Еўрамайдан даў Януковічу шанс на пераабранне

Еўрамайдан паступова трансфармуецца ў частку выбарчай кампаніі 2015 года. Пра яе магчымы фармат і будучыню самога Еўрамайдану Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Палянавым.



— Перш за ўсё, як вы разглядаеце феномен Еўрамайдану?

— Каб адказаць на гэта пытанне, трэба зразумець, хто такі Віктар Януковіч. Януковіч і яго атачэнне, хацелі б мы таго ці не, найбольш адэкватна адстойваюць інтарэсы ўкраінскай алігархічнай буржуазіі. Ужо ў сілу сваёй класавай прыроды ім не характэрна нешта рабіць за проста так, а тым больш аддаваць суверэнітэт. Акрамя таго, Украіна па еўрапейскіх мерках — вялікая дзяржава, і нашы алігархі мелі і маюць свае геапалітычныя амбіцыі. Можна ўзгадаць пра тое, што Украіна ў свой час удзельнічала ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане, карабахскім канфлікце, дасылала войскі ў Гвінею, пастаўляла зброю ў Македонію падчас паўстання албанцаў. Калі падсумаваць усё сказанае, трэба адзначыць: Януковіч прадстаўляе ідэйную плынь, якая сфармавалася пры Кучму, асноўная задача якой — балансаваць паміж Масквой і Брусэлем, падключаючы час ад часу да шантажу Кітай. Менавіта сыходзячы з гэтай формулы і дзейнічае Януковіч. Сам Еўрамайдан таксама ёсць прадуктам такой палітыкі.

— Вы паўтараеце папулярны ва ўкраінскіх СМІ тэзіс пра тое, што за арганізацыяй Еўрамайдану стаялі блізкія да Януковіча алігархі?

— Відавочна. Гэта лепш за ўсё было бачна па падачы навінаў на каналах, якія належалі атачэнню прэзідэнта. Сам Еўрамайдан, які стартаваў за тыдзень да Вільнюса, быў патрэбны Януковічу для раскруткі Еўропы на крэдыты. Еўропа, назіраючы за праеўрапейскімі акцыямі ўкраінцаў, павінна была ахвотней выдаваць займы. Адначасова Еўрамайданам пужалі Маскву, дзе носяцца з ідэяй адраджэння СССР. У выніку першымі здалі нервы ў Пуціна, які выдаў Кіеву 15 мільярдаў.

— Аднак Еўрамайдан стаіць дасюль? Чаму яго не разганяюць?

— А нашто? Вертыкалі ён не пагражае. Акрамя таго, пачынаецца гульня, звязаная з выбарамі прэзідэнта ў 2015 годзе. Дзякуючы Майдану прэзідэнцкая адміністрацыя інструменталізавала апазіцыю. За кошт правакацый, накшталт імітацый штурму Майдану (штурмам назваць гэта нельга, з улікам таго, што напярэдадні нават не выключылі святло і мабільную сувязь), улада падтрымлівае ваяўнічы тонус сярод шараговых апазіцыянераў. У выніку апазіцыя цалкам завязла ў гэтым праекце і вымушана ўкладаць у Еўрамайдан усе свае фінансавыя рэсурсы. У адваротным выпадку гэта будзе разглядацца як маральная здрада. Да актыўнай фазы прэзідэнцкай кампаніі яшчэ год, і за гэты час спонсары могуць проста знікнуць. У такім разе, апазіцыянерам прыйдзецца ісці да таго ж Фірташа і пагаджацца на яго ўмовы.

— А «Захад нам не дапаможа»?

— Спрэчнае пытанне. Адзіная заходняя краіна, якая сапраўды мае адэкватны рэсурс і патэнцыйна здольная інвеставаць ва ўкраінскую апазіцыю, — Германія. Гэта можна пабачыць па тым, як заўзята нямецкая прэса падтрымлівае Еўрамайдан. Аднак на такі выпадак ва ўладзе існуе моцная контр-зброя. Яе назва — Юлія Цімашэнка. Цалкам верагодна, што Цімашэнка выпусцяць з турмы напярэдадні выбараў, што цалкам змяшае карты апазіцыі. Ведаючы характар Юліі, можна не сумнявацца, што яна пойдзе ў кандыдаты. Акрамя таго, у яе ёсць зуб на лідараў Майдану, якія ў сваім ультыматуму на адрас прэзідэнта не згадалі пра неабходнасць яе вызвалення.

— Ці можа Майдан прапанаваць свайго кандыдата? Прынамсі пра гэта кажуць прадстаўнікі так званай грамадскай рады Майдану.

