходу дамінавання ісламістаў у Егіпце».

Ёсць думка, што ісламісты аказаліся ў прынцыпе не здольнымі прапанаваць сапраўдную сацыяльна-эканамічную альтэрнатыву. Часткова з гэтым можна пагадзіцца. Асабліва, калі пагартаць выбарчую праграму Партыі свабоды і справядлівасці. Эканамічны блок дакументу — гібрыд пастулатаў дзяржаўнага інтэрвенцыяналізму і ідэй свабоднага рынку.

З аднаго боку — барацьба з імпартам за кошт развіцця айчынных сектараў вытворчасці, прыняцця дзяржаўнага плана эканамічнага развіцця, падпарадкаванне працы бізнэсу контурам гэтага плану, наданне прыярытэту айчынным прадпрымальнікам падчас прыватызацыі. З іншага боку, прыцягненне замежных інвестыцый, стварэнне вольных эканамічных зонаў, зніжэнне падаткаў для бізнэсу.

Даючы сваю ацэнку праграме партыі Мурсі, інтэрнэт-выданне «Midanmasr» пажартавала: «З праграмы Мурсі можна зразумець толькі адно. Яго ўрад хоча знішчыць адзіны працуючы ў краіне сектар эканомікі — турызм. Інакш для чаго ў праграме абяцаюць забараніць алкаголь і ўвесці гендэрную сегрэгацыю на пляжах?»

У выніку эканамічная палітыка ісламістаў, па словах таго ж выдання, звялася да мантры «барацьба з карупцыяй». «Midanmasr» піша: «Фразу «барацьба з карупцыяй» можна апісаць як панацэю. Сітуацыя прыкладна выглядае так. Пытанне міністру: «Якім чынам мы можам стымуляваць эканамічны рост?» Адказ: «За кошт барацьбы з карупцыяй». Пытанне: «Браты-мусульмане» традыцыйна падтрымліваюць ідэю прадстаўлення крэдытаў суб’ектам малога бізнэсу, каб забяспечыць сябе палітычную падтрымку. А як зараз ідзе праца над развіццём праграмы мікракрэдытавання?» Адказ: «Калі мы будзем змагацца з карупцыяй, то ўсё астатняе стане на свае месцы». Барацьба з карупцыяй з’яўляецца лаканічным адказам міністрам на ўсе пытанні».

У выніку ўраду заставалася рабіць толькі адно: захаваць усё, як было пры мінулым рэжыме, які, дарэчы, праводзіў дастаткова антысацыяльную палітыку. Аднак Мубарак праводзіў яе ў іншых умовах. У час цяперашняй нестабільнасці іншаземцаў, жадаючых укладаць сродкі ў тутэйшую гаспадарку, практычна няма. Вынікам эканамічнага хаосу і працягам падзення сацыяльнай дапамогі стаў, па словах газеты «Guardian», «разрыў сацыяльнага кантракту «Братоў-мусульман» і насельніцтва».

Аднак праблема не ў тым, што ў Мухамеда Мурсі недастаткова палітычнай волі, каб праводзіць нейкі ясна выражаны курс. Некаторыя палітолагі спісваюць цяперашні правал на наступствы ідэйнага крызісу сярод «Братоў-мусульман» у 1990-я гады. Тады стаўка рабілася не на прапаганду ісламскага вучэння, а на ўдзел у выбарах. Прыход «Братоў-мусульман» у егіпецкі палітычны працэс суправаджаўся спробамі фундаментальнай рэвізіі старых догмаў.

Так, тэхнакратычная генерацыя, да якой належыць Мурсі, або, як іх называлі, «Тэхна-браты», прыдумала канцэпт «Грамадзянская дзяржава з ісламскай крыніцай улады» ў якасці альтэрнатывы традыцыйнай канцэпцыі «Братэрства — «hakimiyyah», якая патрабуе будаўніцтва шарыяцкай дзяржавы, як кажуць тут і цяпер.

Па сутнасці, гаворка ішла пра імпарт у Егіпет мадэлі турэцкага памяркоўнага ісламізму Эрдагана. Наватарам удалося заблакаваць галоўных апанентаў з фракцыі артадоксаў, аднак нізавы актыў па інерцыі лічыў, што рух «Братоў-мусульман» мае радыкальны характар.

Гэтая праграмная супярэчнасць паміж партыйнай элітай і грамадствам так і не была вырашаная. Яе вынікі Мухамед Мурсі пажаў сёння, калі, пасля бясконцага лавіравання паміж прагматызмам і радыкальнай рыторыкай, згубліў ініцыятыву і падтрымку выбаршчыкаў, дыскрэдытаваў ідэю.

Праўда, акрамя «Братоў-мусульман» у Егіпце сёння шмат іншых ісламісцкіх палітычных партый. Тыя ж салафісты, якія набіраюць па 25 працэнтаў і гавораць больш радыкальныя прамовы. Натуральна, яны паспрабуюць заняць нішу «Братоў-мусульман». Аднак фішка ў тым, што «Браты-мусульмане» — практычна першая ў гісторыі ісламская палітычная арганізацыя. Яны былі сапраўдным міфам, легендай у вачах усіх мусульман.

З крызісам легендарных «Братоў-мусульман» пачынаецца фрагменталізацыя (у тым ліку арганізацыйна і ідэалагічна) усяго ісламскага руху ў Егіпце.

Каментаваць