Каралеву прыватызуюць

На думку шматлікіх брытанцаў, прыватызацыя Каралеўскай пошты падрывае адзін з асноўных інстытутаў манархіі і брытанскай культуры. Кажуць, што аднойчы прэм’еру Маргарэт Тэтчэр прынеслі на зацвярджэнне план прыватызацыі паштовай службы, якая, як вядома, у Вялікабрытаніі называецца Каралеўская пошта (Royal Mail). 



Аднак у заўзятага прыхільніка вольнага рынку так і не хапіла духу падпісаць прапанаваны дакумент. «Я не магу прыватызаваць карону», — прызналася яна міністрам (знакам Royal Mail з’яўляецца выява брытанскай кароны). Палітык баялася, што з прыватызацыяй пошты знікне адзін з абавязковых элементаў брытанскай кансерватыўнай пастаралі (нагадаем, што Каралеўская пошта існуе з 1516 года).

Палітычныя нашчадкі Тэтчэр не маюць комплексаў на гэты конт. У 2011 годзе, пасля прыходу да ўлады кааліцыі кансерватараў і лібералаў, быў прыняты Акт аб паштовай службе. На той момант яна ўяўляла сабой так званую публічную акцыянерную кампанію — дзяржаўную кампанія, чые акцыі могуць прадавацца на біржы, аднак камерцыйная дзейнасць якой з улікам ролі службы для грамадства абмежаваная шматлікімі нормамі.

Сутнасць прынятага Акту заключалася ў тым, каб дзяржава нарэшце прадала 90 працэнтаў акцый Royal Mail. Яшчэ дзесяць павінны былі атрымаць супрацоўнікі службы. Падставамі для рэформы была слабая эканамічная эфектыўнасць кампаніі плюс паспяховы вопыт Германіі і Аўстрыі, дзе сёння няма дзяржаўных паштовых аператараў.

У гэтым годзе ў кабінеце Дэвіда Кэмерана нарэшце вырашылі рэалізаваць план двухгадовай даўнасці. Стала вядома, што ў верасні-кастрычніку пачнецца размяшчэнне акцый Royal Mail на біржы. На першым этапе ўрад плануе прадаць 40-працэнтны пакет акцый. Усяго, паводле разліках эканамістаў, за 90 працэнтаў у акцый бюджэт можа атрымаць каля 2,5–3 мільярдаў фунтаў

План ураду выклікаў пратэст паштальёнаў, хаця апошнім падчас прыватызацыі перападаў салідны бонус у выглядзе тых самых 10 працэнтаў акцый. Калі перавесці ў сухую арыфметыку, кожны супрацоўнік пошты па схеме ўраду атрымлівае пай коштам 2000 фунтаў, які будзе штогод прыносіць дывідэнды ў 100 фунтаў.

Аднак гэтая падачка не пераканала пралетарыят. Па словах прафбосаў, падчас абмеркавання ідэі прыватызацыі 96 працэнтаў супрацоўнікаў пошты выступілі супраць таго, каб «прадаваць свае душы». Персанал, як гавораць лідары прафсаюзаў, разумее, што аднаразовыя бонусы не адмяняюць сутнасці працэсу прыватызацыі. Відавочна, што новы ўладальнік перш за ўсё зоймецца рэструктурызацыяй кампаніі: правядзе звальненні, паспрабуе скараціць аклады, увядзе больш кепскія ўмовы працы. Рэформа будзе тычыцца таксама і геаграфіі паштовых аддзяленняў. Паколькі прыбыткі пошты ў правінцыі невялікія, відавочна, што сельскія аддзяленні будуць зачыняцца.

Наўрад ці ў адміністрацыі Кэмерана перапужаліся фронды прафсаюзаў. У прынцыпе, пасля часоў Тэтчэр ідэя прыватызацыі нейкай публічнай службы ў Вялікабрытаніі не з’яўляецца шакуючай для грамадскасці. Як след, пік радыкальнага супраціву практыкі прыватызацыі даўно прайшоў. Аднак з прыватызацыяй пошты ў кансерватараў узніклі сур’ёзныя праблемы.

Справа нават не ў тым, што абывацель баіцца за тое, што паштовая дастаўка згубіць свой універсальны характар. Іншымі словамі, будзе парушаны славуты прынцып one-price-goes-anywhere, калі ліст дастаўляецца па ўсёй краіне па факту наяўнасці на канверце маркі. Быццам, новыя ўладальнікі Royal Mail могуць заламіць любую суму за перасылку. Словы міністраў торы пра тое, што інвестар будзе павінен падтрымліваць універсальны прынцып пошты, не выклікаюць даверу, паколькі, паводле згаданага вышэй Акту, у 2022 годзе ўрад збіраецца цалкам адмовіцца ад любога кантролю над поштай.

