Калумбія і Венесуэла: канфлікт разгараецца

Верны саюзнік афіцыйнага Мінска Уга Чавес імкліва ўцягваецца ў канфлікт з суседняй Калумбіяй.

Шмат хто бачыць галоўным чыннікам цяперашняга канфлікту палярнасць ідэалогій пануючых у Каркасе і Багаце рэжымаў. Уга Чавес сябруе з Тэгеранам і Мінскам. Альвара Урыбе — галоўны рэгіянальны саюзнік Вашынгтона.



Верны саюзнік афіцыйнага Мінска Уга Чавес імкліва ўцягваецца ў канфлікт з суседняй Калумбіяй.

Шмат хто бачыць галоўным чыннікам цяперашняга канфлікту палярнасць ідэалогій пануючых у Каркасе і Багаце рэжымаў. Уга Чавес сябруе з Тэгеранам і Мінскам. Альвара Урыбе — галоўны рэгіянальны саюзнік Вашынгтона.

Аднак гісторыя супрацьстаяння Калумбіі і Венесуэлы мае больш глыбокія карані. Адносіны паміж дзяржавамі пачалі складацца, калі яны былі яшчэ правінцыямі — Санта-Марта (Калумбія) і Новая Андалузія (Венесуэла) — у складзе Іспаніі. Пазней правінцыі ўваходзілі ў склад дзяржавы Вялікая Калумбія.

Першыя тэрытарыяльныя спрэчкі пачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя з-за акваторыі Венесуэльскага заліва, заходні бераг якога — паўвостраў Гуахіра. Яшчэ ў часы каланізацыі сюды прыходзілі экспедыцыі канкістадораў як з Новай Андалузіі, так і з Санта-Марты, аднак мясцовае племя індзейцаў гуахіра аказалася моцным арэшкам. У выніку межы паміж правінцыямі — а пазней незалежнымі дзяржавамі — у гэтым раёне аказаліся не вызначанымі. Па-сутнасці, праблема не вырашана да гэтага часу. Ёсць дамова ад 1941 года, але гэта хутчэй дамова наконт правіл навігацыі ў Венесуэльскім заліве.

У 1987 годзе меў месца самы буйны памежны лакальны канфлікт. Калумбійскі вайсковы карвет «Caldas» увайшоў у спрэчныя воды. У адказ прэзідэнт Венесуэлы падняў ВПС. Самалёты ляталі літаральна над палубай «Caldas». Да сапраўднага бою не дайшло толькі дзякуючы дыпламатам.

Другая гістарычная праблема — месца калумбійскіх эмігрантаў у венесуэльскім грамадстве. У 1970-я гады ў Венесуэлы пачалася эра «Tan barato? Den dos» («Так танна? Давайце два»). Менавіта так казалі венесуэльскія турысты, якія кожныя выходныя рабілі шопінг у Фларыдзе. Дурныя грошы ў іх з’явіліся з-за росту коштаў на нафту. Эканамічны бум у суседзяў падштурхнуў шматлікіх калумбійцаў шукаць шчасця за мяжой, аднак венесуэльцы разглядалі іх выключна як танную працоўную сілу.

Трэцяя праблема — FARC (Калумбійскія вайсковыя народныя сілы), партызанская леварадыкальная групоўка, якая з 1960-х гадоў змагаецца з законным урадам у Багаце. На пачатку 1980-х байцы FARC пачалі пранікаць на тэрыторыю Венесуэлы, часам са злачыннымі мэтамі. Каракас неаднаразова скардзіўся суседзям на вылазкі паўстанцаў. Сітуацыя кардынальна змянілася, калі да ўлады ў Каракасе прыйшоў левы папуліст Чавес. Цяпер надышоў час калумбійцам скардзіцца на тое, што Венесуэла дае тэрарыстам зброю, прадстаўляе базы на сваёй тэрыторыі. У сваю чаргу, Чавес пачаў казаць, што Калумбія ператварылася ў плацдарм для ўнутранай апазіцыі.

Менавіта праблема FARC прывяла да эскалацыі цяперашняга канфлікту. У ліпені пасля чарговых спрэчак наконт таго, дае партызанам Каракас грошы або не, Чавес загадаў, каб амаль увесь склад венесуэльскай амбасады ў Багаце выехаў на радзіму. Пасля пасол вярнуўся, аднак на гэты час Багата і Вашынгтон ужо падрыхтавалі праект дамовы аб перадачы амерыканцам сямі калумбійскіх вайсковых паветраных баз. У мэтах, як гаворыцца ў тэксце, «барацьбы з наркамафіяй» дамова была падпісаная 2 лістапада.

