Канец сепаратызму

Лібералы і грамадскасць нацыянальных аўтаномій Расіі абураныя новым Законам аб забароне прапаганды сепаратызму. Літаральна за лічаныя гадзіны да бою курантаў Пуцін зрабіў усім малым народам Расіі «навагодні падарунак» — падпісаў «Закон аб крымінальнай адказнасці за прапаганду сепаратызму».



Закон прадугледжвае пакаранне за распаўсюд у любой форме поглядаў, ідэй заклікаў ці агітацыі з мэтай паставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Расіі. Артыкулам асобна прадугледжваецца выпадак, калі падобнага кшталту правапарушэнні будуць ажыццяўляцца прадстаўнікамі СМІ.

Тым расійскім грамадзянам, якія цяпер скажуць нешта супраць «адзінай і непадзельнай», не пазайздросціш. Іх чакаюць штраф, прымусовыя працы або пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў. Праўда, тут аўтары закону праявілі нябачаны гуманізм. У першым варыянце законапраекту прапаноўвалася даваць сепаратыстам да дваццаці гадоў (гэта, дарэчы, больш, чым могуць даць нават за забойства). Аднак некаторым і гэтага падалося мала. «За заклікі да парушэння тэрытарыяльнага адзінства Расіі трэба даваць пажыццёвы тэрмін», — заявіла сустаршыня аддзялення пуцінскага Агульнарасійскага народнага фронту (АНФ) у Амурскай вобласці Жакеліна Арлова.

Закон быў прыняты ў сярэдзіне снежня з падачы групы дэпутатаў розных фракцый, хаця яго застрэльшчыкамі выступілі камуністы. «Нават слоўныя заклікі да падзелу адзінай і непадзельнай Расіі будуць карацца турэмным зняволеннем», — горда сказаў Зюганаў.

У грамадстве нямала крытыкаў праекту. Яны лічаць, што Закон аб барацьбе з прапагандай сепаратызму (дарэчы, у народзе яго ўжо празвалі «Закон про расчлененку») супярэчыць свабодзе слова. Не дарма заканадаўчая ініцыятыва караць сепаратыстаў узнікла як непасрэдная рэакцыя на фразу, якую сказала 15 кастрычніка ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» галоўны рэдактар часопіса «The New Times» Яўгеніяй Альбац: «Нічога страшнага не бачу ў тым, калі Расія падзеліцца па Уральскім хрыбце».

«Істэрыка з нагоды сепаратызму — гэта чарговае звяно ў ланцугу, якую шалёны прынтар накідвае на рэшткі свабоды ў Расіі. Забароны множацца па самых розных нагодах, і справа зусім не ў канкрэтных, нібыта небяспечных для дзяржавы словах і развагах, а ў стварэнні ўніверсальнай сістэмы падаўлення свабоды слова», — піша ліберальны партал «Грани».

Пратэстуюць і ў аўтаноміях. Тут закон крытыкуюць за тое, што яго змест супярэчыць артыкулу 5 Канстытуцыі РФ, згодна з якім за народамі Расіі прызнаецца права на самавызначэнне. «Да прапаганды сепаратызму могуць быць аднесены думкі і перакананні на карысць права народаў на самавызначэнне, выяўленыя публічна; да сепаратысцкіх матэрыялаў — Статут ААН, Дэкларацыя ААН аб правах карэнных народаў і іншыя дакументы, якія змяшчаюць палажэнні аб праве народаў на самавызначэнне; да сепаратысцкіх рухаў — нацыянальныя грамадскія аб’яднанні, якія абараняюць правы карэнных народаў», — гаворыцца ў заяве адной з татарскіх грамадскіх арганізацый.

Некаторыя арганізацыі нацыянальных меншасцяў вырашылі аспрэчыць закон праз міжнародныя інстанцыі. Так, Савет аксакалаў башкір накіраваў у офіс ААН зварот, у якім адзначаецца, што закон пагоршыць становішча карэнных народаў Расійскай Федэрацыі, сярод якіх ёсць і башкірскі народ. «Па сутнасці замацаваны ў Законе прынцып тэрытарыяльнага адзінства РФ гарантуе немагчымасць выхаду суб’екта Расійскай Федэрацыі з яе складу, што супярэчыць прынцыпу федэралізму», — пішуць башкіры.

