Карабах: бясконцае рэха вайны

За амаль дваццаць гадоў, якія прайшлі з дня спынення карабахскага канфлікту, назапасілася занадта шмат крыўдаў. І гэта пагражае новым выбухам. Але яшчэ гадоў дваццаць канфлікту — і можна зноў прачнуцца ў Расійскай імперыі... Прапануем вам азербайджанскі і армянскі погляд на канфлікт.



Папярэджанне на ўсе часы. Мастак Васіль Верашчагін. “Апафеоз вайны”, 1871


Трагедыя Хаджалы

26 лютага 1992 года пры ўзяцці горада Хаджалы армянскімі ўзброенымі фармаваннямі загінулі больш за 600 мірных жыхароў.

Карэспандэнт CNN Юрый Раманаў, які адным з першых прыбыў на месца падзей, дзяліўся сваімі ўражаннямі: «Я зірнуў у круглае акенца верталёта і літаральна адхіснуўся ад непраўдападобна страшнай карціны. На жоўтай траве прадгор’я, дзе ў ценю яшчэ растаюць шэрыя аладкі снегу, што засталіся ад зімовых гурбаў, ляжалі мёртвыя людзі. На ўсёй гэтай аграмаднай плошчы да блізкага далягляду былі відаць трупы жанчын, старых, хлопчыкаў і дзяўчынак усіх узростаў, ад немаўлят да падлеткаў… Вока вырвала з месіва целаў дзве фігуркі — бабулі і маленькай дзяўчынкі. Бабуля з сівой непакрытай галавой ляжыць тварам уніз побач з малюсенькай дзяўчынкай у блакітнай куртачцы з каптурком. Ногі ў іх чамусьці звязаныя калючым дротам, а ў бабулі — яшчэ і рукі. Абедзве застрэленыя ў галаву. У апошнім жэсце маленькая, гадоў чатырох, дзяўчынка працягвае рукі да забітай бабулі. Агаломшаны, я нават не адразу ўзгадваю пра камеру».

Хаджалы стаў чарговым звяном у ланцугу падзей, якія назавуць генацыдам, — за Хаджалы адбудзецца трагедыя ў Срэбраніцы, а потым і знішчэнне народа тутсі ў Руандзе.

Пра невялікі горад у Нагорным Карабаху свет даведаўся пасля ночы з 25 на 26 лютага 1992 года. У гэты дзень падраздзяленне Армянскага экспедыцыйнага корпуса (і, па адной з версій, расійскага 366-га мотастралковага палка) захапіла Хаджалы. З ваеннага пункта гледжання для армянскага боку ўзяцце горада было важным актам — Хаджалы знаходзіцца ў 10 кіламетрах на паўночны ўсход ад Сцепанакерта, у раёне Карабахскага хрыбта. Праз Хаджалы праходзяць дарогі Агдам — Шуша, Аскеран — Сцепанакерт, і тут жа размешчаны аэрапорт — адзіны ў Нагорным Карабаху, які можа прымаць вялікія самалёты. Са стратай Хаджалы і яго жыхароў азербайджанская абшчына Нагорнага Карабаха пазбавілася аднаго з апошніх апірышчаў свайго існавання.

Штурму Хаджалы папярэднічаў масіраваны абстрэл з артылерыйскіх гармат, цяжкай ваеннай тэхнікі. У выніку ў горадзе распачаўся пажар. Каля 2 500 жыхароў горада з рэшткамі гарнізона пакінулі Хаджалы, каб прабіцца ў кірунку горада Агдам — найбліжэйшага пункта, населенага пераважна азербайджанцамі.

Да падзей у Хаджалы бакі прытрымліваліся правіла — падчас штурму населенага пункта і армянскія, і азербайджанскія войскі пакідалі калідор для адыходу мірнага насельніцтва.

Аднак каля сяла Нахічаванік, населенага армянамі, уцекачы наткнуліся на армянскі ўмацаваны пост. Уцячы ад масіраванага абстрэлу здолелі не ўсе — у выніку на наступны дзень знайшлі трупы каля 600 чалавек. 150 чалавек зніклі без вестак, лічыцца, што іх трупы згарэлі. Сярод забітых 106 жанчын, 76 дзяцей, 70 старых, параненыя больш за 500 чалавек.

Хаджалінскія падзеі прывялі да карэнных зменаў у карабахскім канфлікце. Супрацьстаянне, якое да падзей 26 лютага насіла тэрытарыяльны характар, калі аспрэчвалася прыналежнасць Карабаха да Арменіі ці Азербайджана, ператварылася ў міжнацыянальную вайну.

«Human Rights Watch» назвала трагедыю ў Хаджалы «самай вялікай разнёй за час карабахскага канфлікту». Пасля хаджалінскай разні стала зразумела, што больш ніякай літасці не будзе — пры найменшым падазрэнні на ўзяцце тэрыторыі мірнае насельніцтва адразу сыходзіла ці эвакуявалася.

