Кітайцы хочуць пазбавіцца ад долараў

Навіна пра тое, што беларускія ўлады кансультуюцца ў кітайцаў наконт сцэнару фінансавай стабілізацыі, выклікала шок у грамадстве — як вядома, у КНР фізічныя асобы не могуць набываць валюту.

Кітайскі юань нарадзіўся на свет у 1889 годзе і быў прывязаны не да долара ЗША (кітайцы называюць яго «мэй дзін» — амерыканскае золата), а да мексіканскага песа. Песа лічыўся самай стабільнай валютай ва ўсёй Паўднёвай Азіі, паколькі Мексіка мела багатыя срэбраныя руднікі. З таго часу кітайскія грошы перажылі цікавую гісторыю.



Навіна пра тое, што беларускія ўлады кансультуюцца ў кітайцаў наконт сцэнару фінансавай стабілізацыі, выклікала шок у грамадстве — як вядома, у КНР фізічныя асобы не могуць набываць валюту.

Кітайскі юань нарадзіўся на свет у 1889 годзе і быў прывязаны не да долара ЗША (кітайцы называюць яго «мэй дзін» — амерыканскае золата), а да мексіканскага песа. Песа лічыўся самай стабільнай валютай ва ўсёй Паўднёвай Азіі, паколькі Мексіка мела багатыя срэбраныя руднікі. З таго часу кітайскія грошы перажылі цікавую гісторыю.

Пасля антыманьчжурскай рэвалюцыі на змену імперскім юаням прыйшла новая валюта — кітайскі долар, таксама заснаваная на срэбным стандарце. Рост сусветных коштаў на срэбра прывёў да адтоку каштоўнага металу з Кітая і падрыву валютнага рынку. У 1920–1930-я гады шматлікія прыватныя банкі і муніцыпалітэты пачалі друкаваць свае боны як замену долару.

У 1935 годзе ўладам давялося распачаць грашовую рэформу і ўвесці папяровыя грошы фабі. Новую грашовую адзінку чакала гіперінфляцыя, выкліканая пачаткам інтэрвенцыі японцаў.

Калі пасля вайны ў 1948 годзе Гаміньдан пачаў новую рэформу і прывязаў валюту да золата, за новы юань давалі 300 мільёнаў старых грошаў.

Аднак залаты юань доўга не пратрымаўся. І ўжо праз год з’явіўся новы «сярэбраны юань», які можна было абмяняць на сто тысяч залатых. Даводзіць рэформу да фіналу прыйшлося камуністам, якія ў тым жа годзе захапілі ўладу ў краіне. Створаны імі Народны банк Кітаю выпусціў свой юань. Банк скупляў залатыя юані па тым жа курсе, што і банкі Гаміньдану.

Аднак стабільнасці на грашовым рынку КНР не было. За паўстагоддзя існавання «чырвонага» Кітаю ў краіне мела месца пяць грашовых рэформаў. Апошняя — у 1994 годзе. Перш за ўсё яна скасавала дзве разнавіднасці юаняў: «народныя» і «валютныя» (прызначаныя галоўным чынам для замежнікаў).

Зараз у краіне адна валюта — юань (RMB). Пасля праведзенай у 1994-м дэвальвацыі юаня яго афіцыйны курс у адносінах да долара ЗША закансерваваўся. Аднак гэта не значыць, што цяперашні курс юаня справядлівы. Кітайская банкаўская сістэма цалкам дзяржаўная, і курсы тут устанаўліваюцца штучна. Кітайскі знешні гандаль рэгулюецца такім чынам, каб асноўная маса валюты, атрыманай ад экспарту, збіралася ў руках дзяржавы і выдавалася імпарцёрам на набыццё тавараў, якія вызначае дзяржава.

У самім Кітаі аперацыі з валютай рэгулююцца Дзяржаўнай адміністрацыяй валютнага кантролю. Да 1996 года любая такая аперацыя была магчымая толькі з ухвалы гэтага органа. З 1996 года існуе свабодная канвертацыя юаня ў замежныя валюты для правядзення бягучых плацяжоў. Прадпрыемствы з замежным капіталам могуць мець валютныя рахункі, аднак сума на такіх рахунках не павінна перавышаць усталяваных межаў. Залішнія валютныя сродкі павінны быць прададзены ўпаўнаважаным органам. Тое ж самае тычыцца кітайскіх прадпрыемстваў-экспарцёраў. Яны павінны прадаваць дзяржаве 85% сваёй валютнай выручкі.

