Юбілей аднаго ўльтыматуму

Ультыматум 17 сакавіка 1938 года — адзін з самых незвычайных дакументаў у гісторыі міжнародных адносінаў. Польшча не патрабавала ад суседзяў нейкіх земляў або палітычных дэкларацый. Адзінае, чаго хацела Варшава ад Каўнаса, — распачаць нармальныя дыпламатычныя стасункі.

Вільня. Лукішкі. Святочны парад пасля ўціхамірвання Літвы, 1938 год. Фота www.szhaman.livejournal.com

Cлавутаму польскаму ўльтыматуму на адрас Літвы — 80 гадоў. Гэта яскравая старонка ў гісторыі так званага «віленскага пытання». Ультыматум 17 сакавіка 1938 года — адзін з самых незвычайных дакументаў у гісторыі міжнародных адносінаў. Польшча не патрабавала ад суседзяў нейкіх земляў або палітычных дэкларацый. Адзінае, чаго хацела Варшава ад Каўнаса, — распачаць нармальныя дыпламатычныя стасункі. Але кантактаваць з Варшавай літоўцы ўпарта адмаўляліся праз праблему Вільні, якую ў 1920 годзе Пілсудскі ўключыў у склад Польшчы насуперак міжнародным дамовам.

У выніку паўстаў сапраўдны казус. Паміж дзяржавамі на працягу 500 кіламетраў не існавала нармальнай мяжы. Дзе пачынаецца Літва, а дзе Польшча, вызначалі, як кажуць, на вока.

Каб падкрэсліць катэгарычнасць сваёй пазіцыі, літоўскі бок разбурыў усе камунікацыі з Польшчай — у тым ліку чыгунку. Не працавала і паштовая сувязь: каб ліст з Каўнаса трапіў у Варшаву, даводзілася дасылаць яго праз Вену або Рыгу. У літоўскай палітычнай дыскусіі ідэя кампрамісу з часам стала табу. Пакутавалі ад узаемнай ізаляцыі перш за ўсё нацменшасці. Каб ціснуць на суперніка, Варшава час ад часу пераследавала польскіх літоўцаў, а Каўнас — мясцовых палякаў.

Развязка амаль 20-гадовага канфлікту адбылася нечакана. 80 гадоў таму, 11 сакавіка 1938-га, на мяжы невядомыя абстралялі патруль КАП (Корпуса аховы памежжа — польскай памежнай службы). Адзін з жаўнераў загінуў. У прынцыпе, такіх інцыдэнтаў хапала заўжды. Памежнікі, як звычайна ў такіх сітуацыях, пачалі фармальныя кансультацыі, не ведаючы, што справу ўжо ўзяў пад кантроль польскае МЗС.

14 сакавіка быў выдадзены «камунікат» польскага ўраду, які ўтрымліваў беспрэцэдэнтна жорсткія фармулёўкі. Адказ­насць за смерць памежніка ўскладалася на ўлады Літвы (раней у такіх выпадках пісалі пра нейкіх абстрактных агентаў). Быў незвычайным для лексікі дыпламатаў і фінал тэксту, паводле якога польскі ўрад пакідаў за сабой права дзейнічаць, сыходзячы з далейшага развіцця сітуацыі.

Наўрад ці Варшава перайшла да такой рыторыкі без адпаведнага міжнароднага антуражу. Пазіцыя Літвы шмат у чым залежала ад настрояў у Берліне, які на той час сябраваў з Польшчай. У тым жа сакавіку Гітлер арганізаваў аншлюс Аўстрыі. Лічылася, што ў якасці падзякі Германія павінна была заплюшчыць вочы на польскую акцыю ў літоўскім накірунку. Увогуле, частка нямецкай эліты вітала літоўскія аспірацыі, спадзеючыся абмяняць Клайпеду на так званы «польскі калідор» — тэрыторыю міжваеннай Польшчы, якая аддзяляла германскі анклаў Усходняя Прусія ад асноўнай тэрыторыі Германіі. Што тычыцца СССР, то ён быў не гатовы прыйсці на дапамогу літоўцам. Парыж і Лондан таксама схіляліся да таго, што Каўнасу і Варшаве трэба шукаць дыялог.

