Каму дастануцца Фалькленды?

Напярэдадні гадавіны брытанска-аргенцінскай вайны 1982 года за Фальклендскія (Мальвінскія) астравы ў Вялікабрытаніі ўсё гучней чуваць голас тых, хто выступае за перадачу архіпелага Аргенціне.



Напярэдадні гадавіны брытанска-аргенцінскай вайны 1982 года за Фальклендскія (Мальвінскія) астравы ў Вялікабрытаніі ўсё гучней чуваць голас тых, хто выступае за перадачу архіпелага Аргенціне.

Індыкатарам змены грамадскай думкі можа служыць гісторыя з Джорджам Уотэрсам, былым лідарам славутага рок-гурта «Pink Floyd». Некалькі гадоў таму падчас туру па Лацінскай Амерыцы журналісты спыталі музыку, што ён думае наконт праблемы прыналежнасці Фальклендаў. Тады ён ухіліўся ад адказу. Прыкладна месяц таму Уотэрса, які гастраляваў па Чылі, зноў пачалі даставаць фальклендскім пытаннем. На гэты раз без усякага палітэсу рокер заклікаў Лондан адмовіцца ад выспаў.

У вайне 1982 года паклалі жыццё 258 брытанскай вайскоўцаў. Яшчэ 700 вярнуліся параненымі. Тых, хто вярнуўся, сустрэлі як герояў. Вайна з Аргенцінай на доўгі час засталася ў памяці сучаснікаў як сапраўды народная вайна. Ідэю вайсковай кампаніі ўвесну 1982 года падтрымлівала 85 працэнтаў насельніцтва. «Мы ўсе фальклендцы», — пісала тады «Times». Самая масавая антываенная акцыя сабрала ў Вялікабрытаніі не больш за 7 тысяч чалавек. Увогуле, супраць вайны выступілі выключна трацкісты, левая фракцыя лейбарыстаў пад кіраўніцтвам Тоні Бена і Plaid Cymru — партыя ўэльскіх нацыяналістаў.

Палітычны мэйнстрым, уключаючы апазіцыянераў-лейбарыстаў, быў цалкам за вайну да пераможнага канца. Левыя прагаласавалі за адпраўку экспедыцыйнага корпусу, а адзін з лідараў прафсаюзаў нават заклікаў каралеўскую авіяцыю бамбіць Буэнас-Айрэс і іншыя прыморскія аргенцінскія гарады.

Але нават такая патрыятычная поза не дазволіла лейбарыстам змяніць трэнд. У вачах вуліцы з самага пачатку гэта была вайна, якую вяла Маргарэт Тэтчэр, і, адпаведна, яна атрымала ўсе дывідэнды з перамогі. Гэты феномен увайшоў у падручнікі гісторыі пад назвай «фальклендскі эфект». Літаральна за пару месяцаў вайсковых дзеянняў брытанцы забыліся пра ненавісную манетарную і непапулярную палітыку, якую праводзіў з 1979 года кабінет торы. У атмасферы пераможнай эйфарыі прайшлі наступныя парламенцкія выбары 1983 года, якія прынеслі кансерватарам сапраўдны трыумф.

Варта адзначыць, што вынікі галасавання 1983 года аказаліся вырашальнымі для ўсёй сусветнай гісторыі. Калі б даваенная тэндэнцыя захавалася, пераможцамі на тых выбарах аказаліся лейбарысты, якіх на той час узначальваў Майкл Фут. Спадар Фут у знешнепалітычных поглядах схіляўся да сепаратнага міру з Масквой, што магло значыць канец амбіцыям Рональда Рэйгана разам з Тэтчэр перамагчы Саветы ў «халоднай вайне».

І вось праз 30 гадоў культ Фальклендаў амаль знік. Нават жоўтая прэса, якая калісьці была рупарам джынгаізму (так называюць брытанскі шавінізм), амаль не ўзгадвае пра баталію 30-гадовай даўніны.

Таму ёсць шмат прычын. Па-першае, зраз святкаваць гадавіну вайны — значыць падтрымаць цяперашні кансерватыўны ўрад Дэвіда Кэмерана і яго пакет рэформаў.

Па-другое, даўно схлынулі эмоцыі канца сакавіка 1982 года, калі ўся нацыя была шакаваная навіной пра акупацыю Фальклендаў і патрабавала рэваншу. Цяпер можна больш цвяроза прааналізаваць сітуацыю таго часу, што абавязкова штурхае да шэрагу пытанняў. Галоўнае пытанне: што за цікавую партыю гуляла Маргарэт Тэтчэр 30 гадоў таму?

Праўда, яшчэ падчас той вайны шмат хто з палітолагаў казаў пра супярэчнасць матывацыі яе ўчынкаў. Кіраўнік ураду шмат казала, што Брытанія змагаецца ў тым ліку супраць вайсковай хунты. У аналы гісторыі ўвайшла яе фраза: «I will never hand over our people to a bunch of fucking Fascists» (Я ніколі не дазволю, каб мой народ перайшоў пад уладу купкі е...ых фашыстаў»). Аднак ніводнага слова з вуснаў Тэтчэр не прагучала ў абарону 30 тысяч ахвяр аргенцінскай дыктатуры. Крытыка рэжыму ў Аргенціне не замінала Тэтчэр заўсёды падтрымліваць добрыя адносіны з Піначэтам.

