Калмыкі ў космасе

Сярод тэмаў, якія найбольш дыскутуюцца зараз у Расіі, споведзь прэзідэнта Калмыкіі Кірсана Ілюмжынава. Калмыцкі гарант расказаў пра свой кантакт з прадстаўнікамі пазазямных цывілізацый. Прапануем агляд блогаў і каментараў на гэту тэму.



Сярод тэмаў, якія найбольш дыскутуюцца зараз у Расіі, споведзь прэзідэнта Калмыкіі Кірсана Ілюмжынава. Калмыцкі гарант расказаў пра свой кантакт з прадстаўнікамі пазазямных цывілізацый. Прапануем агляд блогаў і каментараў на гэту тэму.

Напрыканцы красавіка прэзідэнт Калмыкіі, старшыня Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ) Кірсан Ілюмжынаў, калі быў госцем праграмы «Познер» на Першым расійскім канале, падрабязна распавёў пра сустрэчу з гуманоідамі. Па словах Ілюмжынава, іншапланецяне наведалі яго ў верасні 1997 года. Ён прыехаў суботнім вечарам у сваю маскоўскую кватэру, пачытаў кнігу, паглядзеў тэлевізар, ужо збіраўся ў ложак, але тут адчуў, што з адчыненага балкона яго хтосьці кліча. Калі Ілюмжынаў выйшаў на балкон, то ўбачыў там напаўпразрыстую жоўтую трубу. Ён увайшоў у яе. У сярэдзіне былі людзі ў жоўтых скафандрах.

Размаўляў Кірсан з гуманоідамі на ўзроўні думкі, паколькі, па яго словах, «яму трошкі бракавала кіслароду». Іншапланецяне апынуліся гасціннымі, правялі калмыцкаму прэзідэнту экскурсію па караблі і пасля адпусцілі. Яны таксама заявілі, што да сустрэчы з астатнім чалавецтвам пакуль не гатовыя, таму і не выходзяць на кантакт.

Тэма кантакту галоўнага шахматыста Расіі з іншапланецянамі хутка атрымала сваё развіццё. Дэпутат пецярбургскага парламента ад ЛДПР Алена Бабіч прызналася, што ва ўзросце 18 гадоў бачыла «велізарны серабрысты шар, які павольна плыў па небе, пакідаючы за сабою перламутравы шлейф». Уражанне ад кантакту з пазазямным аб’ектам апынулася настолькі моцным, што юная Алена страціла прытомнасць. «Шкада, што тады я была адна, і ніхто не змог пацвердзіць з’яўлення прышэльцаў», — скардзіцца прэсе спадарыня Бабіч. Адзначым, што гэта тая самая Алена Бабіч, якая прыпісвае сабе выгнанне злых духаў з Інжынернага замку ў Піцеры.

А дэпутат Дзярждумы РФ (што характэрна, таксама ад ЛДПР) Андрэй Лебедзеў напісаў ліст прэзідэнту Мядзведзеву, у якім просіць растлумачыць, ці існуе ўсталяваны рэгламент інфармавання вышэйшых службовых асоб краіны пра сустрэчы з іншапланецянамі? Яму ў дадатак цікава, ці дакладваў лідэр Калмыкіі ў адміністрацыю прэзідэнта РФ пра свае кантакты і ці не раскрыў той пад выглядам нявіннай гутаркі з гуманоідам якую-небудзь сакрэтную дзяржаўную інфармацыю. Акрамя таго, як мяркуе Лебедзеў, неабходна ўсіх кіраўнікоў рэгіёнаў правяраць не толькі на фізічнае, але і псіхічнае здароўе.

Дзмітрый Мядзведзяў на запыт пакуль не адрэагаваў, а вось блогасфера ўжо паспела пракаментаваць апісаныя падзеі.

«Можа, паліў Кірсан нешта? Ці Познер у сваім інтэрв’ю чалавека давёў? Хаця, хто ведае, што там у Калмыкіі?» — будуе здагадкі блогер chorni-tylpan.

 «А кажуць, што шахматы не пахнуць», — дзівіцца zloykoala.

«Я вам скажу так… у Калмыкіі ёсць штосьці незямное, — запэўнівае artdan. — Хто там быў, той пацвердзіць».

«Ён жа прэзідэнт ФІДЭ і вялікі аматар шахмат. Можа, яны па частцы шахмат прыляталі?» — прапануе сваё тлумачэнне загадкавым падзеям pigh.

