Еўра без гледачоў

Наколькі рэальныя перасцярогі некаторых кіраўнікоў UEFA наконт таго, што з-за пагрозы атак тэрарыстаў запланаваны на лета чэмпіянат Еўропы па футболу можа прайсці пры пустых трыбунах?



 Фота www.soccer.com


Праўда, нядопуск фанатаў на стадыёны Францыі, дзе з 10 чэрвеня па 10 ліпеня павінен прайсці чэмпіянат, — гэта яшчэ не самы змрочны для заўзятараў варыянт. Тымі ж чыноўнікамі UEFA агучана прапанова — увогуле адмяніць турнір да таго часу, пакуль узровень тэрарыстычнай пагрозы ў Еўрасаюзе крыху не знізіцца. Сама заява пра магчымыя змены ў фармаце Еўра–2016 (яе аўтар, дарэчы, не шараговы клерк, а дырэктар турніру Марцін Кален) прагучала 23 сакавіка, літаральна па гарачых слядах тэрактаў у Бельгіі. Выпадкова заява была агучана тады, калі да пачатку спаборніцтваў заставалася роўна сто дзён.

Нельга сказаць, што Кален не мае рацыі, выступаючы за турнір без гледачоў. Пра тое, што тэрарысты не пройдуць міма такога буйнага мерапрыемства, як Еўра–2016, ускосна сведчаць тыя ж лістападаўскія тэракты ў Парыжы. Адным з аб’ектаў атак тэрарыстаў стаў спартовы комплекс Stade de France, дзе праходзіў матч зборных Францыі і Германіі. А ўжо праз пару тыдняў з-за падазрэння пра магчымы выбух была скасаваная гульня Германіі і Нідэрландаў у Гановеры. Прываблівае на стадыёны экстрэмістаў і тое, што вядомыя заходнія палітыкі для падтрымкі рэйтынгу завялі моду наведваць нацыянальныя матчы зборных. 

Акрамя тэрарыстаў у апараце UEFA таксама кажуць пра магчымыя тэхнічныя і бытавыя складанасці, якія могуць узнікнуць у кантэксце апошніх падзей. Для тых, хто забыўся, — у Францыі з лістапада дзейнічае надзвычайнае становішча, якое наўрад ці цалкам скасуюць да лета. З-за татальнага кантролю звычайныя працэдурныя праверкі могуць расцягнуцца на цэлыя гадзіны. Як вынік — заўзятары могуць проста не паспець своечасова трапіць на стадыён. Напружаную атмасферу падчас праверак будуць таксама ўскладняць футбольныя фанаты, якіх хлебам не кармі — дай пабіцца з паліцыяй.

Найбольшы хаос ужо зараз чакаецца на фінальнай кубкавай стадыі, дзе супернікі ў гульнях вызначаюцца практычна ў апошні момант. Гэта значыць, што тыфозі масава і вельмі хутка будуць рухацца з гораду ў горад. Каб кантраляваць такое «перасяленне народаў», спатрэбіцца каласальная мабілізацыя сіл правапарадку.

І гэта яшчэ не ўсё. Дадатковы галаўны боль арганізатараў Еўра–2016 — так званыя фан-зоны. Гэта новая практыка масавага прагляду матчаў на вялікім экране ў адкрытым публічным месцы, якое, як правіла, знаходзіцца ў цэнтры буйных гарадоў. Спатрэбіцца знайсці механізм кантролю і ў тых зонах, якія збіраюць тысячы чалавек.

Нарэшце, існуе яшчэ адзін чыннік, што працуе на карысць правядзення турніру без гледачоў. Гэта кадравая свістапляска ў кіраўніцтве еўрапейскага і сусветнага футболу, выкліканая серыяй карупцыйных скандалаў. Яе вынікам стала адстаўка старых адміністратараў, якія, акрамя цягі да хабараў, таксама мелі каласальны арганізацыйны вопыт і карысталіся ў тым ліку палітычным аўтарытэтам. Вельмі спрэчна — ці здольныя іх пераемнікі, імёны якіх нічога не гавораць, браць на сябе адказнасць у патрэбны момант. Тое ж можна закінуць і французскім уладам. Кожны тэракт у краіне б’е па шансах прэзідэнта Франсуа Аланда пераабрацца ў наступным годзе. Магчыма, таму прапанову пра чэмпіянат без гледачоў асцярожна падтрымаў дырэктар французскага МУС Бернар Казнеў.

Адзінае, што дазваляе захоўваць заўзятарам надзею на нармальны чэмпіянат, гэта той факт, што пра пытанне дадатковых мераў бяспекі на Еўра–2016 узгадалі не зараз. Аказваецца, што адразу пасля тэрактаў у Парыжы на базе французскага МУС і UEFA была створаная экспертная група, якая занялася згаданай праблемай.

Канкрэтным вынікам яе працы сталі рэкамендацыі, разглядзеўшы якія арганізатары турніру вырашылі ўзняць бюджэт артыкулу «бяспека» на 15 працэнтаў. Зараз ён складае каля 34 мільёнаў еўра. За кошт дадатковых сродкаў было вырашана давесці агульную колькасць ахоўнікаў на стадыёнах да 10 тысяч чалавек. Запланавана, што падчас кожнага з 51 матча, які пройдзе ў рамках Еўра–2016, на трыбунах будзе знаходзіцца каля 900 асобаў у цывільным. Таксама для таго, каб трапіць на стадыён, давядзецца праходзіць падвоены кантроль.

Думаецца, аднак, што галоўным аргументам за традыцыйную (з гледачамі) формулу Еўра–2016 з’яўляецца пазіцыя заўзятараў. Калі меркаваць па інтэрнэт-форумах, для аматараў футболу паход на матчы Еўра–2016 — не толькі праява павагі да любімай каманды, аднак і грамадзянскі ўчынак, пратэст супраць паранойі, якую якраз і намагаюцца пасеяць тэрарысты ў Еўропе.

Як піша брытанскі «Guardian», спрэчку паміж прыхільнікамі чэмпіянату без гледачоў і апанентамі вырашаць таварыскія матчы зборных увесну. Калі нічога экстраардынарнага не адбудзецца, схему правядзення турніру мяняць не будуць. Пра тое, што ў UEFA яшчэ няма канчатковай пазіцыі, таксама сведчыць змест афіцыйнага прэс-рэлізу, які днямі разаслала Федэрацыя. У дакуменце ні слова пра тое, што чэмпіянат пройдзе без заўзятараў. Аўтары абстрактна пішуць пра тое, што «праблема бяспекі будзе знаходзіцца ў цэнтры арганізацыйных планаў падчас падрыхтоўкі Еўра–2016».

Каментаваць