Карнэгі і смайлікі

75 гадоў таму была выдадзеная кніжка Дэйла Карнэгі “Як здабываць сяброў і ўплываць на людзей — самы славуты ў гісторыі дапаможнік па этыкету, які сёння патрабуе актуалізацыі.



75 гадоў таму была выдадзеная кніжка Дэйла Карнэгі “Як здабываць сяброў і ўплываць на людзей — самы славуты ў гісторыі дапаможнік па этыкету, які сёння патрабуе актуалізацыі.

Кніга з’явілася на паліцах амерыканскіх кніжных крамаў у лістападзе 1936 года і адразу стала бестселерам. Толькі на працягу жыцця аўтара (Дэйл Карнэгі памёр у 1955 годзе) было прададзена каля 5 мільёнаў асобнікаў. Усяго за 75 гадоў толькі ў ЗША надрукавалі 30 мільёнаў экземпляраў. На працягу дзесяці гадоў кніга лічылася ў спісах бестселераў газеты «The New York Times», што дагэтуль з’яўляецца абсалютным рэкордам.

Кніга, як вядома, уяўляе сабой збор практычных парад і жыццёвых гісторый. Калі імі кіравацца, то, як кажа аўтар, можна зрабіць фантастычную кар’еру і атрымліваць задавальненне ад жыцця. У доказ Карнэгі спасылаецца на бытавыя гісторыі, біяграфіі з жыцця славутых людзей або проста знаёміць з іх выказваннямі. Непасрэдна яго парады можна раскласці на 4 блокі: сродкі выклікаць у людзей інтарэс да сябе; сродкі схіляць людзей да свайго пункту погляду; сродкі змяніць чалавека, каб ён сам не пакрыўдзіўся пры гэтым; сродкі зрабіць ваша жыццё шчаслівым.

Галоўны дэвіз Карнэгі: пазбягайце канфліктаў, намагайцеся спадабацца чалавеку, і тады можаце ім маніпуляваць. Іншымі словамі, у свеце няма дрэнных людзей, а ёсць толькі непрыемныя акалічнасці, з якімі можна змагацца, і зусім не варта з-за іх псаваць жыццё і настрой людзям. Усё, што трэба рабіць, — усміхацца і спрабаваць спадабацца ўсім.

Нягледзячы на просты рэцэпт, кніга хутка стала галоўным падручнікам амерыканцаў па этыкету. Запаветы Карнэгі таксама разглядаюць як узор амерыканскай ідэалогіі самаразвіцця асобы. Той факт, што ты прайшоў курсы Карнэгі, лічыцца вялікім плюсам у рэзюме тых, хто шукае працу.

Чым больш быў папулярны Карнэгі, тым больш у яго было праціўнікаў. Па-першае, кніга яўна разлічана на белых амерыканскіх мужчын. Чарнаскурым і жанчынам парады Карнэгі яўна не пасуюць. Афраамерыканец можа ўсміхацца колькі заўгодна свайму босу, аднак у грамадстве з расісцкімі забабонамі гэта ніколі не стане для яго сацыяльным ліфтам. Не кажучы пра тое, што той чарнаскуры, як кажуць праціўнікі расізму, страціць сваю ўнікальную афрыканскую душу.

Яшчэ горш справа з жанчынамі. Калі жанчына на працы пачне ўвесь час пасміхацца, гэта ўспрымуць хутчэй як флірт. Адным словам, праціўнікі расавай сегрэгацыі і феміністкі ахвотна атакавалі тэорыю Карнэгі.

Ніколі не шанавалі Карнэгі левыя. Адпаведна ім, прапанаваная Карнэгі этыка — гэта кодэкс паводзін паслухмянага раба. Пралетарый вымушаны цалкам следаваць капрызам адміністратара, паколькі самым вялікім злом, адпаведна Карнэгі, ёсць канфлікт. У тым ліку і класавы. Некаторыя левыя называлі кнігу Карнэгі папулярнай адаптацыяй працы Вебера “Пратэстантызм і дух капіталізму.