За гэты час высоўвалася некалькі версій трагедыі ў Хаджалы, прычым адна адну яны не аспрэчвае. Маркар і Сета Мелканян, брат і жонка Мантэ Мелканяна, які з пачатку лютага 1992 года быў адным з кіраўнікоў армянскіх узброеных атрадаў у Карабаху, у сваёй кнізе «My Brother’s Road: An American’s Fateful Journey to Armenia», адзначаюць, што наступленне на Хаджалы было здзейснена ва ўгодкі падзей у Сумгаіце і разглядалася армянскім бокам як своеасаблівы акт адплаты. У кнізе згадваецца, што асаблівую ролю ў разні адыгралі чальцы армянскага добраахвотніцкага атрада «Арабо», якія выказвалі празмерную жорсткасць у адносінах да палонных, дабівалі кінжаламі азербайджанскіх уцекачоў з Хаджалы.

Варта адзначыць, што хаджалінскія падзеі адбыліся ў 4-ю гадавіну падзей у Сумгаіце.

Паводле другой версіі, армянскія сілы самастойна былі не ў стане ўзяць горад — у штурме Хаджалы ўдзельнічаў расійскі мотастралковы полк. Па словах відавочцаў, у горад першымі ўвайшлі менавіта расійскія салдаты. І тады падзеі ў Хаджалы выглядаюць як спроба Крамля аказаць ціск на Баку. Дарэчы, пасля ўзяцця Хаджалы армяне ў знак падзякі перайменавалі яго ў Іваньян.

І, нарэшце, паводле трэцяй версіі, Хаджалы быў актам застрашвання. Вядучы аналітык вашынгтонскага Фонду Карнэгі Томас дэ Ваал у сваёй кнізе «Чорны Сад» цытуе тагачаснага палявога камандзіра, а цяпер прэзідэнта Арменіі Сержа Саркісяна. «Да Хаджалы азербайджанцы думалі, што з намі можна жартаваць, яны думалі, што армяне не здольныя падняць руку на грамадзянскае насельніцтва. Мы здолелі зламаць гэты стэрэатып. Вось што адбылося. І трэба яшчэ прымаць да ўвагі, што сярод тых нашых былі людзі, уцекачы з Баку і Сумгаіта».

Праўда, паводле праваабарончага цэнтра «Мемарыял», Вярхоўны Савет самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі адразу пасля трагедыі выступіў з заявай, у якой выказаў шкадаванне з нагоды выпадкаў жорсткасці пры ўзяцці Хаджалы. У размовах з назіральнікамі «Мемарыяла» афіцыйныя службовыя асобы ў Сцепанакерце не адмаўлялі, што «пры ўзяцці Хаджалы маглі мець месца зверствы, бо сярод чальцоў армянскіх узброеных атрадаў ёсць узлаваныя людзі, чые сваякі былі забітыя азербайджанцамі, а таксама асобы з крымінальным мінулым».

Хаджалінскія падзеі сталі асобным фронтам у інфармацыйнай вайне паміж Ерэванам і Баку. Падзеі ў Хаджалы прызналі генацыдам парламенты Турцыі, Мексікі, Калумбіі, Пакістану і некалькіх штатаў ЗША — Арканзаса, Нью-Мексікі, Масачусетса. Генацыдам падзеі 26 лютага ў Хаджалы прызнаў і чэшскі парламент. На сайце Белага дома ўжо сабрана петыцыя з 100 тысяч подпісаў з заклікам да прэзідэнта ЗША выказацца наконт падзей у Хаджалы.

І гэта ўсё адбываецца на фоне фактычнага правалу перамоўнага працэсу паміж Арменіяй і Азербайджанам па ўрэгуляванні карабахскай праблемы. Перамовы ідуць з моманту падпісання дамовы пра спыненне агню ў Бішкеку ў маі 1994 года, і зараз зразумела, што ні адзін з бакоў да кампрамісу не гатовы.

Дзе ж выйсце? Зараз і ў Баку, і ў Ерэване ўсё часцей выказваюцца спадзяванні, што мірнае ўрэгуляванне можа быць звязана з еўрапейскай інтэграцыяй двух бакоў — і Азербайджан, і Арменія актыўна ўдзельнічаюць у праграме ЕС «Усходняе партнёрства», якая дэкларуецца як мост да інтэграцыі ў ЕС. А адсутнасць межаў можа вельмі спрыяць вырашэнню праблемы ў цэлым.

 

Маўсун Гаджыеў


Кроў і гонар

Армяна-азербайджанскі канфлікт — гэта крывавая рана на целе Каўказа. Боль, што ніяк не можа суцішыцца. Нянавісць не заціхае, бо забагата праліта крыві і занадта шмат здзейснена жахлівых злачынстваў. Прычым з абодвух бакоў.

