Кампрамат на Свабоду

Пасля прарыву ў Вярхоўную Раду Украіны нацыяналістычнай партыі «Свабода» частка беларускіх нацдэмаў выступае за імпарт гэтай мадэлі ў нашу краіну. Аднак перад тым, як ідэалізаваць «Свабоду» і яе кіраўніка Алега Цягнібока, варта было б пазнаёміцца з кампраматам на гэту структуру.
 



Быць палітычным акторам ва Украіне — значыць абавязкова трапіць у фокус увагі журналістаў і паліттэхнолагаў, якія збіраюць дасье на ўсіх заўважных персон. І, натуральна, першае месца надаецца пошуку кампрамату, які заўсёды запатрабаваны ў інфармацыйных войнах.


Існуе такі кампрамат на арганізацыю «Свабода» і на яе кіраўніка. Файл «Кампрамат на Свабоду» можна на падзяліць на некалькі блокаў.


Першы тычыцца версіі пра тое, што Цягнібок з’яўляецца ахвярай савецкай сістэмы. Алег любіць узгадваць, што па жаночай лініі яго дзед — рэпрэсаваны грэка-каталіцкі святар, прадзед — міністр замежных спраў Заходняй Украінскай Народнай Рэспублікі. Аднак пры гэтым не любіць казаць, што бацька, спартовы лекар Яраслаў Цягнібок, на пачатку 1980-х гадоў стаў галоўным лекарам зборнай СССР па боксе. Нагадаем, што гэты былі андропаўскія часы. Гэта значыць: КДБ палічыла, што «грахі» продкаў маці Алега Цягнібока выкупленыя. Бацька Алега памёр, калі ён вучыўся ў 10-м класе, аднак нейкія сувязі ў львоўскай камуністычнай эліце ў сям’і яўна засталіся. Хаця б таму, што два гады ў савецкім войску Алег правёў як у Бога за пазухай — хадзіў пісарчуком аднаго генерала ў 270 кіламетрах ад роднага Львова.


Наступны блок кампрамату тычыцца знаходжання Цягнібока на пасадах кіраўніка Сацыял-нацыянальнай партыі Украіны (СНПУ), куды Алег прыйшоў са студэнцкага руху і дзякуючы якой зрабіў хуткую палітычную кар’еру. СНПУ — выразна правая радыкальная партыя, ідэалогіяй якой, адпаведна праграмным дакументам, з’яўляецца «сацыял-нацыяналізм». Заснавальнікі партыі называлі сябе «апошняй надзеяй белай расы і чалавецтва ўвогуле ва ўмовах дэградацыі», і нават марылі пашырыць межы Украіны аж да Волгі. Аналагічнымі былі і тагачасныя заявы Цягнібока.


Дастаткова ўзгадаць фрагмент яго скандальнага выступу на мітынгу каля магілы аднаго з камандзіраў Украінскай паўстанцкай арміі (УПА): «Вони готувалися i боролися з москалями, боролися з нiмцями, боролися з жидвою i з iншою нечистю, яка хотiла забрати в нас нашу українську державу… Треба вiддати Україну, нарештi, українцям. Отi молодi люди i ви, сивочолi, оце є та сумiш, якої найбiльше боїться москальско-жидiвська мафія, яка сьогоднi керує в Українi». Гэтыя словы выклікалі шквал пратэстаў з боку яўрэйскай грамады.


Флірт з нацызмам стаў прычынай таго, што Цягнібока выключылі з партыі «Наша Украіна», хаця ён лічыўся яе галоўны маторам на Львоўшчыне. Шматлікія заявы Цягнібока папросту білі па іміджу Юшчанкі як сур’ёзнага праеўрапейскага палітыка.


Аднак у 2004 годзе з ініцыятывы Цягнібока СНПУ правяла рэбрэндынг — абрала больш нейтральную назву «Свабода» і пазбавілася сімволікі, якая нагадвае свастыку. У сваіх прамовах Цягнібок пачаў рабіць стаўку на нацыянал-папулізм і антыкамунізм.


Яшчэ адзін блок кампрамату — раскол аранжавага электарату. Нягледзячы на кепскія адносіны з Юшчанкам, Цягнібок актыўна ўдзельнічаў у «аранжавай рэвалюцыі». Менавіта ён узначальваў блакаду і захоп цэлага шэрагу ўрадавых і грамадскіх будынкаў. Але ўжо ў 2005 годзе Цягнібок канчаткова адмежаваўся ад «аранжавых», абвінаваціўшы іх у здрадзе нацыянальным інтарэсам і ў карупцыі. На парламенцкія выбары 2006 года «Свабода» пайшла з перадвыбарным плакатам, на якім намаляваны казачны волат, што лупіць булавой трохгаловага цмока з эмблемамі Партыі рэгіёнаў, «Нашай Украіны» і БЮТ.


