Камедзі Рэйган

6 лютага ў ЗША адсвяткавалі 100-ю гадавіну з дня нараджэння Рональда Рэйгана. Рэйган увайшоў у гісторыю не толькі як прэзідэнт, які перамог «Імперыю зла». Яшчэ пры жыцці ён праславіўся як палітык з выключным пачуццём гумару.

Спадчыну Рэйгана ў гісторыі Штатаў цяжка пераацаніць. Не дзіўна, што да стогадовага юбілею Рэйгана пабачылі свет шмат прысвечаных яму кніг, артыкулаў і мемуараў. Іх аўтары ўзгадваюць таксама і рэйганаўскі гумар, які быў важнай часткай ягонага палітычнага стылю.



6 лютага ў ЗША адсвяткавалі 100-ю гадавіну з дня нараджэння Рональда Рэйгана. Рэйган увайшоў у гісторыю не толькі як прэзідэнт, які перамог «Імперыю зла». Яшчэ пры жыцці ён праславіўся як палітык з выключным пачуццём гумару.

Спадчыну Рэйгана ў гісторыі Штатаў цяжка пераацаніць. Не дзіўна, што да стогадовага юбілею Рэйгана пабачылі свет шмат прысвечаных яму кніг, артыкулаў і мемуараў. Іх аўтары ўзгадваюць таксама і рэйганаўскі гумар, які быў важнай часткай ягонага палітычнага стылю.

Рэйган, безумоўна, ад нараджэння меў добрае пачуццё гумару. Класікай сталі менавіта ягоныя спантанныя рэплікі, якія ён складаў амаль на ўзроўні інстынкту. Напрыклад, у 1981 годзе, калі на Рэйгана быў зроблены замах, апрытомнеўшы ў шпіталі, ён найперш запытаў у дактароў: «Спадзяюся, вы тут усе рэспубліканцы?» 

Рэйганазнаўцы адзначаюць, што значэнне гумару ў публічным жыцці Рэйган цалкам зразумеў, калі пісаў сцэнары для выступаў на радыё, тэзісы для сваіх прамоў у якасці актывіста акцёрскага прафсаюзу, занатоўкі для спартовых каментарыяў. 

Нельга не згадаць, што Рэйган расказваў свае жарты як сапраўдны акцёр — адбілася школа Галівуду. Ён шырока ўсміхаўся, заўжды вытрымліваў патрэбную інтанацыю, адчуваў дынаміку настрояў у аўдыторыі, імправізаваў.

Напэўна, упершыню гумар Рэйгана краіна ацаніла ў 1968-м. У той час ён быў губернатарам Каліфорніі. Неяк яму прыйшлося сутыкнуцца на вуліцы з маніфестацыяй студэнтаў хіпі. Калону ўзначальваў валасаты хлопец з транспарантам «Make Love, Not War» (англ: Рабі каханне, а не вайну). Рэйган паглядзеў на надпіс, пасля на хлопца і сказаў: «Наўрад ці ты можаш рабіць нешта іншае».

Другі жарт з яго каліфарнійскага жыцця звязаны з дыспутам з тымі ж студэнтамі хіпі. Яны казалі, што Рэйган надта стары і таму не разумее генерацыю, якая вырасла ў эру атамнай бомбы і палётаў ракет у космас. «Так, — прызнаўся Рэйган, — у нас не было ракет і бомбаў. Мы прыдумалі іх». 

З часам палітык ператварыў свае жарты ў свайго роду сапраўдную зброю.

Ён занатоўваў праколы сваіх праціўнікаў, каб пасля выставіць іх на смех. У 1984 годзе на Нацыянальнай канвенцыі кандыдат ад дэмакратаў Уолтэр Мандэйл назваў рэйганаўскі ўрад «урадам амнезіі». Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. На першай жа сустрэчы з журналістамі Рэйган сказаў: «Тут я чуў, што мой урад абвінавацілі ў амнезіі. Якая хлусня! Дарэчы, я забыў, хто гэта сказаў».

