Кадафі разгаварыўся

Адзін з самых вялікіх арыгіналаў ад палітыкі правадыр лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі рэдка дае інтэрв’ю. Але на мінулым тыдні ён падзяліўся з журналістам нямецкага часопіса «Spiegel» сваімі думкамі наконт асноўных праблем сучаснасці. Вось галоўныя тэзісы ягонай прамовы.

Чаму Швейцарыя павінна быць ліквідаваная



Адзін з самых вялікіх арыгіналаў ад палітыкі правадыр лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі рэдка дае інтэрв’ю. Але на мінулым тыдні ён падзяліўся з журналістам нямецкага часопіса «Spiegel» сваімі думкамі наконт асноўных праблем сучаснасці. Вось галоўныя тэзісы ягонай прамовы.

Чаму Швейцарыя павінна быць ліквідаваная

— Швейцарыя — гэта адна вялікая мафія. Спачатку яны былі добрым народам. Мы ўсе цэнім швейцарскія гадзіннікі. Аднак пасля Швейцарыя пачала рабіць нам праблемы. Згадаем хаця б гісторыю з забаронай мінарэтаў або публікацыю карыкатур з выявай прарока. Даўно надышоў час пакласці ўсяму гэтаму канец. …Швейцарыя стаіць па той бок чалавечай супольнасці. Не падпарадкоўваецца ніводнаму правілу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Толькі ў 2004 годзе Швейцарыя ўступіла ў ААН, аднак да гэтага яе там не было. Не падпарадкоўваецца ніводнаму правілу Еўрапейскага саюза. Яны хочуць стаяць над міжнародным правам. Менавіта таму гэта нацыя ператварылася ў мафію.


Як швейцарцы рабуюць укладчыкаў банкаў

— У Швейцарыю едуць усе, хто абрабаваў банк, каб пакласці там грошы на сакрэтны рахунак. Пасля шмат уладальнікаў такіх рахункаў пры таямнічых умовах забіваюць. Гэта праца Швейцарыі. Пра гэта сведчаць вынікі следства. Пры гэтым усё падаецца як суіцыд. Швейцарцы кажуць, што нябожчык добраахвотна пайшоў з жыцця. Аднак на самой справе яго забілі з-за грошай. Такім спосабам ужо забіта каля 7 тысяч чалавек. Таму ж і заклікаю да ліквідацыі гэтай дзяржавы. Франкамоўная частка павінна адыйсці да Францыі, нямецкамоўная — да Германіі, італьянскамоўная — да Італіі. Дарэчы, намеснік Бен Ладэна  жыве зараз у Швейцарыі. Швейцарыя фінансуе тэрарызм.


Пра арышт сына Ганібала ў Швейцарыі

(Ганібал Кадафі быў арыштаваны за тое, што разам з жонкай збіў двух парт’е ў гатэлю).


— Нічога падобнага ўвогуле не было. У першы раз чую пра тое, што Ганібал кагосьці біў. Швейцарцы, натуральна, радуюцца гэтаму інцыдэнту. Гэта банда, якая ўвогуле не карыстаецца прававой сістэмай. Пра гэта сведчыць тое, як яны паводзілі сябе з Ганібалам. Паліцэйскія паводзілі сябе быццам злачынцы. Выламалі дзверы, надзелі на сына кайданкі, жонку адвезлі ў шпіталь, а дачку, якая мае ўсяго два гады, пакінулі адну ў гатэлі. Пасля пасадзілі Ганібала на халодны асфальт. Менавіта так паводзіць сябе Аль Каіда. Гэта быў акт тэрарызму.


Пра тое, што нашчадкам будзе сын Саіф Іслам

— Я не кароль. Не патрэбны мяне нашчадак на троне. У Лівіі кіруе народ. Саіф у стане і ва ўзросту, калі можа сам паклапаціцца пра сябе. Ён мае адукацыю, ведае мовы.


Пра еўрапейскіх палітыкаў

— Маім самым блізкім сябрам у Еўропе ёсць Сільвіа Берлусконі. Ангела Меркель — гэта хутчэй мужчына, чым жанчына. Хаця я з ёй ніколі асабіста не размаўляў.


Як пакласці канец нелегальнай эміграцыі

— Еўрапейскі саюз павінен плаціць Лівіі штогод 5 мільярдаў еўра на барацьбу з эмігрантамі. Мы распрацавалі добры план рашэння гэтай праблемы. Пачнём будаваць і развіваць у афрыканскіх краях, адкуль бягуць людзі, праекты і даваць людзям працу. Тое самае зробім для тых эмігрантаў, якія знаходзяцца ў Лівіі. Будуць мець дзе жыць і адмовяцца ад ідэі ехаць у Еўропу. Акрамя таго, можна будзе ўзмацніць наземную мяжу з дапамогай радараў і спецыяльных цягнікоў.


Пра справу балгарскіх урачоў

(Балгарскіх урачоў 8 гадоў па выніках сфальсіфікаванага следства і прадузятага суда трымалі за кратамі па абвінавачанню ў заражэнні лівійскіх дзяцей вірусам СНІД).


— Следства паказала, што існаваў ліст з прозвішчамі лівійскіх дзяцей, якіх планавалася забіць.


Пра Барака Абаму

— Калі кажам пра паразу ўсходняй палітыкі Абамы, ён тут не пры чым. Абама — гэта вынік шматлікіх амерыканскіх крызісаў. Абама не зрабіў ніякай памылкі. Наадварот, заслугоўвае лепшых ацэнак за сваю рэформу сістэмы здароўя і абяцанне вывесці войскі з Ірака і Афганістана, за ідэю скарачэння ядзерных арсеналаў».


Пра Іран і яго прэзідэнта

— Махмуд Ахмадзінеджад мае моцную волю, ён рэвалюцыянер, аднак пры гэтым не агрэсіўны чалавек. Ён паважае закон і права. Калі Абама хоча пакончыць з атамнай праграмай Ірану, трэба спачатку ўзяць пад кантроль Ізраіль, ліквідаваць ягоную зброю масавага знішчэння і тады ягоная палітыка будзе мець поспех ва ўсім рэгіёне, у тым ліку ў Іране. Не думаю, што Іран хоча знішчыць Ізраіль. Мяркую, ён папросту думае пра больш дэмакратычную дзяржаву на месцы цяперашняга Ізраілю, на палесцінскай зямлі. Ніхто не прапануе выкінуць яўрэяў у мора.


Адкуль ён бярэ інфармацыю?

— Большасць інфармацыі я бяру з інтэрнэту. Кожную раніцу доўга сяджу перад кампутарам.

Каментаваць