Вайна з «аранжавымі» мела катастрафічныя вынікі для справы Майдана. За кошт расколу дэмакратычнага электарату ў Заходняй Украіне Цімашэнка не здолела перамагчы Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах. Украіна стала на шлях паўзучага аўтарытарызму.


Затое раскол «аранжавых» прынёс бонусы «Свабодзе». У 2006 годзе ў парламент «Свабода» не патрапіла, хаця атрымала фракцыі ў Львоўскай абласной і гарадской радах, а таксама ў некалькіх мясцовых радах Галічыны. Зорны час Цягнібока прабіў, калі было вырашана правесці датэрміновыя выбары Цярнопальскай абласной рады ў сакавіку 2009 года. На іх «Свабода» заняла першае месца, атрымаўшы 34,69 працэнта галасоў выбаршчыкаў і 50 са 120 дэпутацкіх мандатаў. Прадстаўнік «Свабоды» ўзначаліў аблсавет. Наступным поспехам стаў праход у Вярхоўную Раду на кастрычніцкіх выбарах 2012 года.


Нарэшце, апошні кампрамат супраць Цягнібока тычыцца крыніц фінансавання яго праекту. Для ўсіх, хто ведае, як арганізавана ўкраінская палітычная кухня, узнікае пытанне — за чый кошт банкет? Пытанне пра спонсараў «Свабоды» актуалізуецца падчас усіх выбарчых кампаній. Алег на гэта пытанне заўсёды адказвае адназначна: маўляў, нас падтрымлівае дробны і сярэдні бізнэс, аб’яднаны ў міфічны «Эканамічны савет» партыі. Імёны сяброў гэтай рады нікому не вядомыя, каб прадухіліць рэпрэсіі ўлады.


Гэта версія пра крыніцы рэсурсаў «Свабоды» выглядала забаўна да 2006 года, калі патэнцыйна прахадныя месцы ў спісе «Свабоды» занялі вядомыя бізнэсмэны з «групы Ахметава». Напрыклад, тут з’явілася прозвішча былога кіраўніка кампаніі DCC (якая ўваходзіць у склад групоўку Ахметава) Леанід Нетудыхата. Тады ж на свет вылезлі і падрабязнасці супрацоўніцтва Цягнібока з вядомым львоўскім алігархам Пятром Дымінскім, таксама чалавекам Ахметава. У 2008 годзе пры падтрымцы Цягнібока той паспрабаваў атрымаць ад Львова зямлю і нерухомасць у абмен на абяцанні пабудаваць стадыён да Еўра–2012. Гэтым планам перашкодзіў мэр Львова. У 2010 годзе выбухнуў скандал у Цярнопальскай вобласці, дзе адзін са «свабодаўцаў» прызнаўся, што атрымліваў грошы ад Партыі рэгіёнаў.


Па словах палітолага Тараса Беразаўца, «Алег Цягнібок не цураўся грошай буйнага алігарха Каламыйскага, які меў зуб на Цімашэнка за тое, што тая не дала яму прыватызаваць Адэскі партовы завод. Яшчэ з 2006 года ходзяць чуткі, што Цягнібок «прадаўся Ахметаву». Галоўнаму фінансісту Партыі рэгіёнаў таксама выгадна, каб праеўрапейскае электаральнае поле, на якім «пасвіцца» Юлія Цімашэнка, было максімальна размытае.


Вось такі кампрамат, які, праўда, не перашкодзіў «Свабодзе» атрымаць сваю фракцыю ў Вярхоўнай Радзе. Як канстатуе прэса, нелюбоў да Януковіча настолькі моцная, што Цягнібоку забылі ўсе пералічаныя грахі.


«Падтрымка «Свабоды» на выбарах аказалася «фішкай» апазіцыйна арыентаванай інтэлігенцыі», — піша выданне «Сегодня».


Сапраўдным выклікам для «Свабоды» стануць прызначаныя на 2015 год мясцовыя выбары. На гэтых выбарах дэпутацкая большасць ад «Свабоды» ў тым жа Львове і ў Цярнопалі яўна атрымае ад сваіх былых выбаршчыкаў пытанне: спадары нацыяналісты, а чаму за пяць гадоў вы не вырашылі ніводнай камунальнай праблемы?


У такім разе не выключана з’яўленне на гарызонце новай нацыяналістычнай партыі. І ўсё пачнецца наноў.

Каментаваць