Калі б рускія ўзялі Тбілісі

Як вядома, 16 жніўня быў падпісаны план мірнага ўрэгулявання грузіна-расійскай вайны ў жніўні 2008 года. З гэтай нагоды ў прэсе з’явілася шмат альтэрнатыўных сцэнараў развіцця канфлікту васьмігадовай даўніны.

Фота www.dic.academic.ru


Тое, што гісторыя не мае ўмоўнага ладу — старая дапатопная ісціна. Аднак, напэўна, наша псіхіка збудаваная такім чынам, што асабліва важныя падзеі мінулага так і хочацца пракруціць праз прызму альтэрнатыўных версій. Не стала выключэннем і так званая «пяцідзённая» грузіна-расійская вайна, якая пачалася ў жніўні 2008 года. Нягледзячы на някруглую дату, пра тагачасныя падзеі на Каўказе сёння пішуць вельмі шмат, і, натуральна прапаноўваюць магчымыя версіі таго, як выглядала б зараз Грузія, рэгіён і ўвесь свет, калі б нешта восем гадоў таму пайшло інакш.

Актыўныя баявыя дзеянні пачаліся ў ноч на 8 жніўня, калі Грузія падвергла масіраванаму артабстрэлу Цхінвалі. Днём у рэгіён былі ўведзеныя значныя расійскія сілы, якія выціснулі грузінскія войскі аж пад самы Тбілісі. 16 жніўня быў падпісаны план мірнага ўрэгулявання канфлікту, які, па сутнасці, перайшоў у дыпламатычную фазу. 26 жніўня Расія афіцыйна прызнала Паўднёвую Асецію і Абхазію ў якасці незалежных дзяржаў. 2 верасня Грузія разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй. Правал у вайне спрыяў расчараванню ўладай Саакашвілі, які праз пяць гадоў аказаўся ў палітычнай эміграцыі.

Ці магчыма было перайграць гэтую гісторыю? Найбольш часта задаюцца пытаннем, што было б, калі б Саакашвілі не ініцыяваў у жніўні 2008-га аднаўленне тэрытарыяльнага адзінства Грузіі. На думку шмат каго, гэта мала б што змяніла. У лепшым выпадку, проста адцягнула б канфлікт па часе. Напрыклад, вядомы эксперт Уладзімір Іларыёнаў адзначае, што паранармальная па памерах канцэнтрацыя расійскай зброі і тэхнікі фактычна праклала шлях да будучай буйнамаштабнай ваеннай акцыі.

«Напярэдадні жнівеньскай вайны Паўднёвая Асеція магла пахваліцца самай вялікай колькасцю танкаў на душу насельніцтва ў параўнанні з любой дзяржавай на планеце: 1758 танкаў і лёгкіх танкаў на тысячу чалавек, што вышэй, чым у такіх мілітарызаванай краінах, як Ізраіль (531) і Паўночная Карэя (177)», — піша эксперт. Вайна была, такім чынам, не імправізаванай рэакцыяй на грузінскую вайсковую атаку. Інтэрвенцыя была непазбежнай, незалежна ад таго, што зрабілі б грузіны».

Аднак і без правакацый з боку Масквы ў Тбілісі хапала ястрабаў. У 2013 годзе пасля адстаўкі Саакашвілі пры ўрадзе Грузіі пачала працаваць спецыяльная камісія, якая вывучала абставіны «вайны 8.8.8». Камісія заключыла, што маштабнага сутыкнення можна было б пазбегнуць, калі б кіраўнік Грузіі мэтанакіравана, прыкладна з 2006 года, не запусціў план падрыхтоўкі краіны да вайны, які ўключаў рост памежных правакацый.

Нават калі б спробы наступу не было восем гадоў таму, то ў 2014-м на фоне абвастрэння канфлікту ва Украіне, Саакашвілі абавязкова б даў загад атакаваць Цхінвалі. Так лічыць кіраўнік грузінскага ўрада Іраклій Гарыбашвілі. «Адзінае, што я магу сказаць з адказнасцю: будзь сёння тут Міхаіл Саакашвілі, я запэўніваю вас на 101%, што сёння ў нашай краіне быў бы жах, былі б вайна і жудасныя беспарадкі, становішча было б горш, чым сёння ва Украіне», — працытавала два гады таму словы прэм’ера адно з грузінскіх агенцтваў.