Яшчэ далей ідзе ў разважаннях cobelsky: «А што калі гэта ўжо не Ілюмжынаў? А іншы (чужы, грэмлін, дарт вейдер, грамазека)? Трэба медкамісію прызначыць пад кіраўніцтвам Анішчанкі (галоўны эпідэміёлаг Расіі). Будзе вельмі цікава».

«Забыўся, што гаворыць, або падсеў на наркотыкі. Здаецца, псіхічнае здароўе прэзідэнта Кірсана Ілюмжынава дае збой?» — разважае dicaine. Ён жа піша: «Вось вы, для прыкладу, часта бачыце іншапланецян ці, можа, вашы знаёмыя маюць адносіны з імі? Што будзе з краінай, калі ў яе кіраўніцтва ўваходзяць палітыкі кшталту Ілюмжынава? Сёння яны ўступаюць пад уплывам наркотыкаў у кантакт з іншапланецянамі, а заўтра у іх ломка пачнецца?»

Блогер feliks160653 мяркуе, што адкрыццё Ілюмжынава і запыт Лебедзева — прыкметы дэградацыі расійскай улады: «Хацеў бы заўважыць, што спадар Ілюмжынаў кіруе рэгіёнам на працягу апошніх 17 гадоў, і за гэты час ён мог «перадаць» велізарную колькасць расійскіх дзяржаўных сакрэтаў у пазазямную прастору. Здаецца, яны абодва ку-ку на ўсю галаву. Цікава, а наогул ці ёсць там, ва ўладзе, нармальныя людзі? Я вось не ведаю. На гэта пытанне адказаць вельмі цяжка, назіраючы за падзеямі, якія ў Крамлі перыядычна адбываюцца».

Па меркаванні prometheus, заклапочанасць выклікае толькі псіхічны стан Ілюмжынава, а вось Лебедзеў паступіў адэкватна: «Дэпутацкі запыт Лебедзева на адрас прэзідэнта Мядзведзева з нагоды рандэву Ілюмжынава з іншапланецянамі — нармальная фармальная рэч. Па сутнасці — гэта правільна. У лепшыя часы Ілюмжынаў атрымаў бы хуткую і кваліфікаваную дапамогу з боку дактароў карнай псіхіятрыі. Калі палітычныя лідэры робяць такія заявы, яны істотна паніжаюць інтэлектуальную планку сваіх народаў і ўзровень даверу да дзяржавы».

Шэраг аўтараў не лічаць хворым Ілюмжынава. Яго словы яны тлумачаць далёка ідучымі планамі. «Не сумняваюся, што гэта не шыза. Ілюмжынаў у размове з Познерам трымаецца ўпэўнена, ён не ўзбуджаны. Добра кантралюе эмоцыі. Наогул, ён вельмі разумны. Але… не будзем забываць, што Ілюмжынаў таксама будыст. Верагодна, палёт да іншапланецян — нейкае іншасказанне, — піша Аляксей Камольцаў, і дадае: «Папросту дэбют для піяр-кампаніі: падняць шум, нагадаць пра сябе. Лічу таксама, што гэта можа быць прыгожае пахаванне сваёй палітычнай кар’еры, урачыстае палітычнае самагубства».

Імкненнем працягнуць кар’еру тлумачыць выступ Ілюмжынава Дэн Шорын: «Гаворка ідзе не пра выбары губернатара. Цяпер праходзяць выбары прэзідэнта міжнароднай шахматнай федэрацыі ФІДЭ, і на гэтых выбарах вельмі цікавая раскладка. Большасць краін, дзе шахматы традыцыйна модныя, падтрымліваюць 12-га чэмпіёна свету Анатоля Карпава. А вось расійскія службоўцы, падобна, не ведаюць, хто такі Карпаў і колькі ён зрабіў для шахмат. Расійская шахматная федэрацыя афіцыйна высунула на пасаду старшыні ФІДЭ цяперашняга прэзідэнта, функцыянера Кірсана Ілюмжынава. І яшчэ ў дадатак, як высвятляецца, яго падтрымліваюць іншапланецяне».

Вось такія меркаванні. Тым часам па інтэрнэту ўжо пачала хадзіць інфармацыя пра тое, што іншапланецяне афіцыйна аспрэчылі заяву Ілюмжынава пра кантакт з імі.

Каментаваць