Не зразумела і сама прычына канфлікту. Як высвятляецца зараз, Лондан на працягу 1970-х гадоў быў сам не супраць пазбавіцца ад тых астравоў. На днях аргенцінская газета «La Nation» апублікавала дакументы мясцовага МЗС. Адпаведна ім, у 1974 годзе Лондан і Буэнас-Айрэс амаль дасягнулі дамовы пра сумесны кантроль над Фальклендамі. Праект дамовы прадугледжваў, што над выспамі будуць лунаць як аргенцінскі, так і брытанскі сцягі, іспанская мова мусіла стаць афіцыйнай, тубыльцы атрымалі б падвойнае грамадзянства. Губернатар астравоў павінен быў прызначацца па чарзе. Толькі смерць прэзідэнта Перона ў тым жа годзе прыпыніла рэалізацыю плана. Дарэчы, ніхто тады не баяўся, што насельнікам астравоў, этнічным брытанцам, будзе кепска жыць у Аргенціне. У гэтай краіне шмат у тым ліку англамоўных камун, якія жывуць тут стагоддзямі, захоўваючы свае культурныя традыцыі.



А далей, калі верыць архівам, пачынаюцца ўвогуле цікавыя працэсы. У 1978 годзе вайсковая хунта, якая вырашае прыкрыцца патрыятычнымі лозунгамі, нечакана ўздымае пытанне прыналежнасці выспаў. У адказ прэм’ер-лейбарыст Джэймс Калаган дасылае ў рэгіён атамную субмарыну, і аргенцінцы супакойваюцца. Наступны прэм’ер Маргарэт Тэтчэр ў 1980 годзе выводзіць з Паўднёвай Атлантыкі вайсковы карабель «Endurance», які ахоўваў архіпелаг, што адразу абуджае экспансіянісцкія апетыты сяброў хунты. Такім быў пралог вайны.

Гэта, канешне, не значыць, што Вялікабрытанія ў 1982 годзе павінна была заплюшчыць вочы на выхадкі Буэнас-Айрэса. Фішка ў тым, што непасрэднага канфлікту можна было пазбегнуць дзякуючы арбітражу ААН і ЗША. Вядома, што Вашынгтон быў саюзнікам як Англіі, так і Аргенціны і мог знайсці кампрамісны варыянт. Аднак Жалезнай лэдзі была, здаецца, патрэбна вайна. Прычым вяла яе Англія далёка не па прынцыпах fair play. Сёння ўжо ў больш гуманістычным вымярэнні ўспрымаецца англічанамі трагедыя аргенцінскага крэйсера «Генерал Бельграна», які 2 мая патапіла англійская тарпеда. Калі ў Англіі даведаліся, што дрэдноут разам з 300 маракамі пайшоў на дно, на вуліцах пачалося стыхійнае свята. Цяпер усё больш звяртаецца ўвага на тое, што карабель, які быў атакаваны па асабістаму загаду Тэтчэр, знаходзіўся ў нейтральных водах.

Сорамна цяперашнім брытанцам і за некаторыя фрагменты антыаргенцінскай істэрыі 1982 года. Так, на славуты эдынбургскі фестываль 1982 года не пусцілі трупу са Швейцарыі з-за таго, што яе кіраўнік быў этнічным аргенцінцам. Прадзюсераў у Англіі ў тыя часы папярэдзілі, каб з рэпертуару музычных мерапрыемстваў былі выключаны кампазіцыі ў жанры танга. Славутую ВВС называлі 5-й калонай за тое, што медыя-карпарацыя ў час вайны заставалася верная прынцыпам аб’ектыўнай журналістыкі.

Нарэшце, сам кошт перамогі аказаўся занадта дарагім. Справа нават не ў тым, што захаванне Фальклендаў з-за наяўнасці там вайсковай базы каштуе брытанскай казне вельмі шмат. Некаторыя эканамісты нават падлічылі, што брытанскаму падаткаплатніку ў перспектыве было б танней аплаціць поўную эвакуацыю з архіпелагу на гістарычную радзіму не толькі ўсіх каланістаў, аднак і мясцовых пінгвінаў.

Праблема ў тым, што так званы «фальклендскі эфект» аказаў уплыў на культуру брытанскага палітыкуму. Пасля 1982 года сярод палітыкаў узнікла спакуса паўтарыць «фальклендскі эфект» — атрымаць электаральныя балы за кошт невялікай вайны. Лічыцца, што міф пра выбары 1983 года шмат у чым падштурхнуў Тоні Блэра на тое, каб разгарнуць непапулярную вайну ў Іраку, якая дасюль застаецца сапраўднай нацыянальнай траўмай.

На фоне такіх тэндэнцый у настроях брытанцаў будучыня архіпелагу ў Паўднёвай Атлантыцы выглядае туманна. Туманнасці дадае яшчэ адна праблема. Справа ў тым, што цяперашні кансерватыўны кабінет заўзята змагаецца супраць правядзення ў Шатландыі рэферэндуму пра незалежнасць, кампанія за які праходзіць пад лозунгам права народу на самавызначэнне. Аднак менавіта тымі ж словамі аргументуюць у Лондане права жыхароў Фальклендаў заставацца грамадзянамі Вялікабрытаніі. Таму, каб захаваць у складзе Каралеўства Шатландыю, пра права народу, у тым ліку фальклендцаў, на самавызначэнне на Даўнінг-стрыт, 10 могуць хутка забыць. Што, зразумела, яшчэ больш павялічвае шансы на вяртанне архіпелагу ў лона Аргенціны.
 

Каментаваць