Канец кітайскага Гулагу?

Новы прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Кэцян абвясціў, што Кітай гатовы пачаць працэс рэформы турэмнай сістэмы, а менавіта адмовіцца ад Лаогай — спецыяльных лагераў для працоўнага перавыхавання палітычна нелаяльных грамадзян.



Бацькам стваральнікаў цяперашняй пенітэнцыярнай сістэмы КНР з’яўляецца сам Мао Цзэдун. Прычым арыентаваўся ён на савецкі вопыт. Таму нядзіўна, што турмы Мао разглядаў, як і Сталін, у якасці важнага элемента дзяржавы, якая будуе сацыялізм. Лагеры часта былі прымацаваныя да якога-небудзь вялікага прадпрыемства: шахты, заводу ці сельскагаспадарчай фермы.

Адна з задач кітайскай турмы — перавыхаванне класавых ворагаў і контррэвалюцыянераў. Галоўным чынам ад антыкамуністычных поглядаў «палітычных» вызвалялі з дапамогай цяжкай фізічнай працы. Абавязковая частка перавыхавання — маршы і скандаванне патрыятычных лозунгаў. Сярэдні тэрмін перавыхавання доўжыўся чатыры гады.

Паводле ацэнак спецыялістаў, праз сістэму перавыхавання за апошнія 50 гадоў прайшлі некалькі дзясяткаў мільёнаў кітайцаў. Яшчэ мільён не здолелі ачысціцца ад варожых думак. Яны загінулі ад цяжкай працы або пакончылі жыццё самагубствам.

Палітычныя зняволеныя ў 1950-х гадах у Кітаі складалі 80 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Праўда, цяпер палітычных зон стала менш. На 2008 год, паводле падлікаў чэшскіх праваабаронцаў, у Кітаі было 320 падобных лагераў. Усяго ў іх знаходзіліся 160 тысяч чалавек. Кітай называе больш сціплую лічбу — 50 тысяч.

Аднак пры гэтым галоўны прававы прынцып не змяніўся. Для таго, каб адправіць у лагер асобу, якая выклікае падазрэнне, не трэба нават фармальнага судовага прысуду. Усё вырашаюць супрацоўнікі Міністэрства грамадскай бяспекі, гэта значыць паліцэйскія чыны.

Захаваўся яшчэ адзін артэфакт часоў Мао — крыміналізацыя дзяржавай цэлых сацыяльных груп. Прыналежнасць да іх адразу гаворыць пра наяўнасць дысідэнцкіх думак. Спачатку ў 1950-я гады ў лагеры ў калектыўным парадку адпраўлялі тых, каго прылічалі да патэнцыйных апанентаў народнай улады. Гэта былі і кулакі, і службоўцы зрынутага рэжыму партыі Гаміньдан.

Але ў канцы 1950-х гадоў, калі Мао Цзэдун разгарнуў кампанію супраць «правых», асноўны ўдар наносіўся па інтэлігенцыі. Так працягвалася і далей. Цяпер у турмы кідаюць галоўным чынам па прыналежнасці да секты Фаньгун. Па статыстыцы, кожны другі вязень кітайскага Гулагу — вернік Фаньгун. Часта палітычна нядобранадзейнымі ў КНР лічаць наркаманаў і прастытутак.

Стаць палітвязнем у КНР вельмі проста. Не так даўно Акадэмія грамадскіх навук КНР апублікавала даклад, у якім сістэма працоўных лагераў падвяргаецца крытыцы. Па меркаванні кітайскіх навукоўцаў, яна адкрывае магчымасць для злоўжыванняў з боку праваахоўных органаў і не адпавядае патрабаванням часу.

Гэта наглядна прадэманстравала гучная гісторыя Тан Хуэй з горада Юнчжоў, на поўдні краіны. Адзінаццацігадовую дачку кітаянкі Тан Хуэй згвалтавалі двое паліцэйскіх і прадалі ў сэксуальнае рабства ў правінцыю Хунань. Іх выкрылі. Суд прыгаварыў гэтых дваіх да смерці, яшчэ чацвярых — да пажыццёвага зняволення, аднаго — да 15 гадоў зняволення.

Але Тан Хуэй гэта не задаволіла. Яна патрабавала смяротнага пакарання для ўсіх. І, верагодна, так дасадзіла мясцовым службоўцам, што яе засадзілі на паўтара гады ў працоўны лагер. Гэты выпадак атрымаў рэзананс і выклікаў шырокае сацыяльнае абурэнне. Жанчыну вызвалілі праз тыдзень. Але яна не супакоілася і працягвала патрабаваць справядлівасці. Урэшце кіраўнік лакальных выпраўленчых устаноў прынёс ёй прабачэнні — праўда, толькі ў вуснай форме. Але жанчыне выплацілі кампенсацыю — 2941 юаня (каля 480 долараў).

Кітайскі Гулаг — адна з любімых тэмаў мясцовых дысідэнтаў, што вельмі псуе імідж Пекіну. Улады кажуць, што лагерную тэму нярэдка эксплуатуюць заходнія СМІ для таго, каб абразіць Кітай. Апазіцыянеры, сапраўды, шмат пішуць пра тое, што прымусовая праца ў лагерах выкарыстоўваецца для вытворчасці экспартных тавараў. Кітаязнаўцы не згодныя з гэтым: насамрэч, патрэбы эксплуатаваць працу палітычных няма. Танных працоўных рук для экспартных прадпрыемстваў досыць.

Але ўсе згодныя, што змены ў пенітэнцыярнай сістэме ўсё ж адбудуцца. Зараз навукоўцы і юрысты ў Кітаі, сапраўды, адкрытым тэкстам даказваюць, што нельга саджаць людзей без суда. Той факт, што пытанне наогул абмяркоўваецца, кажа пра намер Кампартыі Кітаю правесці рэформы. Усе галіны турэмнай і судовай сістэмы будуць падпарадкоўвацца агульным патрабаванням.

Але пра пераход да нормаў дэмакратыі на заходні ўзор гаворка не ідзе. «Нездарма кітайскі друк цяпер піша, што трэба ісці сваім шляхам. І прыводзіць у прыклад Расію, дзе спроба запазычаць чужыя парадкі прывяла КПСС да краху», — піша «Независимая газета».

Адзін з кітайскіх дысідэнтаў даў наступную ацэнку цяперашняй сітуацыі ў КНР: «Сёння ўсё робіцца менш жорстка, але ўлады знаходзяць іншыя спосабы, каб пакараць вас, калі вы крытыкуеце кампартыю. Грамадства складаецца з асобных чалавек, але калі чалавек як асоба не ўяўляе ніякай каштоўнасці, то няма і ніякага грамадства. Калі ўладам не спадабаецца тое, што вы сказалі, напісалі ці зрабілі, яны знішчаць усю вашу сям’ю».

Важна адзначыць, што словы кітайскага прэм’ера — гэта трэцяе за апошнія 5 гадоў абяцанне кітайскіх уладаў пакончыць з сістэмай Лаогай. Папярэднія заявы аказаліся пустым гукам. Увогуле, першым ліквідаваць кітайскі ГУЛАГ абяцаў яшчэ Дэн Сяопін. Было гэта аж напрыканцы 1970-х гадоў.

Каментаваць