Галоўная пагроза для ўраду заключаецца ў тым, што кааліцыя незадаволеных прыватызацыяй пашырылася за кошт саміх кансерватараў. Ім у галаву не прыходзіць, як камерцыйная кампанія можа называцца каралеўскай. Па логіцы, прыватызаваная будзе і каралева, якая выяўленая на асноўнай серыі марак. «Стоп прыватызацыі каралевы!» — гучыць лозунг кампаніі, якая аб’яднала абаронцаў брытанскага традыцыйнага ладу жыцця.

Галоўная рызыка для ўраду ў тым, што абурэнне сярод часткі кансерватыўнага электарату можа мець доўгатэрміновы характар і захавацца аж да парламенцкіх выбараў 2015-га. Не так даўно Bow Group — старэйшы ў краіне экспертны цэнтр кансерватыўнага кшталту — апублікаваў свой даклад. Як лічаць эксперты, прыватызацыя пошты можа негатыўна адгукнуцца Кэмерану падчас выбараў.

«Дэпутаты торы на месцах сутыкнуліся з цяжкай дылемай — ім трэба прытрымлівацца партыйнай лініі, хаця тэма прыватызацыі пошты з’яўляецца вельмі непапулярнай сярод выбаршчыкаў», — кажа прадстаўнік Bow Group. Нават флагман кансерватыўнай прэсы «Daily Telerraph» асцярожна каментуе ідэю прыватызацыі пошты са спасылкай на вынікі апытання, якое правяло выданне. Прыкладна 77 працэнтаў брытанцаў згодна даследаванню выступаюць супраць прыватызацыі.

Роля пошты ў кансерватыўнай традыцыі Вялікабрытаніі выклікала цэлую палеміку на старонках правых выданняў. Прыхільнікі ўраду пішуць, што галоўная ідэя пошты — гэта не яе ўладальнік, а ідэя вернасці паштальёнаў свайму абавязку, канон якога быў сфармаваны ў Віктарыянскую эпоху. Таму любы ўладальнік пошты, быццам, застанецца верным Каралеве.

Між тым, 27 верасня акцыі Каралеўскай пошты былі ўпершыню выстаўленыя на продаж для прыватных асобаў. Мінімальны пай, які каштуе 750 фунтаў, можна набыць нават праз інтэрнэт. Біржавыя эксперты пішуць, што інвестыцыі ў пошту, можа, не і не вельмі прыбытковыя, аднак дастаткова бяспечная рэч. Паколькі дзяржаве патрэбна паштовая служба, урад пры любых сцэнарах проста не дапусціць банкруцтва кампаніі. Прыватныя кампаніі атрымаюць магчымасць набываць акцыі Каралеўскай пошты ў сярэдзіне кастрычніка.

Біржавыя навіны сталі сігналам для актывізацыі апанентаў прыватызацыі. Прыкладна на 10 кастрычніка паштовыя прафсаюзы абвясцілі страйк, паабяцаўшы вывесці на вуліцы мінімум 100 тысячы чалавек. Праўда, першы бой прафсаюзы прайгралі. 2 кастрычніка стала вядома, што практычна ўсе са 150 тысяч супрацоўнікаў пагадзіліся стаць уладальнікамі тых самых акцый, выдзеленых для працоўнага калектыву. Напярэдадні прафцэнтры заклікалі паштальёнаў байкатаваць раздачу акцый.

Аднак развязка гісторыі з прыватызацыяй пошты далёка не ясная. Па-першае, не выключана, што іншыя прафсаюзы падтрымаюць акцыю паштальёнаў. Гэта ўжо пагражае нацыянальным страйкам, з якім ураду давядзецца лічыцца.

Па-другое шмат непаразуменняў выклікаюць заявы палітыкаў. Так, шатландскі прэм’ер Алекс Салманд паабяцаў у выпадку абвяшчэння незалежнасці краю нацыяналізаваць офісы Royal Mail на тэрыторыі будучай суверэннай Шатландыі. Тое ж паабяцаў зрабіць у выпадку перамогі лейбарыстаў на выбарах 2015 года іх лідар Эд Мілібэнд.

Цяжка сказаць, наколькі сур’ёзныя пагрозы нацыяналістаў і лейбарыстаў, аднак яны, відавочна, астудзяць пыл бізнэсоўцаў, якія жадаюць укласці грошы ў Каралеўскую пошту.

Каментаваць