Камандантэ Каміла

Пасля Чэ Гевары, Фідэля Кастра, субкамандантэ Маркаса Лацінская Амерыка падаравала свету чарговага рэвалюцыянера. 

Сёння пра Камілу Вальеха гаворыць уся Лацінская Амерыка. Яе называюць новым сімвалам лацінаамерыканскай рэвалюцыйнай традыцыі, хаця яна сама не вельмі падобна на сваіх славутых папярэднікаў. У яе няма барады Кастра або маскі субкамандантэ Маркаса. Затое ў яе ў носе ёсць срэбны пірсінг (на гэта сярод лацінаамерыканскіх тынейджараў зараз татальная мода).



Пасля Чэ Гевары, Фідэля Кастра, субкамандантэ Маркаса Лацінская Амерыка падаравала свету чарговага рэвалюцыянера. 

Сёння пра Камілу Вальеха гаворыць уся Лацінская Амерыка. Яе называюць новым сімвалам лацінаамерыканскай рэвалюцыйнай традыцыі, хаця яна сама не вельмі падобна на сваіх славутых папярэднікаў. У яе няма барады Кастра або маскі субкамандантэ Маркаса. Затое ў яе ў носе ёсць срэбны пірсінг (на гэта сярод лацінаамерыканскіх тынейджараў зараз татальная мода).

Яшчэ шэсць месяцаў таму ніхто нават добра не ведаў яе імя. 23-гадовая Каміла была студэнткай геафака сталічнага ўніверсітэта Чылі, якую адрознівала ад аднагодкаў хіба што большая цікавасць да палітыкі. З-за таго, што яе бацькі былі камуністамі і трапілі пад каток рэпрэсій у часы Піначэта, яна рана пачала цікавіцца гэтай тэматыкай. Калі вырасла, запісалася ў камсамол пры мясцовай Кампартыі, а пасля стала камуністкай.

Адначасова яна зрабіла кар’еру ў студэнцкім нацыянальны прафсаюзе Федэрацыі студэнтаў Чылі (FECh). Шэсць месяцаў таму яе абралі на пасаду старшыні. Тады пра яе ўпершыню ўзгадала мясцовая прэса. Правая «La nation» напісала, што абранне камуністкі на пасаду FECh не абяцае нічога добрага.

Таму журналісту з «La nation» можна спакойна працаваць экстрасэнсам-прадказальнікам. У пачатку лета Каміла заклікала да нацыянальнага студэнцкага страйку з  патрабаваннямі палепшыць якасць адукацыі, адчыніць больш дзяржаўных ВНУ (палова ўніверсітэтаў у Чылі прыватныя), скараціць колькасць элітных каледжаў, куды доступ зачынены для выхадцаў з малазабяспечаных сямей.

Увогуле, Чылі — вельмі палітызаваная краіна. Забастоўкі і дэманстрацыі тут звычайны элемент грамадскага жыцця. Аднак Каміла здолела выклікаць такі бунт, які Чылі, па словах архіварыусаў, не бачыла з канца 1980-х (у гэты час было шмат дэманстрацый за сыход Піначэта). Каля ста ўніверсітэтаў былі акупаваныя ў першыя дні забастоўкі. 30 чэрвеня на вуліцы выйшлі 200 тысяч чалавек. Прэзідэнт быў вымушаны нешта прапанаваць, аднак яго ініцыятывы FECh успрыняла скептычна.

Страйк працягваўся. На 19 ліпеня было акупавана ўжо 149 будынкаў ВНУ. 4 жніўня пратэст набыў форму адкрытай канфрантацыі з паліцыяй. У Санцьяга быў ужыты газ. Каля 800 чалавек былі арыштаваныя. Дзеянні ўладаў выклікалі вялікі рост сімпатый да студэнтаў. Нацыянальны прафсаюз публічных чыноўнікаў і прафсаюз транспартнікаў правялі 24 і 25 жніўня забастоўкі салідарнасці. У сталіцы акцыя закончылася патасоўкай з паліцыяй, у выніку чаго 16-гадовы хлопец быў забіты.

Па аналогіі з падзеямі ў Вялікабрытаніі ў 1970-я гады, калі прафсаюзы актыўна ўмешваліся ў палітыку, падзеі лета 2011-га ў Чылі ў прэсе называлі «чылійская зіма».

Гэта ўсё выклікала драматычны абвал даверу да ўраду і прэзідэнта. У жніўні 81 працэнт чылійцаў пазітыўна ставіўся да патрабаванняў пратэстуючых студэнтаў. У той жа час урад і прэзідэнт карысталіся падтрымкай толькі 16 працэнтаў электарату.

У выніку ўрад пагадзіўся ўключыць у канстытуцыю пункт пра тое, што кожнаму гарантуецца якасная адукацыя. Адначасова рэфармавана сістэма крэдытавання вышэйшай адукацыі. Цяпер чылійскія платнікі плацяць банкам 2 (а не 6, як раней) працэнта гадавых. У дадатак Мінадукацыі атрымала дадатковыя 2 мільярды долараў на мадэрнізацыю ВНУ.

Зараз эмоцыі трохі супакоіліся, хаця сцвярджаць, што ў чылійскіх універсітэтах зноў спакойна, нельга. Варта згадаць, што Каміла — камуністка і ўвесь час намагаецца навязаць студэнцкай масе больш глабальныя антыкапіталістычныя лозунгі. «Нашто нам патрэбная адукацыя? Каб атрымаць прыбытак? Каб рабіць бізнес? Адукацыя патрэбная нам, каб развіваць нашу краіну, стварыць сістэму сацыяльная інтэграцыі. Гэтая тэма нават не абмяркоўваецца», — кажа яна.

Так ці інакш, студэнцкі рух, відавочна, атрымаў калі не канчатковую, то часовую перамогу. А яго медыя-сімвалам, безумоўна, была студэнтка з геаграфічнага факультэту. У час страйку яе з ранку да ночы круцілі па тэлебачанні, бралі інтэрв’ю, заклікалі на розныя шоў. У краіне пачалася нейкая каміламанія. У гонар актывісткі нават пачалі складаць песні. У інтэрнэце можна знайсці мноства сайтаў, прысвечаных Каміле. Іх стваральнікі часам блытаюць сімпатыі да палітычных поглядаў Камілы і асабістыя пачуцці.

Між тым, культ Камілы перакрочыў мяжу. У еўрапейская прэсе пачалі з’яўляцца першыя публікацыі пра незвычайнага лідара чылійскіх левых. Віцэ-прэзідэнт Балівіі назваў яе «самым прыгожым лідарам нашага вялікага паўстання». А гісторыкі пішуць, што левая ідэя на кантыненце атрымала незвычайны шарм. У якім накірунку пойдзе каміламанія, цяжка сказаць. Шмат будзе залежыць ад самой камандантэ Камілы, як яе жартам называюць у прэсе. Яна ж кажа, што хоча займацца палітыкай.

Застаецца дадаць, што бум папулярнасці Камілы  прапарцыйны росту нянавісці з боку яе апанентаў. Правая прэса нават піша, што ў твары Камілы ёсць нешта ад д’ябла. Менавіта таму яна, быццам, здольная падпарадкоўваць столькі людзей. У жніўні міністр культуры нават публічна заклікала забіць Камілу, каб супакоіць студэнцкія аўдыторыі. Гэтыя словы каштавалі ёй міністэрскага партфеля. Напрыканцы лета, пасля таго, як Каміла атрымала дзяжурную порцыю ананімных лістоў, у якіх ёй пагражалі смерцю, Канстытуцыйны суд вырашыў даць ёй асабістую ахову.

Каментаваць