Калі б Грузія і Расія крыху скарацілі свае геапалітычныя апетыты ў Закаўказзі, хутчэй за ўсё, у Паўднёвай Асеціі захаваўся б статус-кво. Напэўна, сутычак з выкарыстаннем артылерыі і самалётаў не фіксавалася б, аднак напружанасць у краі прысутнічала, у тым ліку таму, што ўжо з 2002-га хадзілі спекуляцыі пра хуткі аншлюс краю з боку Масквы.

Цікава каментуюць сёння тую вайну ў Кіеве. 8 жніўня ўкраінскі МЗС у афіцыйнай заяве паспрабаваў прагназаваць, што было б у выпадку, калі б Захад актыўна ўмяшаўся ў супрацьстаянне на грузінскім баку. Дыпламаты мяркуюць, што ў такім выпадку Крым застаўся б украінскім. «Не атрымаўшы дастаткова жорсткай і адназначнай рэакцыі міжнароднай супольнасці на агрэсію супраць Грузіі, Расія абрала наступнай мішэнню Украіну», — заявілі ва ўкраінскім МЗС.

Аднак той жа Саакашвілі распавядаў, што амерыканцы вельмі аператыўна рэагавалі на рух расійскай танкавай калоны да грузінскай сталіцы. Былы грузінскі лідар кажа, што ЗША і Расія былі на мяжы наўпроставага ваеннага сутыкнення, і выключна непахісная пазіцыя Вашынгтона не дазволіла расійскім войскам узяць Тбілісі.

Тэма «Чаму ў 2008-м мы не ўзялі Тбілісі» дасюль не дае спакою вялікай кагорце расійскіх ура-патрыётаў. Няма дэфіцыту і ў тых, хто кажа, што разварот танкаў ад сталіцы Грузіі ёсць праява дзяржаўнай здрады. Тым больш, што, маўляў, грузіны самі чакалі расіян. Палітолаг Іслам Сайдаеў піша: «Тбілісі стаяў пустым. Усё кіраўніцтва ўцякло да турэцкай мяжы. Чачэнскі батальён «Усход» быў усяго за дзесяць кіламетраў ад цэнтра Тбілісі. Дарэчы, і народ быў не супраць, каб рускія ўвайшлі. Іх ужо ўсё дастала. (…) Усіх, хто тады даў загад адступаць ад Тбілісі, трэба пасадзіць. Не было б сёння праблем з Украінай, калі б мы скончылі з Грузіяй. Таму што мы не дабілі той ачаг нянавісці, і ён перакінуўся на Украіну, дзе, дарэчы, зараз ваююць грузінскія добраахвотнікі на ўкраінскім баку».

Аднак у цэлым экспертнае асяроддзе падтрымлівае тагачаснае рашэнне кіраўніцтва РФ. «Ну, узялі б мы Тбілісі ў 2008 годзе. Што далей? Нам давялося б ствараць там новы ўрад, кіраваць краінай. Мы ўпэўненыя, што грузіны б гэта прынялі і не паўсталі? (…) І Януковіча таксама, напэўна, можна было б абараніць. Але ці варта абараняць прэзідэнта, няхай самага законнага, калі ён не здольны абараніць сябе сам? Ці патрэбны нам бездапаможны баязлівец ва ўладзе? І зноў узнікае пытанне — а што далей? Паўнавартасны ўдзел у грамадзянскай вайне. Дзякуй, не трэба», — мяркуе маскоўскі палітолаг Барыс Кагарліцкі.

Між тым, нельга прайсці міма аднаго выказвання Мядзведзева, які неяк усё ж абмовіўся, што, маўляў, нават часовая прысутнасць расіян у Тбілісі ў жніўні 2008-га стала б некралогам для Саакашвілі як палітыка. Магчыма, расійскі прэм’ер сказаў гэтую фразу з прысмакам шкадавання. Тбілісі тады выстаяў, і Саакашвілі застаўся ў палітыцы ў якасці  фронтмэна супрацьстаяння Пуціну ў СНД. А ў гэтую восень на парламенцкіх выбарах у грузінскі парламент у яго партыі «Нацыянальны рух» нават ёсць шанец вярнуцца да ўлады.



Каментаваць