Армянская разня ў Сумгаіце адгукнулася праз некалькі гадоў бойняй азербайджанцаў у Хаджалы. Падчас баявых дзеянняў здзяйсняліся і іншыя злачынствы. Рабаванні, марадзёрства, расстрэлы палонных. Крывавыя зачысткі населеных пунктаў рэгіёна, ахопленага вайной на знішчэнне. Абодва бакі канфлікту настолькі ўгневаліся, што ўжо не звярталі ўвагі, ці то вайсковец варожай арміі, ці то мірны жыхар.

У Арменію і Азербайджан пацягнуліся калоны ўцекачоў, што страцілі ўсе. Пашанцавала тым, хто дайшоў да бяспечных тэрыторый. Здараліся і напады на гэтыя калоны.

У назіральніка збоку, ашаломленага тэлевізійнымі рэпартажамі, складалася ўстойлівае ўражанне, што армяне і азербайджанцы вядуць вайну ўжо не столькі за Карабах, колькі на поўнае знішчэнне адзін аднаго.

Радыкалы з абодвух бакоў заклікалі не спыняць баявыя дзеянні, пакуль не будзе знішчаны апошні прадстаўнік ненавіснага народа. Абодва бакі не грэбавалі выкарыстоўваць у сваёй прапагандзе шалёныя шавіністычныя, ксенафобскія лозунгі.

Лозунгі, якія прывялі да забойстваў мірнага насельніцтва з абодвух бакоў, да тактыкі не браць палонных і дабіваць параненых. Да палітыкі поўнай і канчатковай адмовы ад жэнеўскіх канвенцый.

Трэба адзначыць, што да гэтага часу кампанія ўзаемнай нянавісці так і не спыненая. Нарадзіліся і выраслі цэлыя пакаленні, упэўненыя ў тым, што ўсе беды ад суседзяў, і пакуль сусед не знішчаны да апошняга чалавека, у твайго народа не будзе росквіту.

Шмат што ў прапагандзе было ўзята з рэпертуару Трэцяга Рэйха. Армяне і азербайджанцы пішуць адзін пра аднаго, як нацысты пра габрэяў. І гэта працягваецца і зараз, прычым на Каўказе, дзе кожны чалавек настолькі ганарысты, што памятае крыўды, нанесеныя яго продкам гадоў 500 таму.

Дзе ж палягаюць карані нянавісці армян і азербайджанцаў адзін да аднаго? Разня туркамі армян у 1915 годзе і змаганне дашнакаў з мусаватыстамі падчас грамадзянскай вайны? Сёння гэта ўсё ўжо не істотна. Важна іншае. Сыход Расіі з Закаўказзя другі раз за ХХ стагоддзе прывёў да таго, што народы, якія насяляюць рэгіён, згадалі векавыя крыўды і пачалі войны на ўзаемнае знішчэнне.

Мяне немагчыма пераканаць у адваротным прыгожымі лозунгамі пра незалежнасць, пра абарону дзяржаўных інтарэсаў ці нацыянальнага гонару. Чаго варты нацыянальны гонар, калі дзеля гэтага нішчацца мірныя людзі, уся віна якіх палягае ў тым, што яны не той нацыянальнасці?! Адбываецца гвалт з жанчын і старых. Штык-нажамі рэжуцца на кавалкі немаўляты ці ўспорваюцца жываты цяжарным жанчынам. Тут варта нагадаць, што ў 1946 годзе ў Нюрнбергу ўжо судзілі такіх вось аматараў нацыянальнага гонару.

І сёння зноў рэгіён на мяжы новай вайны. Зноў з абедзвюх сталіц гучаць ваяўнічыя заклікі і прапаганда робіць з суседзяў недачалавекаў, якіх трэба абавязкова знішчыць.

Зразумела, што армяне не сыдуць з Карабаха, не дадуць сябе выгнаць з гэтай палітай крывёй зямлі. Безумоўна, азербайджанцы таксама не збіраюцца прызнаваць за армянамі Карабах і мараць пра рэванш. І калі, крый Божа, пачнецца новая вайна, дык весціся яна, безумоўна, будзе з яшчэ большай жорсткасцю, і зноў будуць адрынутыя жэнеўскія канвенцыі.

Войны на Каўказе заўсёды вяліся, як і на Балканах, з фанатычнай нянавісцю да ворага. Гэта не еўрапейскія войны. Тут няма кодэксаў гонару і вядзення вайны. Дый амаль за дваццаць гадоў, якія прайшлі з дня спынення карабахскага канфлікту, назапасілася занадта шмат крыўдаў. І гэта пагражае новым выбухам.

І ўсё ж выйсце ёсць. Неабходна дэмілітарызацыя рэгіёна. Трэба замяніць шавіністычную прапаганду культурным абменам. І пачаць нарэшце на справе адбудоўваць свае краіны і адраджаць грамадзянскую супольнасць. Абодва народа павінны не варагаваць, а развіваць свае краіны. Бо яшчэ гадоў дваццаць канфлікту — і можна зноў прачнуцца ў Расійскай імперыі... Калі, вядома, Расія захаваецца. Але гаворка не пра пуцінскі рэжым...

Яўген Карамьян, Масква

Каментаваць