Шмат хто лічыць, што закон ёсць наступным крокам у бок змены Канстытуцыі ў выніку чаго нацыянальна-тэрытарыяльныя аўтаноміі цалкам ліквідуюць. Малым народам прапануюць задавальняцца нацыянальна-культурнай аўтаноміяй.

Прыхільнікі закона сапраўды мысляць у такой парадыгме. На адным з патрыятычных сайтаў гаворыцца: «Крытыкі трактуюць сепаратызм выключна як дзейнасць па дэзінтэграцыі дзяржаўнай тэрыторыі, а між тым сепаратызм уяўляе сабой больш складаную з’яву. Як навуковая катэгорыя, сепаратызм уключае ў сябе такія паняцці, як сецэсіянізм, так і аўтанамізм. Прыхільнікі сецэсіянізму імкнуцца да выхаду тэрыторыі са складу існуючай дзяржавы, а прыхільнікі аўтанамізму — да павышэння ступені яе аўтаноміі. Аднак і адно і другое лічыцца сепаратызмам у сучасных навуковых катэгорыях».

Выступілі супраць і этнічныя расіяне, якія дамагаюцца, каб іх рэгіёны атрымалі большую самастойнасць ад Масквы. Самай рэзананснай акцый стаў зварот сібірскага аўтанаміста Міхаіла Кулехава з Якутску. 9 студзеня ён звярнуўся ў Канстытуцыйны суд Расійскай Федэрацыі з нагоды прынятага закону. На думку сібірака, выраз «публічныя заклікі» неканкрэтны, і можа трактавацца ў тым ліку «як забарона выказваць сваё меркаванне па якім-небудзь пытанні».

Магчыма, грамадскасць хвалюецца дарма. На інтэрнэт-форумах сцвярджаюць, што Закон аб сепаратызме — чарговы шэдэўр заканатворцаў, які ніколі не будзе рэалізаваны. Сапраўды, у Дзярждуме гэтага склікання нараджаецца мноства заканадаўчых актаў, якія пазней даводзіцца карэктаваць або ніколі не выкарыстоўваць на практыцы.

Магчыма, такі лёс чакае і закон аб сепаратызме, які не ідэальны і можа быць выкарыстаны як заўгодны. Вось які рэцэпт, напрыклад, з’явіўся днямі ў сеціве: «Дзякуючы закону аб сепаратызме можна лёгка атрымаць прытулак на Захадзе. Такім чынам, едзеш як турыст у тую ж Фінляндыю, каб пачаць з яе тэрыторыі актыўна прапагандаваць у інтэрнэце (пажадана, у форме адкрытых лістоў у Следчы камітэт) вяртанне Фінляндыі ўсіх земляў, адабраных у яе ў выніку злачыннай агрэсіі СССР. А таксама перадачу ёй Мурманска, Пецярбурга і ўсіх сродкаў рэзеровага фонду ў якасці кампенсацыі за семдзесят гадоў акупацыі і разбурэнне лініі Манхэргейма (чым больш шалёна пісаць, тым больш прадстаўнікоў пуцінскай «грамадскасці» раз’юшацца і напішуць на цябе данос). Пасля чаго спакойна чакаеш абураных заклікаў «пакараць здрадніка і сепаратыста» і ўзбуджэння крымінальнай справы, каб папрасіць палітычны прытулак па месцы знаходжання. Не зможа ж Фінляндыя выдаць крывавай гэбні свайго палымянага патрыёта!»

Што на самай справе атрымаецца з новага крыжовага паходу супраць сепаратыстаў у Расіі, мы даведаемся, напэўна, бліжэй да лета. Новы закон уступіць у сілу 9 мая 2014 года.

Каментаваць