Камуністычны Майдан

На гэту восень малдаўскія камуністы запланавалі ў краіне «аксамітную рэвалюцыю». Пра тое, як ідзе працэс на радзіме Рыгора Катоўскага, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім калегам Максімам Курсілевым.



— Калі і чаму сярод камуністаў узнікла ідэя «аксамітнай рэвалюцыі»? Якія задачы ў плануемых пратэстаў? Ці ўжо вядомы план перавароту?

— Кіраўнікі Партыі камуністаў Рэспублікі Малдова (КПРМ) абвясцілі пра пачатак падрыхтоўкі да «аксамітнай рэвалюцыі» прыкладна ў сакавіку. Дэталі «штурму Зімняга» яны не абвяшчалі. Аднак з улікам таго, што ўвесь час КПРМ эксплуатуе тэму «аксамітнай рэвалюцыі» ў Чэхаславакіі 1989 года, можна меркаваць, што схема падобная — вывесці на вуліцы шмат людзей і такім чынам прымусіць уладу выканаць нейкія патрабаванні.

Галоўны пункт у спісе патрабаванняў — адстаўка нядаўна сфармаванага ўрада на чале з Юрыем Лянкэ і правядзенне новых парламенцкіх выбараў ужо ў гэтым годзе. Усе мясцовыя аглядальнікі пагаджаюцца, што заклікі да рэвалюцыі — рэакцыя камуністаў на правал спробаў дамагчыся датэрміновых выбараў, якія здаваліся вельмі рэальнымі пасля краху кабінету Міхаіла Гімпу. Аднак дэмакратам пад патранатам ЕС зноў удалося знайсці агульную мову і стварыць новую кааліцыю. Гэта палітычная няўдача балюча ўдарыла па пазіцыях камуністаў і падштурхнула іх заявіць пра намер выйсці на барыкады.

— Выглядае нонсенсам рашэнне камуністаў узяць на ўзбраенне такі прыём, як аранжавая рэвалюцыя. У постсавецкай левай прэсе даўно сфармаваўся кансенсус: рознага кшталту Майданы — гэта пратэсты, якія штучна інспіруюцца звязанымі з ЦРУ СМІ.

— Камуністычная аксамітная рэвалюцыя супрацьпастаўляецца перш за ўсё падзеям красавіка 2009 года, калі нацыяналістычная моладзь захапіла будынак ураду. Сама рэвалюцыя падаецца як негвалтоўная акцыя, і нават вельмі пазітыўная для грамадства. Варонін кажа, што грамадзяне краіны абураныя дзеяннямі цяперашняй улады, у выніку чаго неўзабаве можа ўспыхнуць масавае паўстанне, і было б добра, каб яно было кантраляваным. У лік патэнцыйных рэвалюцыянераў камуністы запісваюць аж 80% насельніцтва краіны.

— Пратэсты камуністаў цікавыя таксама з той прычыны, што на лістападаўскім саміце ў Вільнюсе Малдова збіраецца падпісаць Дамову пра гандлёвую зону з ЕС. Ці значыць гэта, што камуністы хочуць заручыцца падтрымкай Масквы, якая намагаецца любымі метадамі затармазіць рух Малдовы ў бок ЕС? Як вядома, у маі камісар Масквы ў рэгіёне Дзмітрый Рагозін катэгарычна заявіў, што Малдова павінна стаць сябрам еўразійскай інтэграцыі.

— Кааперацыя Кішынёва з ЕС — галоўная прэтэнзія, якую Варонін адрасуе кіруючай кааліцыі. Ён цвердзіць, што ўся заканадаўчая дзейнасць у Кішынёве праходзіць пад дыктоўку юрыстаў з Брусэля. Аднак нападкі КПРМ на ЕС хутчэй выклікаюць недавер. Камуністы шмат зрабілі, будучы пры ўладзе, для ўзмацнення еўрапейскага вектару. Менавіта намаганнямі Вароніна Рэспубліка Малдова апынулася ва «Усходнім партнёрстве». Увогуле, у праграме партыі Вароніна можна прачытаць, што «ПКРМ выступае за еўраінтэграцыю». Пра інтэграцыю ў Мытны саюз у праграме «аксамітных рэвалюцыянераў» не сказана наогул ні аднаго слова. Магчыма, прымеркаваўшы сваю «аксамітную рэвалюцыю» да віленскай саміту «Усходняга партнёрства», партыя камуністаў дасылае выразны сігнал лаяльнасці Маскве. Як бы ні закончылася цяперашняя рэвалюцыя, на наступных парламенцкіх выбарах 2014 года гэта можа дапамагчы ПКРМ атрымаць адназначную падтрымку Крамля.