Рэакцыя Чавеса і яго саюзнікаў была істэрычнай. Фідэль Кастра назваў дамову ў сваёй калонцы ў газеце «Granma» актам пазбаўлення Калумбіі права на суверэнітэт. Ён згадаў, што нешта падобнае было падпісана ў пачатку 1950-х гадоў, што ў выніку прывяло да пасылкі калумбійскіх жаўнераў на вайну ў паўночную Карэю.

Галоўны тэзіс крытыкаў дамовы — тое, што яна, па-сутнасці, з’яўляецца першым этапам падрыхтоўкі інтэрвенцыі супраць Венесуэлы. Адно з вядучых левых лаціна-амерыканскіх выданняў «Rebeliуn» піша: «У сітуацыі сусветнага эканамічнага крызісу і падзення эканамічнай магутнасці ЗША здольныя падтрымліваць аўтарытэт выключна за кошт вайсковай прысутнасці ў рэгіёне. Сем баз ператвараюць краіну ў плацдарм і хаваюць хоць нейкую ілюзію дэмакратыі. Рэальная пагроза для рэгіёна — гэта войска, якое здольнае прыходзіць у любое месца свету і перамагаць там цэлыя цывілізацыі (прыклад — Ірак). У Венесуэлы ёсць падставы адчуваць пагрозу. Не сакрэт, што Венесуэла намагаецца будаваць асобную мадэль развіцця, не падобную на неаліберальную. Быць падрыхтаваным да горшага — стары ўрок гісторыі. Той, хто яго забывае, можа заплаціць занадта дорага. У Венесуэлы ёсць абавязак рыхтавацца да абароны».

Тым часам Чавес заклікаў вайсковы сілы рыхтавацца да вайны з Калумбіяй. У некаторых правінцыях сапраўды пачалася мабілізацыя. Адначасова з памежных раёнаў сталі ўсё часцей прыходзіць навіны пра ўзаемныя правакацыі. Найбольш гучны інцыдэнт здарыўся 20 лістапада. Тады венесуэльскія вайскоўцы ўзарвалі два масты на рэчцы Тачыра, якая знаходзіцца па калумбійскі бок мяжы. Афіцыйны Каракас прызнаў факт дыверсіі, аднак растлумачыў яе неабходнасцю змагання з наркатрафікам. У сваю чаргу, Мінабароны Калумбіі назваў выпадак актам гвалту супраць мірнага насельніцтва. Калумбійскі МЗС звярнуўся са скаргамі ў ААН. Канфлікт працягваецца.

Еўрапейская прэса, між тым, не верыць аргументам Чавеса. Іспанская «El Рais» адзначае: «Гісторыя адносін Чавес і Урыбе даўно нагадвае нейкі серыял. Яны то спрачаюцца, то мірацца. Аднак цяпер у гэтай сагі абсалютна новы эпізод. Вынаходнік дактрыны чавізму перайшоў усе межы… Паміж словамі пра тое, што Калумбія выконвае інструкцыі ЗША і рэальнасцю — вялікая прорва. У такім разе варта спытацца, дзе прычына мілітарнай паранойі Чавеса. Апазіцыя з Каракасу кажа пра тое, што мы назіраем панічную рэакцыю ўлады. Паводле вынікаў апошніх апытанняў, рэйтынг Чавеса падае з-за дэфіцыту прадуктаў першай неабходнасці, прымусовай кампаніі па эканомікі электрычнасці, эпідэміі грыпу».

Пакуль ва ўсім канфлікце больш за ўсё бонусаў атрымаў Альвара Урыбе, які выказаў намер у трэці раз балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Для гэтага яму патрэбна дабіцца паправак у канстытуцыю. Дарэчы, ЗША не вельмі віталі такую ідэю. Аднак атмасфера знешняй пагрозы яму выключна на руку. Тая ж «El Рais» ставіць кропкі над «і»: «Парадокс у тым, што дзякуючы сваёй бессэнсоўнай тарабаршчыне Чавес сам дае Калумбіі алібі шукаць знешнюю апору сваё бяспекі. Не для таго, каб атакаваць, а каб абараняцца».

Каментаваць