Кандыдаты, да бар’еру!

50 гадоў таму ў ЗША ўпершыню ў гісторыі адбыліся дэбаты паміж кандыдатамі на пасаду прэзідэнта, у якіх удзельнічалі Рычард Ніксан і Джон Кенэдзі. З тых часоў дэбаты кандыдатаў сталі часткай палітычнай культуры дэмакратычных краін і шмат разоў мянялі ход выбараў.

Першы раз амерыканскі прэзідэнт з’явіўся на экранах тэлевізараў у 1939 годзе. Франклін Рузвельт пагадзіўся прайсці перад камерай. Ніякага значэння ён гэтаму не надаў. На той час тэлебачанне рабіла толькі першыя крокі.



50 гадоў таму ў ЗША ўпершыню ў гісторыі адбыліся дэбаты паміж кандыдатамі на пасаду прэзідэнта, у якіх удзельнічалі Рычард Ніксан і Джон Кенэдзі. З тых часоў дэбаты кандыдатаў сталі часткай палітычнай культуры дэмакратычных краін і шмат разоў мянялі ход выбараў.

Першы раз амерыканскі прэзідэнт з’явіўся на экранах тэлевізараў у 1939 годзе. Франклін Рузвельт пагадзіўся прайсці перад камерай. Ніякага значэння ён гэтаму не надаў. На той час тэлебачанне рабіла толькі першыя крокі.

Аднак ужо праз дзесяць гадоў яно стала моцнай медыйнай зброяй. У 1947 годзе Гары Трумэн упершыню з’вярнуўся да амерыканцаў праз тэлебачанне, прычым у прамым эфіры. Цікавая была тэма ягонага выступу: гарант заклікаў суайчыннікаў скараціць  спажыванне мясных прадуктаў, каб павялічыць аб’ёмы паставак мяса ў Еўропу ў рамках плана Маршала.

У наступным годзе ў краіне адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх кандыдату ад дэмакратаў Адлаю Стывенсану супрацьстаяў славуты генерал Айк Эйзенхаўэр. Шансаў на перамогу ў пераемніка Трумэна было няшмат. Аднак, трэба прызнаць, змагаўся ён упарта. У тым ліку вырашыў эскплуатаваць тэлевізію. На канале CBS пад выступ Стывенсана быў куплены час. Кандыдат зрабіў суперпрамову, разбіўшы ўшчэнт свайго канкурэнта.

Аднак пры гэтым паліттэхнолагі кандыдата прамаргалі той факт, што звычайна ў час, які яны выкупілі пад выступ Стывенсана, на канале паказвалі папулярны тэлесерыял “I love Lucy. Таму эфект ад прамовы Стывенсана быў, хутчэй, для яго выбарчай кампаніі адмоўным. Фанаты “I love Lucy не прабачылі кандыдату ад дэмакратаў адсутнасці ў сетцы праграм любімай мыльнай оперы.

Хутка ўзнікла ідэя правядзення на тэлебачанні дэбатаў кандыдатаў ад вядучых партый. Падчас выбараў 1956 года дырэкцыя ўніверсітэту Балтымара прапанавала кандыдатам рэспубліканцаў і дэмакратаў сустрэцца з аўдыторыяй студэнтаў і адказаць на іх пытанні. Усё гэта павінна было транслявацца на тэлевізіі. Ідэя спадабалася выбарчым штабам абедзвюх партый, аднак да рэалізацыі справа не дайшла.

Дэбаты адбыліся толькі на наступных выбарах. Такім чынам, 24 верасня 1960 года ў чыкагскай студыі CBS сустрэліся Рычард Ніксан і Джон Кенэдзі. Цікавасць да іх дуэлі была каласальнай. Калі верыць статыстыцы, за чатырма раундамі дэбатаў сачылі 60 мільёнаў чалавек.

На думку гісторыкаў, менавіта дэбаты дапамаглі Кенэдзі, які на той момант прайграваў кандыдату ад партыі рэспубліканцаў, стаць прэзідэнтам. Па-першае, Ніксан быў не ў вельмі добрай фізічнай форме — ён толькі выпісаўся са шпіталю. Акрамя таго, напярэдадні першых дэбатаў палітык, не зразумеўшы важнасці падзеі, рашуча адмовіўся рабіць сабе грым. Адпаведна, выглядаў ён не вельмі прывабна. Нядзіўна, што маці Рычарда пасля першага туру дэбатаў патэлефанавала сыну і спытала, ці не хворы той.

