Канібалізм — гэта нармальна

Распачатыя яшчэ пасля фільму «Маўчанне ягнят» дэбаты вакол канібалізму напачатку гэтага года выйшлі на новы ўзровень. У заходняй прэсе гучаць заклікі рэабілітаваць канібалізм.

Дыскусія абвастрылася дзякуючы скандальнай кнізе «З’еш мяне. Натуральная і штучная гісторыя канібалізму» (Eat Me: A Natural and Unnatural History of Cannibalism). Яе аўтар — амерыканскі біёлаг Біл Шут — заяўляе: канібалізм — гэта нармальна.

Свае высновы Шут аргументуе спасылкамі не толькі на шматлікія выпадкі, калі чалавек еў чалавека. Вялікі блок кнігі займае апісанне выпадкаў канібалізму сярод жывёлаў, што дазваляе аўтару заявіць: «Канібалізм распаўсюджаны сярод практычна ўсіх жывёлаў — ад рыбаў да млекакормячых». Найбольшымі рэкардсменамі, напэўна, з’яўляюцца павукі. Калі верыць вучонаму, самкі так званага павука-ткача самі заклікаюць сваіх дзяцей, каб тыя іх з’елі. Паводле навуковай тэорыі, маці-павучыха разумее, што інакш пракарміць дзяцей нельга.


Адны словам, есці падобнага да сябе — звычайны фрагмент эвалюцыі, следства інстынкту выжывання. Аднак значна важней тое, што сярод жывёлаў-канібалаў фігуруюць шымпанзэ — прыматы, якія лічацца самымі блізкімі сваякамі чалавека. Зыходзячы з найноўшых даследаванняў, іх генетычная база супадае з чалавечай на 98,7%. Больш таго, штудыі выпадкаў канібалізму сярод шымпанзэ сведчыць пра іх рацыянальную прыроду. Напрыклад, малпы ідуць на такія брутальныя гастранамічныя ўчынкі, калі група не ўстане забяспечыць ежай усіх яе чальцоў.

Рацыянальныя матывы характэрныя і людзям, якія вырашылі есці чалавечыну. У якасці прыкладу ўзгадваецца выпадак 1972 года, калі ў выніку авіякатастрофы ў Андах апынулася група чылійскіх вайскоўцаў. Прыкладна два месяцы ва ўмовах зімы яны чакалі дапамогі. Пасля выратавання адзін з тых чылійцаў прызнаўся, што вымушаны быў есці мяса сябра, які толькі што памёр. Вось як ён апісвае ход сваіх думак перад ежай: «Спачатку мне стала кепска, аднак пасля я падумаў пра сваю маці, пра тое, што я павінен пабачыць яе, дапамагаць ёй. Я адкусіў першы кавалак. Гэта быў рашучы крок, і нічога жудаснага не адбылося».

Калі верыць аўтару, падчас развіцця чалавечага грамадства паўсталі два тыпы канібалізму. Першы — калі людзі елі частку любімых або родных, у тым ліку памерлых, каб абмяняцца добрымі пачуццямі. Другі тып — калі ў ежу ішлі чужынцы, як правіла, палонныя. На Карыбах ахвотна елі палонных, каб забраць у іх моц і мужнасць. Дарэчы, слова «канібал» паходзіць ад слова ад гаіцянскага слова «canibal», што ўласна азначае «адважны».


Тым не менш, на нейкім этапе гісторыі канібалізм стаў разглядацца як нешта жудаснае. Прынамсі, ужо ў паэмах Гамера людажэры выступаюць як носьбіты зла. З часам тэма канібалізму становіцца нават чорным піярам. У часы сярэднявечча бакі канфліктаў ахвотна выстаўлялі сваіх апанентаў як аматараў спажываць у ежу добрых хрысціян. З’явіўся тут і камерцыйны інтарэс. У 1503 годзе каралева Елізавета абвясціла, што чальцоў карыбскіх плямёнаў, якія не займаюцца канібалізмам, нельга рабіць рабамі. Як следства, насельніцтва Трынідада было аператыўна абвешчана каланізатарамі заўзятымі канібаламі.

