Канцэрт, які зрабіў Абаму прэзідэнтам

15 жніўня 1969 года адбыўся канцэрт, які стаў сімвалам эпохі і змяніў ход гісторыі. Мова пра славуты Вудсток.

«Маладыя людзі, якія маюць капітал, шукаюць легальныя магчымасці інвестыцый», — такая аб’ява з’явілася напрыканцы 1968 года ў «New York Times» і «Wall Street Journal». Аб’яву замовілі 20-гадовыя Джон Робертс і Джоэль Розэнман.



15 жніўня 1969 года адбыўся канцэрт, які стаў сімвалам эпохі і змяніў ход гісторыі. Мова пра славуты Вудсток.

«Маладыя людзі, якія маюць капітал, шукаюць легальныя магчымасці інвестыцый», — такая аб’ява з’явілася напрыканцы 1968 года ў «New York Times» і «Wall Street Journal». Аб’яву замовілі 20-гадовыя Джон Робертс і Джоэль Розэнман.

Адгукнулася каля тысячы чалавек, аднак адбор прайшлі толькі 22-гадовы Майкл Ланг і Арці Корнфілд. Спачатку яны прапанавалі маладым мільянерам заснаваць курсы мастацкага навучання, аднак потым узнікла ідэя правесці самы буйны фестываль у гісторыі. Як пазней згадваў Ланг, ідэя была вельмі простай — сабраць у адным месцы самых вядомых музыкаў.

Спачатку трэба было сабраць зоркавы склад і знайсці месца для канцэрту. З выступоўцамі быццам праблем не было. У спісе тых, хто пагадзіўся ўдзельнічаць у фестывалі, былі такія зоркі, як Джэніс Джоплін, Джымі Хендрыкс, Джо Кокер, Джоан Баэз, групы «Jefferson Airplane», «The Who», «Creedence Clearwater Revival» і іншыя.

А вось з пляцоўкай было больш праблем. Муніцыпалітэты маленькіх гарадоў вакол Нью-Йорку нават чуць не хацелі пра канцэрты для хіпі. На той час ЗША яшчэ не адышлі ад выхадкі банды маньяка Чарльза Мэнсана, які забіў сям’ю галівудскіх акцёраў. Мэнсан быў тыповым хіпі, паколькі жыў у камуне, слухаў рок і захапляўся нетрадыцыйнай рэлігіяй.

Сітуацыю выратаваў фермер з-пад гарадку Бетэл. За 75 тысяч долараў ён пагадзіўся аддаць пад канцэрт сваё поле, нягледзячы на тое, што суседзі адмовіліся купляць яго малако. Прычым як фермеру, так і мясцовым уладам арганізатары схлусілі. Заявілі, што людзей будзе не больш за 50 тысяч чалавек. На самай справе, спачатку планавалася куды больш. Толькі напярэдадні канцэрту было прададзена 186 тысяч білетаў па 18 долараў кожны. Яшчэ 200 тысяч планавалася прадаць непасрэдна падчас шоу. Ланг і тусоўка лічылі барышы, калі пачаліся, мякка кажучы, праблемы.

Зранку 15 жніўня ў бок Бетэла рушыла калона машын. Хутка ўзнікла пробка на 30 кіламетраў. Сотні тысяч чалавек часам суткамі стаялі ў калоне. Аднак на гэты час прыкладна 200 тысяч чалавек ужо дабраліся да месца канцэрту. Чакаць у доўгіх чэргах яны не жадалі, тым больш, што канцэрт ужо пачаўся. Хутка платы былі зламаныя. Лангу заставалася рабіць добрую міну пры дрэннай гульні: выйсці да мікрафону і зрабіць аб’яву пра тое, што канцэрт будзе «на халяву».

Гэтым справа не закончылася — хаос перакінуўся за кулісы. Галоўныя прычына — музыкаў з-за аўтамабільных пробак прыйшлося дастаўляць на верталётах. У выніку імпрэза пачалася на некалькі гадзін пазней, а перапынкі паміж выступамі часам цягнуліся да 17 гадзін (!).

Паколькі публіцы рабіць часам было няма чаго, яна ахвотна ўжывала наркотыкі, займалася сексам і папросту адпачывала. Спаць даводзілася тут жа на зямлі. Гэта прывяло да няшчаснага выпадку: трактар фермера зранку пераехаў чалавека. Гэта была другая ахвяра фестывалю. Першай стаў адзін наркаман, які прыняў вялікую дозу гераіну. А на закуску пад напорам натоўпу рухнула сцэна.