У адрозненні ад суперніка, Кенэдзі на экране быў здаровым і сімпатычным. Асабліва ён спадабаўся жаночай аўдыторыі. Лічыцца, што менавіта іх галасы пазней забяспечылі перамогу. Увогуле, дэбаты ўпершыню даказалі вялікую ролю карцінкі на тэлебачанні. Так, большасць тых, хто глядзеў шоў на экранах, аддалі перавагу Кенэдзі, а тыя, хто сачыў за дэбатамі праз радыё, вырашылі, што перамог на іх Ніксан.

Першы тур дэбатаў стаў пераломным. Кенэдзі вырваўся наперад і змог захаваць перавагу да дня галасавання. Ніксан хутка зразумеў сваю памылку. На другі тур ён з’явіўся ў грыме і выглядаў добра, аднак зламаць тэндэнцыю не здолеў.

Толькі ў 1976 годзе кіраўнікі выбарчых штабоў рэспубліканцаў і дэмакратаў зноў далі згоду на сустрэчу кандыдатаў перад тэлекамерамі. Спрачацца павінны былі дэмакрат Джымі Картэр і рэспубліканец Джэральд Форд. Былі прызначаныя тры раунды.

І сітуацыя 1960 года паўтарылася, аднак яшчэ больш драматычна. На пачатку дэбатаў Форд апярэджваў Картэра. Пасля першага раунду разрыў паміж кандыдатамі яшчэ больш павялічыўся. Аднак у другім раундзе, які быў прысвечаны замежнай палітыцы, Джэральд зрабіў фатальную памылку. Ён сказаў: “Няма ніякага савецкага дамінавання ва Усходняй Еўропе, і яго ніколі не будзе, пакуль будзе адміністрацыя Форда. Відавочная хлусня каштавала яму галасоў. У выніку перамог прадстаўнік партыі аслоў.

Аднак у 1980 годзе Картэр трапіў у тую ж пастку. Ён пагадзіўся дэбатаваць з Рональдам Рэйганам, забыўшыся, што той — акцёр Галівуду. Рэйган згадаў маладосць, цудоўна папазіраваў перад камерай, і калі дэбаты закончыліся, сімпатыі большасці былі на яго баку. Дарэчы, дэбаты паглядзелі 80 мільёнаў чалавек (на той час насельніцтва ЗША складала 226 мільёнаў).

На тых жа выбарах 1980 года ўзнікла праблема трэцяга кандыдата. Як вядома, у штатах двухпартыйная сістэма. Аднак часам нейкаму палітыку ўдаецца скласці канкурэнцыю тандэму. У год Алімпіяды такое і здарылася. Незалежнаму кандыдату Джону Андэрсану, які прадстаўляў фракцыю ліберальных рэспубліканцаў, удалося парушыць манаполію традыцыйных партый. Па выніках апытанняў, яго гатовыя былі падтрымаць да 10 працэнтаў выбаршчыкаў. Калі былі абвешчаныя дэбаты, Джон запатрабаваў удзелу ў дуэлі фаварытаў. Публіка была не супраць, аднак у выніку на дэбаты яго не пусцілі.

Затое трэцяга ўдзельніка пусцілі на дэбаты 1992 года, што ў выніку моцна дапамагло Білу Клінтану. Мільярдэр Рос Перо, які быў трэцім кандыдатам, займаў правыя пазіцыі, і падчас размовы галоўным чынам атакаваў Джорджа Буша. У выніку электарат кансерватараў раскалоўся.

Апошнім часам цікавасць да дэбатаў назіраецца ў Старым свеце. Кандыдаты на вядучыя дзяржаўныя пасады спрачаліся ў Германіі, Францыі, Швецыі. У Вялікабрытаніі гэтай вясной дэбаты ўвогуле справакавалі палітычную рэвалюцыю. У бітве партыйных лідэраў нечакана перамог Нік Клег, які прадстаўляў вечна трэцюю партыю ліберал-дэмакратаў. На хвалі ягонага поспеху партыя здолела зрабіць сабе добры імідж, нядрэнна выступіць на выбарах у парламент і ў выніку атрымаць шэраг міністэрстваў у кааліцыйным урадзе.

Што да былога СССР, то як інстытут дэбаты кандыдатаў на тэлебачанні дасюль існуюць хіба толькі ва Украіне. Ідэя іх правядзення ўзнікла ў атмасферы аранжавай рэвалюцыі, калі быў абвешчаны дадатковы трэці тур выбараў. У мінулым годзе кандыдаты таксама сустрэліся ў прамым эфіры. Ёсць надзея, што такія дыскусіі стануць сталай часткай украінскіх выбараў прэзідэнтаў.

Каментаваць