Калі і чаму еўрапейцы вырашылі адмовіцца ад канібалізму, цяжка сказаць. У гэтым плане цікавая апісаная ў кнізе гісторыя, якая адбылася ў 60-я гады на выспе Новая Гвінея, дзе жыло племя Fore. Яго чальцы з незапамятных часоў ужывалі ў ежу часткі цела родзічаў нябожчыкаў. Гэты рытуал чамусьці павінен быў спрасціць апошнім шлях на той свет. І вось раптам падобную кулінарную практыку абарыгены спынілі. Аднак прычынай стаў не рост гуманістычных поглядаў, а хвароба, якую выклікала ежа з нябожчыкаў. Гэта гісторыя дае глебу для тэорыі пра тое, што адмова ад канібалізму магла быць следствам нейкай хваробы або эпідэміі.

Аднак забарона канібалізму не была ўніверсальнай. Напрыклад, у Кітаі яшчэ не так даўно дзеці, якія хацелі прадэманстраваць любоў да бацькоў, дазвалялі апошнім з’есці частку іхняга пальца або сцягна. Калі бацькі хварэлі, лічылася, што іх можна лёгка ўзняць на ногі за кошт незвычайнага блюда — вараны рыс з кавалкам пальцам роднага дзіцяці. Магчыма таму, што канібалізм доўгі час успрымаўся кітайцамі дастаткова талерантна, падчас культурнай рэвалюцыі тут адбываліся шакуючыя ў вачах еўрапейцаў выхадкі — хунвэйбіны смажылі і елі ворагаў правадыра Мао.

Прааналізаваўшы гісторыю канібалізму, аўтар заключае, што наяўнасць канібалаў у сучасным свеце — гэта нонсэнс. Няма ніякіх матываў, каб у межах барацьбы за выжыванне есці чалавечыну. На думку аўтара, прычынай існавання канібалаў з’яўляецца маскульт, які тыражуе жудасныя гісторыі пра іх прыгоды.

Будучы сінонімам абсалютнага зла, канібалізм выклікае нездаровы рэзананс у псіхічна хворых. У якасці прыкладу аўтар узгадвае нядаўні гучны выпадак у Германіі, дзе нейкі інжынер Берн Брандэс папрасіў на інтэрнэт-форуме, каб яго падсмажылі і з’елі з соллю і перцам. Хутка знайшоўся ахвочы — Армін Мейвес. Апошні выканаў пажаданне Брандэса, каб у выніку атрымаць пажыццёвы турэмны тэрмін. На думку Шута, «баналізацыя канібалізму», інфармаванне пра яго прымітыўную прыроду і гісторыю, маўляў, дазволіць нейтралізаваць падобныя дэвіяцыі.

Што значыць «баналізацыя канібалізму» на практыцы, цяжка сказаць. Праўда, аўтар згадвае яшчэ адзін прыклад. У Лацінскай Амерыцы даўно існуе традыцыя, калі парадзіхі ядуць плацэнту пасля нараджэння дзіцяці — як спосаб узнавіць рэчывы, страчаныя падчас родаў. Эксплуатуючы забабоны, фірма «Rembus» наладзіла выраб нейкай харчовай сумесі, куды, акрамя часныку, памідораў і цыбулі, дадаюць плацэнту. Аўтар кнігі паспрабаваў тую прадукцыю, якая нагадала яму ялавічыну.


Між тым, рэцэнзенты кнігі «З’еш мяне. Натуральная і штучная гісторыя канібалізму», дастаткова скептычна ацэньваюць ідэю «баналізацыі канібалізму». Канібалізм займае асобнае месца ў чалавечай культуры. Пачынаючы ад паэмаў Гамера і казак братоў Грым, і заканчваючы Ганібалам Лектарам, тэма канібалаў кантактуе з нейкімі нявывучанымі сферамі нашай падсвядомасці, выклікае там першабытны жах. І нічога, падаецца, з гэтым не зробіш. Колькі ні баналізуй канібалаў, усё роўна амаль ніхто не хоча, каб яго з’елі.



Каментаваць