Так ці інакш, польская прэса ахвотна падтрымала тэзісы «камунікату». «Бандыцкі напад літоўкай паліцыі на патруль КАП», «Польскі жаўнер стаў ахвярай літоўскай засады», «Літоўцы ўварваліся на землі Польшчы» — вось некаторыя загалоўкі цэнтральных польскіх СМІ ад 14 сакавіка. Не дзіўна, што грамадская атмасфера вельмі хутка напалілася аж да таго, што газеты пісалі пра неабходнасць акупацыі Літвы. 13 сакавіка 1938 года фармаванні польскіх легіянераў арганізавалі вялікую дэманстрацыю каля польска-літоўскай адміністрацыйнай лініі. Па ўсёй краіне адбываліся маніфестацыі, удзельнікі якіх заклікалі ўладу загадаць ісці на Каўнас.

Дарэчы, спікеры апазіцыі (як правай, так і левай) крытыкавалі «камунікат», кажучы пра штучны характар істэрыкі, якая, маўляў, патрэбная, каб адцягнуць увагу ад больш важных праблемаў.

Што тычыцца літоўскага боку, то там такой рэакцыі на інцыдэнт 11 сакавіка яўна не чакалі. Каб не выклікаць панікі, у прэс-службе ўраду нават паспрабавалі ігнараваць навіны з краіны-суседкі. Аднак схаваць праўду не атрымалася, і хутка ўсю краіну ахапілі чуткі пра магчымую вайну. Але да баталій справа не дайшла. 17 сакавіка пабачыў свет той самы славуты ўльтыматум Польшчы, у якім яна патрабавала ўсталявання дыпламатычных адносін з Варшавай на працягу 48 гадзін. Нельга прайсці міма аднаго пункта патрабаванняў ультыматуму: з літоўскай Канстытуцыі павінен быць выкраслены артыкул, у якім Вільня названая «сталіцай Літоўскай Рэспублікі».

Дарэчы, для польскіх радыкалаў і гэтага было мала. Апошнія патрабавалі, каб у Каўнасе паўстаў прапольскі ўрад, быў заключаны новы варыянт Люблінскай уніі, а ў Клайпедзе з’явілася польская вайсковая база. Гучала ідэя надаць усім польскім літоўцам статус юрыдычнай аўтаноміі. Так ці інакш, у Каўнаса не было іншага выйсця, як пагадзіцца на перамовы, якія пачаліся ў Таліне.

Аднак заставалася яшчэ адна важная рэч. Падпісанне дамовы з Польшчай павінна было азначаць, што Літва так ці інакш адмаўляецца ад прэтэнзій наконт Вільні. Натуральна, для літоўскіх нацыяналістаў гэта быў сапраўдны шок. Не дзіва, што Літву ахапілі масавыя антыўрадавыя маніфестацыі. Пачаўся ўрадавы крызіс. Найбольш радыкальныя фракцыі ў выглядзе Саюзу стральцоў нават абавязаліся ўзяць на сябе функцыю абаронцаў краю, калі ўрад пойдзе на саступкі палякам.

Але працягу гэтыя ваяўнічыя заявы не мелі. Літоўскі Сейм падчас пасяджэння, якое цягнулася ўсяго сем хвілінаў, пага­дзіўся на патрабаванні Варшавы (хаця мяняць Канстытуцыю ўсё ж адмовіўся). Як прызнавалі суайчыннікі, ніякай іншай альтэрнатывы, акрамя нармалізацыі адносінаў з Польшчай, не было. Што тычыцца польскай грамадскасці, то яна вітала літоўска-польскае паразуменне, кажучы пра адраджэнне духу Грунвальда. Адначасова святкавалася гістарычная перамога: больш ніхто не аспрэчваў, што Вільня — частка Польшчы. Аднак, як давялі наступныя падзеі, гэта была ілюзія.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Dux
  • 2018-03-17 22:55:03
Маршалак сканаў у 1935 року.
Няўжо Пілсудзкаму ў 1938 усё шчэ было нешта трэба?
  • Рэдакцыя
  • 2018-03-17 23:57:10
:) Маеце рацыю ). Лішняе слова прыбралі. Дзякуй за пільнасць. Аўтару зробім вымову.

Каментаваць