Каму патрэбны латвійскі Данбас?

Хуліганы, правакатары, прадстаўнікі пятай калоны, ЦРУ... Хто на самай справе можа стаяць за праектам Латгальскай Народнай Рэспублікі, што напрыканцы студзеня была абвешчана ў сеціве? 



Латгальскі сепаратызм або аўтанамізм — старая тэма, якая перыядычна ўзнікае ў латвійскай палітычнай дыскусіі. Прычынай, безумоўна, з’яўляецца наяўнасць лакальнай ідэнтычнасці жыхароў паўднёва-ўсходняй Латвіі, дэпрэсіўны стан мясцовай эканомікі, вялікі працэнт рускамоўных у рэгіёне (60 працэнтаў), лідары якіх часта ўздымаюць латгальскае пытанне. Апошняе вельмі дзіўна, паколькі самі латгалы гістарычна належаць да балтаў. Ёсць нават думка, што слова «Латвія» пайшло ад слова «Латгалія».

Паколькі латгальская тэма стала фішкай «Рускага свету», усялякі заклік за аўтаномію краю традыцыйна выклікае насцярожанасць у Рызе. Што ўжо казаць пра заклік да выхаду рэгіёну са складу краіны. Напрыканцы студзеня ў Facebook з’явіўся акаўнт Латгальскай Народнай Рэспублікі (ЛНР) — фармавання, якое выступае за стварэнне незалежнай Латгаліі. Тут жа можна было азнаёміцца з сімволікай ЛНР — герб (белы Грыфон на чырвоным шчыце), сцяг (гарызантальнае сіне-бела-сіняе палотнішча) плюс карта віртуальнай краіны, у якую яе бацькі-стваральнікі ўключылі 18 раёнаў плюс гарады Даўгаўпілс і Рэзекне.

Дэмарш латгальскіх сепаратыстаў стаў адной з галоўных тэмаў латвійскай стужкі навінаў. Праўда, агульнай думкі, што стаіць за ЛНР, няма.

Напрыклад, латвійскія спецслужбы паведамляюць, што знайшлі ў гэтай справе «расійскі след», хаця доказы пакуль ускосныя. «Распаўсюд у публічнай прасторы ідэй, накіраваных на аспрэчванне замацаванага ў Канстытуцыі прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, адпавядае геапалітычным інтарэсам Расіі», — заявілі прадстаўнікі паліцыі бяспекі.

Правыя палітолагі Латвіі згодныя з логікай латвійскіх спецслужбоўцаў. Так, эксперт Оярс Скудра дапускае, што ЛНР магла быць ініцыяваная ў Маскве: «Амаль адначасова мы назіралі заявы аб стварэнні «Віленскай» рэспублікі ў Літве і «Нарвскай балтыйскай рэспублікі» ў Эстоніі. Так што, натуральна, нейкая каардынацыя існуе», — заўважае латвійскі палітолаг у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі».

Выданне la.lv мяркуе, што ідэя Незалежнай Латгаліі, сапраўды, нарадзілася ў галовах прарасійскіх актывістаў Латвіі, аднак аўтаномна ад Масквы. Звяртаецца ўвага на тое, што адрас старонкі ЛНР у Facebook упершыню з’явіўся ў выглядзе паста да каментара аднаго з лідараў мясцовай рускамоўнай камуны. Іншымі словамі, ЛНР узнікла як спантанная рэакцыя. Сапраўды, стварыць акаўнт няцяжка. Пра тое, што аўтары ЛНР працавалі на хуткую руку, сведчыць і выява грыфона з герба ЛНР. Гэту выяву проста ўзялі з лагатыпу адной з латышскіх інтэрнэт-газет, прычым нацыяналістычнай.

У сувязі з гэтым папулярная думка, што нехта проста вырашыў пажартаваць з рыжскіх уладаў. Нават прарасійскія актывісты пагаджаюцца, што канфліктны патэнцыял у Латгаліі вельмі нізкі. «Гэта не больш чым тролінг. І вельмі дзіўна, што латвійскія спецслужбы і паліцыя звяртаюць на гэта ўвагу. Тое, што ўрад і сілавікі павяліся на жарт, кажа толькі аб тым, што ўрад неадэкватна функцыянуе і слаба ўяўляе, што адбываецца ў іх краіне, ды і ў свеце ў цэлым», — адзначае Аляксандр Дзюкаў, адзін з памяркоўных лідараў расійскай камуны.

Калі меркаваць па каментарах на латвійскіх рускамоўных сайтах, да такой жа думкі схіляецца і большасць «латгальскай» аўдыторыі. Тут дамінуюць іранічныя каментары, напрыклад: «Крута. Давайце ўвесь свет падзелім на народныя рэспублікі», ці: «Што гэта за герб?! Забярыце яго... Мы сабе лепей прыдумаем!».

У сувязі з тым, што праект самастойнай Латгаліі выглядае неадэкватным нават для большасці рускамоўных, з’явілася думка пра правакацыю з боку ўлады. Яе сэнс тлумачыць адзін з блогераў: «Хутчэй за ўсё, гэта чарговае «ўкідванне», якое, верагодна, зрабіў урад для распальвання нацыяналістычнай істэрыкі ў краіне... Укінулі і глядзяць — колькі нас (рускамоўных) за і колькі супраць... Ці змогуць яны зладзіць тое, што на Украіне, ці не?»

Ёсць проста фантастычныя тэорыя, адэпты якой лічаць, што ЛНР прыдумалі ў… ЦРУ. Логіка тут наступная: «ЛНР стварылі з падачы Дзярждэпа. Правакуюць тытульных грамадзян (латвійцаў) да ўкраінскага варыянту, каб Масква пасля выступіла ў абарону рускамоўных. Латгалія — небарака, якраз на мяжы з Расіяй. Хочацца ім яшчэ і з гэтага краю падпаліць. Самі падумайце: народу там — як леташняга снегу. Пенсіянеры ў асноўным ды трошкі дзетак. Каму там лагатыпы з грыфонамі маляваць

З улікам дэфіцыту інфармацыі (акаўнт ЛНР у Facebook не абнаўляецца), цяжка зрабіць выбар на карысць адной з пералічаных вышэй версій. Хутчэй за ўсё, на дадзеным этапе дыскусіі вакол ЛНР можна дакладна казаць выключна пра ролю інфармацыі ў сучасным палітычным працэсе. Прычым, як бачым, нават падобная на фэйк інфармацыя можа мець сур’ёзныя наступствы.

Можна, канешне, яшчэ ўзгадаць, што некалі Латгалія належала ВКЛ, і дзяржаўнай мовай тут была беларуская. Дарэчы, латгальскі дыялект і зараз вельмі падобны да беларускай мовы.

Каментаваць