Усё гэта тычыцца юрыдычных асобаў. Што да фізічных, то ім, як вядома, набываць валюту забаронена. Забарона выклікала стварэнне чорнага рынку наяўнай валюты. У Кітаі валютчыкі працуюць каля вялікіх гатэляў. У маленькіх гарадах, дзе небяспека трапіць на паліцэйскага большая, валютныя трансакцыі ідуць праз пасярэднікаў. Гэта адміністратары гатэляў і інтэрнэт-кавярняў, афіцыянты, таксісты. Яны могуць падказаць інтурысту, дзе можна выгадна здаць свае грошы.

Наколькі гэта небяспечна? Сайт Vip.by пужае турыстаў не толькі прававымі наступствамі, аднак і фізічнай экзекуцыяй за такія аперацыі. «Дзейнічае ў Кітаі і паралельны «чорны» рынак, дзе долар, натуральна, значна даражэй. Але звычайнаму турысту там рабіць няма чаго. Калі ён і не стане ахвярай кітайскіх валютчыкаў, то напэўна патрапіць на вочы паліцэйскаму. Калі амерыканцу ці немцу за дробнае парушэнне будзе зробленая толькі заўвага, рускага «па старым сяброўстве» паліцэйскі абавязкова аштрафуе, а то і паб’е», — піша сайт.

Заходнія турысты, наадварот, пішуць, што чорнаму рынку можна цалкам давяраць. «Лепшы сродак хутка абмяняць валюту на мясцовыя грошы — пайсці на чорны рынак. Дзе вам дадуць за іх на 5–15 працэнтаў больш, чым у дзяржаўных банках. Большасць турыстычных гідаў раяць трымацца далей ад валютчыкаў, паколькі ёсць рызыка быць падманутым, аднак такое бывае рэдка. За 4 месяцы знаходжання ў Кітаі я ніколі не сустракаў валютчыкаў, якія мелі намер падсунуць фальшывыя банкноты або аблічыць мяне. Галоўнае — пераканацца, што табе даюць сапраўдную валюту. Для гэтага дастаткова паглядзець на вадзяны знак» (China travel).

Актыўна цікавяцца доларамі і тутэйшыя. Прычына простая — банкаўскія дэпазіты ў валюце больш выгадныя. Гэта свядомая палітыка дзяржавы, якой патрэбная валюта. Інфляцыя ў Кітаі невялікая (5 працэнтаў штогод), аднак усё ж мае месца. У дадатак у краіне практычна няма крэдытнай палітыкі для малога бізнэсу, які ў тым ліку гандлюе з замежжам. Як следства, узніклі нефармальныя крэдытныя ўстановы, якім таксама зручней праводзіць аперацыі ў доларах. Нарэшце, шмат маладых кітайцаў вучацца за мяжой. Ім таксама патрэбна валюта.

Але ў Кітая ёсць адмысловыя прычыны турбавацца пра тое, што друкаванне грошай у ЗША ў адказ на фінансавы крызіс здольнае падарваць кошт кітайскіх доларавых рэзерваў (Кітай — другая краіна ў свеце па запасах долараў). У самой краіны патэнцыйныя страты, з якімі можа сутыкнуцца Кітай у выніку яго крэдытавання амерыканцамі, выклікаюць трывогу. Урад жадаў бы дыверсіфікаваць свае доларавыя запасы. Але любая яго спроба скінуць долары рызыкуе выклікаць рэзкі абвал валюты. Таму фінансісты абдумваюць два спосабы выйсця з «доларавай пасткі»: пераканаць свет прыняць новую сусветную валюту або садзейнічаць міжнароднаму выкарыстанню юаня.

Але сапраўдная праблема Кітая — гэта штучнасць курсу юаня, які вельмі заніжаны. Калі Кітай сапраўды жадае паменшыць сваю залежнасць ад долараў ЗША, ён павінен дазволіць свабодныя біржавыя гандлёвыя сесіі. Гэта прывядзе на першым этапе да страты яго сапраўдных рэзерваў. Такім чынам, пакуль Кітай захоўвае сваю бягучую палітыку валютнага абменнага курсу, ён, як не дзіўна, дапамагае долару заставацца галоўнай валютай свету, ускосна падтрымліваючы доларавы ажыятаж у Беларусі.

 

Каментаваць