— Ці крытыкуюць «аксамітныя рэвалюцыянеры» прыднястроўскую палітыку ўраду?

— Лідар камуністаў Уладзімір Варонін адзначае, што кіруючы альянс за кошт фарсіраванай еўраінтэграцыі рызыкуе раскалоць Малдову і правесці новую дзяржаўную мяжу па Днястры. Сапраўды, у Ціраспалі апошнім часам усё больш гавораць пра тое, што падпісанне дамовы ў Вільнюсе будзе пратэстам дыпламатычнага прызнання Прыднястроўя з боку Масквы. Там так далёка не ідуць, аднак на першым этапе не супраць варыянту, калі рускі рубель будзе дзяржаўнай грашовай адзінкай ПМР. Аднак нейкай канструктыўнай альтэрнатывы ў камуністаў па гэтым пытанні таксама няма. Усе памятаюць, як Варонін у апошні момант сарваў падпісанне Мемарандума Козака, які меў на мэце пачаць паступовую рэінтэграцыю ПМР у склад Малдовы.

— Як улада і праўладныя партыі адрэагавалі на такую незвычайную рэвалюцыйную ініцыятыву?

— Пакуль за падрыхтоўкай да рэвалюцыі ўважліва сочаць выключна прарумынскія правыя партыі. Яны патрабавалі ад Генпракуратуры забараніць правядзенне моладзевых летнікаў КПМР, на якіх, быццам, моладзь рыхтуюць да экстрэмісцкіх акцый. Што тычыцца ўлады, дык там на ўльтрарэвалюцыйную рыторыку камуністаў рэагуюць вельмі спакойна. А дэмакраты на адрас рэвалюцыянераў абмяжоўваюцца іранічнымі каментарамі. Так, напрыклад, не абмінулі ўвагай жнівеньскі ліст Вароніна да прэзідэнта з просьбай пакінуць яму службовую машыну. Дзіўны, пагадзіцеся, ліст для палітыка, які, па яго словах, усур’ёз рыхтуе дзяржаўны пераварот.

— Калі меркаваць па малдаўскай прэсе, ніякіх падзей, якія падпадаюць пад катэгорыю «рэвалюцыйныя», у Кішынёве не назіраецца. Няўжо рэвалюцыя закончылася, так і не распачаўшыся?

— З самага пачатку ўся гісторыя нагадвала ліпу. Гісторыя, напэўна, не ведае выпадкаў, каб змоўнікі самі анансавалі антыдзяржаўны выступ, адмаўляючыся ад аднаго з галоўных фактараў паспяховай рэвалюцыі — раптоўнасці. Таму каментатары схіляюцца да таго, што КПРМ за кошт пагрозы сілавым сцэнарам намагалася атрымаць нейкія саступкі ад улады, спрабавала пафліртаваць з Масквой, і плюс да ўсяго імкнулася кансалідаваць свой электарат. Аднак пакуль масавай падтрымкі іх кампанія відавочна не мае.

Праўда, ёсць адно «але». Галоўны этап кампаніі яшчэ не пачаўся. Зараз рэгіянальным аддзяленням партыі загадана падрыхтаваць дастатковую колькасць прыхільнікаў, гатовых у «гадзіну X» прыбыць у сталіцу і «стаяць да перамогі». Між тым, з набліжэннем саміту «Усходняга партнёрства» на ўлады Малдовы ўзмацняецца ціск. У Гагаузіі, дзе ў адміністрацыі прарасійскія сілы, кажуць аб выхадзе са складу Малдовы, а малдаўскім віном зацікавіўся Анішчанка. У сукупнасці гагаузскае пытанне, гандлёвая вайна з Расіяй і пратэсты левай апазіцыі сапраўды могуць узняць градус палітычнай напружанасці, стварыць у грамадстве нешта больш-менш падобнае на рэвалюцыйную атмасферу. Пакуль жа мы назіраем хутчэй фарс.

Каментаваць