Карычневыя яднаюцца

Праварадыкальны фланг нямецкай палітычнай сцэны напярэдадні вялікіх узрушэнняў.



Праварадыкальны фланг нямецкай палітычнай сцэны напярэдадні вялікіх узрушэнняў.

Мабыць, з часоў падзення Берлінскай сцяны правы лагер ФРГ так не ліхаманіла. Тады, напачатку 1990-х гадоў, неанацысцкая сцэна літаральна ажыла дзякуючы наплыву неафітаў з былой ГДР. Прысутнасць ва ўсходнегерманскіх зямельных парламентах “карычневых дэпутацкіх груп была нармальнай з’явай. Таксама, як і паведамленні ў прэсе пра напады на інтэрнаты эмігрантаў. Адначасова папулярным сярод моладзі стаў стыль скінхедаў, ішоў актыўны працэс станаўлення нацы-сегменту ў інтэрнэце.

Аднак сістэмны прарыў з-за шэрагу прычынаў у неанацыстаў не атрымаўся. Колькасць выбарцаў, якія галасуюць за ўльтраправых, паступова звялася да лічбаў на ўзроўні статыстычнай памылкі. Апошнім электаральным бастыёнам правых з’яўляецца сёння зямля Саксонія, дзе нацыянал-дэмакратам ужо два разы запар удаецца ўвайсці ў мясцовы ландтаг. Сабе ў плюс па выніках апошніх двух дзесяцігоддзяў правыя могуць запісаць толькі фармаванне адносна моцнай праварадыкальнай моладзевай субкультуры.

У іншым усё паступова вярнулася да фармату, у якім правыя былі напярэдадні падзей 1989 года.

Як і 20 гадоў таму, тон сярод арганізаваных праварадыкальных структур задаюць дзве групоўкі — Нацыянал-дэмакратычная партыя (NPD) і Нямецкі народны саюз (DVU). “Бронза — у Рэспубліканскай партыі, якая адкалолася ад хрысціянскіх дэмакратаў у 1984 годзе. Плюс існуе цэлы шэраг дробных ініцыятыў, якія не маюць палітычнай вагі.

Так склалася, што адносіны паміж суб’ектамі правага лагера, мякка кажучы, не самыя добрыя, што лагічна адпавядае фюрэрскаму прынцыпу партый. Мелі месца спробы “жыць дружна. Апошні раз мірны пакт пад гучнай назвай “За Германію быў падпісаны пару гадоў таму. Падпісанты — усё тыя ж NPD і DVU — абавязаліся не канкураваць адзін з адным на выбарах, выстаўляць агульнага кандыдата ці спіс. Недзе праз год дамова ў аднабаковым парадку была разарваная па жаданню NPD.

Тым больш нечаканай стала заява лідэраў DVU і NPD на чэрвеньскім з’ездзе нацыянал-дэмакратаў. Запрошаны на тусоўку лідэр саюзу Маціяс Фаўст і яго калега Уда Фойгт распавялі пра намер аб’яднаць падкантрольныя ім арганізацыі ў адно цэлае, заклаўшы тым самым падмурак, па іх словах, “самай моцнай правай партыі ў гісторыі ФРГ. У ліпені ў абедзвюх партыях прайшлі партыйныя рэферэндумы. У абодвух плебісцытах 90 працэнтаў удзельнікаў падтрымалі ідэю міжпартыйнага альянсу.

Такую незвычайную хуткасць шматлікія эксперты звязваюць з актывізацыяй іншага праварадыкальнага праекта. Гаворка пра нізавыя грамадзянскія ініцыятывы, якія спекулююць на тэме ісламскай пагрозы.

Праект абкаталі ў Кёльне былыя рэспубліканцы, якімі верхаводзілі выдавец Манфрэд Роус і адвакат Маркус Байзіхт. Яны зракліся тэматыкі Трэцяга рэйху і заняліся выключна адной праблемай — будаўніцтвам мінарэта ў адным з гарадскіх раёнаў.

У 2004 годзе “Pro Koeln (так называлася антыісламская выбарчая ініцыятыва), атрымаўшы 4,7 працэнта, змагла прайсці ў магістрат. Кёльнскі прыклад заразіў нацыстаў у іншых землях. У красавіку 2010 года ў мясцовых выбарах у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія прыняла ўдзел ініцыятыва “Pro NRW. Шмат галасоў праект “Pro NRW у суме не адхапіў, але ў шэрагу буйных гарадоў змог правесці сваіх дэпутатаў у гарадскія рады.

Зараз актыўна мусіруецца тэма наконт магчымага фармавання ў нямецкай сталіцы ініцыятывы “Pro Berlin пад прызначаныя тут на наступны год мясцовыя выбары.

Па сваёй сутнасці ідэя рознага кшталту “Рro Koeln і “Pro NRW вельмі простая — імпартаваць у Германію мадэль правых папулісцкіх партый Швейцарыі і Нідэрландаў, якія робяць стаўку на антыісламскую рыторыку. Аднак у арганізацыйным і ідэйным плане групоўкі выступаюць своеасаблівай альтэрнатывай класічнай мадэлі праварадыкальнага палітычнага руху, які сфармаваўся на нацысцкай ідэйнай традыцыі. Гэты фармат адстойвае Нацыянал-дэмакратычная партыя.

Цяпер паміж напрамкамі разгортваецца сапраўдная вайна за першасныя арганізацыі саюзу. Нягледзячы на тое, што рашэнне пра аб’яднанне DVU з NPD ужо ўвогуле прынятае, шматлікія “саюзнікі не задаволеныя.

У іх вачах запланаванае міжпартыйнае аб’яднанне — не братэрства роўных, а хутчэй паглынанне. Так, па вялікаму рахунку, і ёсць. Для лідэраў DVU зліццё з нацыянал-дэмакратамі — адзіны шанец вырашыць праблему партыйнай пазыкі, якая выйшла за рамкі 900 мільёнаў еўра.

Другі фактар незадаволенасці — прысмак гістарычнага фіяска. DVU паўстаў у 1971 годзе як вынік выхаду з NPD унутранай апазіцыі. І вось зараз, праз 40 гадоў, даводзіцца прызнаваць, што тая фронда была памылкай, і з ганьбай вяртацца туды, адкуль прыйшлі.

Супернікі аб’яднання прынамсі настойваюць на прыняцці новай назвы для будучай адзінай партыі. У адваротным выпадку яны гатовыя перабегчы ў шэрагі Pro і блізкіх да іх рэспубліканцаў.

Лёс бітвы за саюз цікавы не толькі з пункту гледжання міжпартыйнай канкурэнцыі і ідэйнай арганізацыйнай перспектывы ўсяго нямецкага праварадыкальнага руху. Стаўка значна большая. Кансерватыўны ўрад Ангелы Меркель у крызісе. Напачатку жніўня, калі верыць апытанням, апазіцыйныя сацыял-дэмакраты ўпершыню за 10 гадоў зраўняліся з хрысціянскімі дэмакратамі па папулярнасці (31 працэнт).

Свой кавалак ад электаральнага пірага кансерватараў не супраць атрымаць і правыя. Як сцвярджаюць сацыёлагі, 26 працэнтаў электарату ХДС хацелі б на наступных выбарах галасаваць за партыі, якія ідэйна займаюць больш правыя пазіцыі, чым партыя Меркель. У агульных федэральных раскладах гэта значыць амаль 10 працэнтаў галасоў выбарцаў. Пра такую колькасць патэнцыйных прыхільнікаў ультраправыя не марылі з далёкага 1989 года.

Засталося вызначыцца: хто ж галоўны правы?

Каментаваць