— Грамадская рада Майдану — гэта варыяцыя паміж палітыканствам і дзейнасцю няўрадавых арганізацый у рамках адпрацоўкі грантаў. Галоўнае пытанне — грошы. Адкуль у гэтых людзей будуць грошы на ўтрыманне інфраструктуры Майдану. Там толькі арэнда сцэны і экрану каштуе столькі, колькі мы за ўсё жыццё не заробім. Бюджэту сярэдняй няўрадавай арганізацыі хапае на ўтрыманне двух функцыянераў (як правіла, гэта муж і жонка). Акрамя таго, большасць так званай грамадскасці Майдану — гэта прадстаўнікі з Заходняй Украіны і дэкласаваныя элементы, якія матэрыяльна залежаць ад лідараў апазіцыі. Таму, калі справа, напрыклад, дойдзе да таго, каб высветліць праз свабоднае галасаванне волю Майдану, ніякіх шансаў у Грамадскай рады не будзе.

— Калі меркаваць па кіеўскіх інтэрнэт-форумах, кіяўляне вельмі не задаволеныя Еўрамайданам.

— Сапраўды, стаўленне да Еўрамайдану з боку сталічнага абывацеля робіцца ўсё горшым і горшым. Усё пачалася з разбурэння помніка Леніну, што шмат хто зразумеў як замах на правы мясцовай грамады. З-за сутычак апазіцыі і «Беркута» кіеўскія бізнэсоўцы таксама адчулі пагрозу сваёй асабістай бяспецы. Аднак не ўсе сядзяць на інтэрнэт-форумах. Ёсць вялікая кагорта кіеўскіх пенсіянераў, якая ўжо ўзялі ў звычку раз на дзень ездзіць на Майдан на бясплатны абед. Я размаўляў з адной такой пенсіянеркай. Яна шкадуе, што Партыя рэгіёнаў так хутка зачыніла Антымайдан: тады для яе была б магчымасць сталавацца два разы на дзень. Увогуле, гэта вялікая трагедыя — у краіне існуе вялізарная армія маргіналаў, якія гатовыя быць марыянеткамі палітыкаў, не маючы ніякага інтарэсу да іх праграм.

— Якім вы бачыце сцэнар выбараў 2015 года? Ці ёсць у Януковіча шанс?

— Еўрамайдан даў Януковічу шанс на пераабранне. Справа ў тым, што рэсурсы, якія інвестуюцца ў Еўрамайдан, ідуць на мабілізацыю выключна правага выбаршчыка. Людзей, якія пры любым раскладзе прагаласавалі б супраць Януковіча. Не дарма на Майдане пануе любімая правымі нацыяналістычная эстэтыка, тэма казакоў, спадчыны АУН-УПА і г.д. Аднак да такой агітацыйнай прадукцыі абсалютна абыякавая большасць жыхароў рускамоўных рэгіёнаў. Хутчэй за ўсё, яна яе пужае і прымушае кансалідавацца вакол Януковіча. Нават у цэнтры Украіны ў апазіцыі праблемы, пра што добра сведчыць значна больш сціплы характар яе падтрымкі ў параўнанні з 2004 годам. Гэтыя фактары дазволяць прайсці Януковічу ў другі тур. А пасля ён пачне гуляць на раскол апазіцыі, як гэта было ў 2010 годзе, калі дзякуючы Юшчанку адабраў у Цімашэнка частку дэмэлектарату. Прастор для дзеянняў і манеўру ёсць, паколькі апазіцыя не маналітная.

— Што ўвогуле будзе з еўрапейскім вектарам Украіны пасля пуцінскага крэдыту?

— Еўраінтэграцыя, паверце, нікуды не дзенецца. Як я казаў, геапалітычны баланс — гэта свядомы выбар нашай буржуазіі, і без еўрапейскай тэматыкі ён існаваць не можа. Пачынаючы з часоў позняга Кучмы, уся афіцыйная прапаганда працуе на лозунг, што наш гістарычны выбар — Еўропа. Што, натуральна, не замінае супрацоўнічаць з Расіяй. Сама ідэя Еўропы вельмі зручная алігархам. Па сутнасці, Еўропа выглядае як капіталізм, толькі больш справядлівы, чым ва Украіне. Іншымі словамі, пад еўраінтэграцыяй разумецца паляпшэнне існуючай сістэмы, а не яе сістэмная перазагрузка ў выглядзе, напрыклад, перагляду вынікаў алігархічнай прыватызацыі.

— Ці ёсць нешта пазітыўнае ў апошніх падзеях ва Украіне?

— Думаю, ёсць. Народ перастаў проста так успрымаць папулісцкія лозунгі лідараў. Відавочна, у людзей ужо накапіўся нейкі палітычны вопыт, і яны спрабуюць мець сваю думку наконт таго, што адбываецца ў палітыцы. Мяркую, гэта вельмі важная і пазітыўная для ўкраінскага грамадства з’ява.

Каментаваць