У 1970-я гады пачынаецца бум альтэрнатыўнай псіхалогіі. Яе прыхільнікі адразу пабачылі ў прынцыпах Карнэгі замах на сутнасць асобы. Набыла папуляр­насць канцэпцыя анты-карнэгі. На думку яе заснавальніка Эверэта Шострама, маніпуляцыі з уласнай псіхікай кепска адбіваюцца як на жыцці саміх маніпулятараў, так і на жыцці іх блізкіх. Маніпулятар губляе магчымасць выяўляць сябе шчыра і такім чынам губляе сябе. Шострам і яго прыхільнікі, наадварот, заклікалі не пасміхацца кожнаму, а быць патрыётам сваёй асобы.

Падчас контр-культурнай рэвалюцыі на Захадзе быць дысцыплінаваным увогуле стала не модным. З Карнэгі пачалі здзекавацца. Так нарадзіўся славуты анекдот: “Прачытаў Карнэгі, вырашыў, што наступны дзень пачну з усмешкі. Усю першую палову дня старанна ўсім усміхаўся, па магчымасці шчыра. У абед да мяне падышоў начальнік і сказаў: “Яшчэ раз з’явішся на працы абкураны — звольню! Праўда, хутка Захад ахапіла мода на тое, каб быць япі — маладым паспяховым прадпрымальнікам. І Карнэгі перажыў рэнесанс.

Уладальнікам аўтарскіх правоў на выданне “Як заваёўваць сяброў… давялося неяк рэагаваць на крытыку. У 1981 годзе выйшла новая рэдакцыя кнігі, у якой не было тэкстаў, якія можна было палічыць расісцкімі. Стала больш прыкладаў з жыцця жанчын. З таго часу працу Карнэгі намагаюцца час ад часу актуалізоўваць. Устаўляць больш прыкладаў з сучаснага жыцця.

Так, асобную частку прысвяцілі папулярным у моладзі татуіроўкам. Аказваецца, з іх дапамогай можна таксама заваёўваць сэрцы. Як, дарэчы, і праз кампутарныя гульні.

Мадэрнізаваць тэксты Карнэгі проста. Апошнім часам сярод фанатаў Карнэгі ёсць думка, што яго творчасць стала ахвярай карпаратыўнага бізнэсу. Новыя версіі “Як заваёўваць сяброў проста насычаныя жаргонам менеджараў. Кшталту — “трансакцыя, “кантынуум магчымасці, “інтэрперсаналізм, “дынамічны інтэрфэйс. Іншымі словамі, кнігу ўсё часцей разумеюць як практычны даведнік для тых, хто плануе прайсці інтэрв’ю, упісацца ў працоўны калектыў і спадабацца кіраўніку. Сам Карнэгі, калі верыць яго біёграфам, успрымаў сваю тэорыю як больш універсальную і гуманістычную.

Акрамя таго, канцэпты Карнэгі пабудаваныя на схеме камунікацыі — твар у твар. Між тым, сёння ўсё папулярней становіцца камунікацыя праз электронную пошту, скайп або нейкі чат ці форум. Гэта абсалютна іншая форма зносінаў, да якіх карнэгіянская ўстаноўка “ўвесь час усміхайцеся! яўна не пасуе. Хаця б таму, што інфармацыя перадаецца ў вельмі малым тэкставым аб’ёмы — пару сказаў. Можна, натуральна, таксама ўжываць “смайлікі, аднак  каэфіцыент іх карыснага дзеяння вельмі малы.

Праўда, карнэгіфілы ўжо актыўна працуюць у гэтым накірунку, збіраючы прыклады, як з дапамогай перапіскі ў інтэрнэце можна было маніпуліраваць адрасатам. Акрамя таго, яны даюць добрыя парады: “Не карыстайцеся службай СМС у тэатры або кінатэатры. Святло можа выклікаць раздражненне ў суседзяў, ніколі не публікуйце навінаў з жыцця вашых сяброў у сацыяльных сетках, не сінхранізуйце профілі на Facebook і Twitter. Плынь навінаў з Twitter на вашай старонцы Facebook можа нерваваць яго наведвальнікаў і г.д..

Адны словам, Карнэгі не стаіць на месцы. Хаця цалкам магчыма, што з такімі тэндэнцыямі праз пару гадоў новая версія кнігі Дэйла Карнэгі будзе называцца “Як фрэндзіць сяброў і прымушаць іх дасылаць смайлікі.
 

Каментаваць