Вось такія былі знешнія вынікі Вудстоку. Напэўна, вечарам 17 жніўня 1969 года арганізатары фестывалю адчувалі сябе самымі няшчаснымі людзьмі ў свеце. Праект, у які яны ўклалі амаль усе свае грошы, ляснуўся.

Аднак сітуацыя хутка пачала мяняцца. Ранішні выпуск «New York Times» выйшаў з рэпартажам з Вудстоку. Яго аўтар напярэдадні меў вялікі канфлікт з рэдактарам, які патрабаваў ад яго артыкул пра секс, наркотыкі, аўтамабільныя пробкі, антысанітарыю. Журналіст жа акцэнтаваў увагу на іншым. Для яго галоўным вынікам Вудстоку была незвычайная атмасфера гармоніі і салідарнасці паміж маладымі людзьмі.

Акрамя таго, журналіст звярнуў увагу, што ўдзельнікамі Вудстоку была моладзь левых поглядаў, патэнцыйныя чытачы прагрэсіўнай «New York Times». Рэдактар пагадзіўся і паставіў артыкул на старонку. Так пачалося стварэння легенды.

На наступны дзень па тэлебачанні паказалі talk-show Дзіка Кэвета, якое глядзела ўся краіна. На праграму былі запрошаныя сябры групы «Jefferson Airplane», удзельнікі канцэрту. Яны прадставілі Вудсток у самых пазітыўным выглядзе.

Апошнюю цагліну ў фундамент міфалогіі Вудстоку заклаў дакументальны фільм «Вудсток — тры дні міру і музыкі», які выйшаў праз год. Фільм атрымаў Оскара і прынёс стваральнікам 16 мільёнаў долараў (сабекошт карціны — 100 тысяч долараў).

З тых часоў Вудсток — не толькі легенда, але і бізнес. Літаральна кожны год Ланг і яго кампанія арганізоўваюць які-небудзь фестываль пад брэндам «Вудсток». У гэтым годзе яны нават арганізавалі сусветны тур. Варта згадаць, што арганізатарам Вудстоку давялося да пачатку 1980-х плаціць па даўгам за той легендарны канцэрт. Яны ўляцелі прыблізна на тры мільёны долараў.

Вудсток зламаў ход гісторыі. На нейкі час маладыя людзі альтэрнатыўных поглядаў апынуліся ў адным месцы. Яны адчулі сваю сілу, атрымалі імпульс да змен у грамадстве. Выступ Джымі Хендрыкса, які сыграў амерыканскі гімн, стаў сімвалічным актам нараджэння новай Амерыкі. Не дзіўна, што тыя гады сталі зенітам студэнцкага і грамадзянскага руху ў ЗША. «Самы вялікі грамадскі мірны эксперымент усіх часоў», — пісаў вядомы музычны часопіс «Rolling Stone» пра тры дні ў Вудстоку.

Ці была б такой Амерыка сёння, калі б не Вудсток? Ветэраны Вудстоку кажуць: «Не». Прынамсі, па іх словах, Барак Абама без Вудстоку ніколі б не быў прэзідэнтам.

А гарадок Бетэл даўно ўжо жыве дзякуючы турыстам, якія едуць сюды з усіх канцоў свету, каб паглядзець на месца легендарнага Вудстоку.


 --------------------------------------

Аб’ява

40 год Вудстока

Шырока вядомы кампазітар і гітарыст “Алгарытмаў і “Верасоў, кіраўнік мінскага “Стар-клуба і адзін з пачынальнікаў біт-фестываляў у Беларусі Генадзь Старыкаў, арганізуе святкаванне 40-годдзя Вудстока. 15 жніўня ў Мінску ў Доме культуры ветэранаў на вуліцы Янкі Купалы, а 19.00 зайграюць і заспяваюць сапраўдныя “ветэраны — сам Генадзь Старыкаў, Вольга Арыпава, гурт “Зодчие, а таксама музыкі наступных пакаленняў — Юрый Міхайлаў з “Мадэрай Хард Блюз, гурт “Артэфакт, дуэт на чале з Аляксандрам Дзеркачом. Як і на Вудстоку, прагучаць і легендарныя кампазіцыі “The Beatles.
 

Каментаваць