Калі яго крытыкавалі, ён адказваў характэрнымі жартамі або анекдотамі, якія цалкам разбуралі аргументацыю апанента і пераводзілі сімпатыі публікі на яго рэплікі.

Так, у 1983 годзе на адным з мітынгаў у адказ на вельмі тады папулярнае пытанне апанентаў «Што вы думаеце аб праблеме выжывання чалавецтва ў атамнай вайне?» Рэйган распавёў анекдот пра старога, які трапіў у кампанію спецыялістаў па атамнай энергетыцы. На іх пытанне, дзе б стары хацеў знаходзіцца падчас атамнага выбуху, той адказаў: «Усё роўна, дзе. Галоўнае, каб я мог сказаць — Ух ты! Што гэта!» Анекдот Рэйгана быў успрыняты лепш за доўгія і нудныя прамовы ягоных праціўнікаў.

Рэйган надаваў вялікае значэнне самаіроніі. Такім чынам ён выбіваў глебу з-пад ног сваіх крытыкаў, забіраючы іх любімыя тэмы. Ён часта і ахвотна смяяўся са свайго саліднага ўзросту. «Калі я быў хлопцам, перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах было значна лягчэй. Тады ў складзе ЗША было толькі 13 штатаў», — неяк сказаў прэзідэнт.

Аднак рэйганаўскі гумар быў сродкам не толькі абарончым, але і атакуючым. 

У 1980 годзе, у пачатку трэцяга туру дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты, Рэйган з’явіўся ў зале і, са здзіўленнем паглядзеўшы на свайго візаві Джымі Картэра, сказаў: «Блін, зноў ты!»

Падчас першай сустрэчы з Гарбачовым у Жэневе ён спачатку распавёў Міхаілу Сяргеевічу вядомы ў часы сухога закону савецкі анекдот пра двух алкашоў, якія стаяць у чарзе па гарэлку. Аднаму з іх гэта надакучыла, і ён адправіўся забіваць Гарбачова. Але праз нейкі час вярнуўся, бо чарга жадаючых забіць Міхаіла Сяргеевіча аказалася даўжэйшай.

Калі зайшла размова пра адаптацыю рэйганаўскіх жартаў у СССР, нельга не згадаць гісторыю, якая адбылася 13 жніўня 1984 года. Падчас рэпетыцыі выступу на тэлебачанні Рэйган пажартаваў, сказаўшы з трыбуны: «Дарагія амерыканцы! Толькі што я падпісаў законапраект, які назаўсёды пакончыць з Расіяй. Мы пачынаем яе бамбіць праз пяць хвілін». Запіс нейкім чынам стаў публічным. У нас жарт не зразумелі і доўгі час згадвалі яго як ілюстрацыю каварных планаў Вашынгтону развязаць атамную вайну.

Яшчэ ў часы прэзідэнцтва Рэйгана палітычныя тэхнолагі аддавалі належнае гумару. У тэкстах усіх наступных прэзідэнтаў абавязкова можна сустрэць пару-тройку жартаў. Клінтан, Буш і Буш-малодшы нават самі спрабавалі жартаваць. І часам у іх гэта атрымлівалася. Аднак гэта не быў гумар ад душы. Рэйганаўскі гумар ствараў атмасферу камфорту кампаніі добрых знаёмых.

Напрыканцы прывяду яшчэ некалькі культавых жартаў ад вялікага палітыка: «Я заўважыў, што ўсе, хто выступае за аборты, ужо нарадзіліся»; «Я даў загад — тэрмінова разбудзіць мяне ў выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы. Нават калі я буду на пасяджэнні ўрада». А ў 1966 годзе на пытанне журналістаў, якім губернатарам Каліфорніі ён хоча быць, Рэйган адказаў: «Я не ведаю. Я ў кіно ніколі не быў губернатарам».

Каментаваць