Карсіканскі сюрпрыз

Пакуль уся Францыя хвалявалася наконт вынікаў снежаньскіх рэгіянальных выбараў, уладу на Корсіцы ўпершыню ў гісторыі захапілі мясцовыя нацыяналісты. Ці ператворыцца радзіма Напалеона ў новую гарачую кропку Еўропы?



«Я перакананы, што гэты маленькі востраў (Корсіка) калі-небудзь уразіць Еўропу», — пісаў Паскаль Паолі, бацька цяперашніх карсіканскіх нацыяналістаў у далёкім 1757 годзе. Наконт Еўропы казаць яшчэ рана, а вось Францыю Корсіка сапраўды ўразіла. Калі меркаваць па рэакцыі парыжскай прэсы, ніхто нават у думках не дапускаў, што нацыяналісты па выніках апошніх рэгіянальных выбарах захопяць уладу ў Бастыі (асноўны порт і важны эканамічны цэнтр рэгіёна).

Фрагментарна такі сцэнар адлюстроўваў французскі кінематограф. Як правіла, прыхільнікі незалежнай Корсікі на вялікім экране апошнім часам былі выяўленыя камічнымі мафіёзі сярэдняй рукі, якія для прыкрыцця сваёй крымінальнай актыўнасці ўжываюць нацыяналістычную рыторыку. Акрамя таго ў 2014 годзе вядучая карсіканская нацыяналістычная тэрарыстычная групоўка «Фронт нацыянальнага вызвалення Корсікі» (FLNK) абвясціла пра адмову ад вайсковых форм барацьбы. Некаторыя палітолагі ўбачылі ў гэтым прыкмету таго, што карсіканскі нацыяналізм страціў дынаміку, якую меў у 1990-я гады, калі тэрарыстамі FLNK быў забіты прэфект Клод Эрыньяк — асноўны прадстаўнік Парыжу на востраве.

І вось нечакана інтарэс да нацыяналістаў адрадзіўся, прычым у значна большых маштабах. Паводле вынікаў галасавання на рэгіянальных выбарах у снежні, «Pè a Corsica» («За Корсіку») — шырокая кааліцыя прыхільнікаў карсіканскай незалежнасці — атрымала 24 з 51 месца ў тэрытарыяльнай Асамблеі. У студзені па выніках першага пасяджэння заканадаўчага органу нацыяналісты атрымалі пасады спікера і старшыні выканкаму. Упершыню ў гісторыі спікер у карсіканскім парламенце размаўляе на мясцовай мове.

Відавочна, што цяпер мадэль адносін Парыжа з Корсікай чакае перазагрузка. Нацыяналісты патрабуюць кардынальнага пашырэння правоў Корсікі ў складзе Францыі. «Корсіка–21» — так называецца іх выбарчая праграма, што ўключае сярод іншага такі пункты, як афіцыйны статус для карсіканскай мовы, юрыдычнае афармленне асобнай катэгорыі французскіх грамадзян — рэзідэнты Корсікі, развіццё сваёй карсіканскай эканамічнай мадэлі.

Самае радыкальнае патрабаванне ў праграме — прызнаць Корсіку нацыянальнай тэрыторыяй (чытай, нацыянальнай аўтаноміяй). Увогуле, сябры кааліцыі не хаваюць, што ў ідэале бачаць Корсіку аналагам цяперашніх Шатландыі ў складзе Вялікабрытаніі або Каталоніі ў складзе Іспаніі. Усяго гэтага новая адміністрацыя востраву збіраецца дабіцца ўжо да 2021 года.

Сярод шараговых актывістаў настроі яшчэ больш радыкальныя. Часопіс «Le Point» цытуе аднаго з выбаршчыкаў «Pè a Corsica», які лічыць, што Францыя — расісцкая дзяржава, у якой ахвярамі дзяржаўнага расізму ёсць карсіканцы. Антыкарсіканскі расізм, па словах інтэрв’юера, настолькі глыбока напоўніў усё французскае грамадства, што нават сярод футбольных суддзяў ёсць нефармальная змова — не даваць пенальці на карысць клубаў з Корсікі.

Сацыёлагі шукаюць прычыны выбуху нацыяналізму ў наступствах рэцэсіі. Як і паўсюль у свеце, на Корсіцы таксама шукаюць адказных за свой цяжкі стан. Стрэлачнікамі, як правіла, выступаюць чыноўнікі з Парыжу, якія адказваюць за фінансавую падтрымку вострава. Адначасова вельмі папулярная думка пра тое, што карсіканцы, будучы салідарнымі як адна вялікая сям’я, змогуць лягчэй перажыць цяжкія часы. Важную функцыю для кансалідацыі карсіканцаў, на думку нацыяналістаў, павінен адыграць інтарэс да роднай мовы і культуры.

Палітолагі ў сваю чаргу звязваюць поспех нацыяналістаў з агульным крызісам французскай палітычнай схемы, у якой на працягу апошніх 40 гадоў усё круцілася вакол супрацьстаяння левых і правых. Цяпер такога катэгарычнага падзелу ў французскай палітыцы няма.

У кантынентальнай Францыі недаверам да былых куміраў скарыстаўся «Нацыянальны фронт». На Корсіцы — «Pè a Corsica».

Што тычыцца цэнтру, то той, як і чакалася, у штыкі сустрэў патрабаванні карсіканцаў. Прэм’ер-сацыяліст Мануэль Вальс (дарэчы, этнічны каталонец, чым ён вельмі ганарыцца) ужо публічна выказаў сумнеў у існаванні асобнай карсіканскай нацыі. Яго падтрымаў аўтарытэтны правы палітык Ален Жупэ, паводле якога, дзяржаўнай мовай у Францыі можа быць толькі адна. А «Нацыянальны фронт» вуснамі намесніка Марын Ле Пэн увогуле запатрабаваў ад Франсуа Аланда выканаць нарэшце абавязкі прэзідэнта і «загнаць вучняў у клас», маючы на ўвазе карсіканцаў, якія, маўляў, трошкі пачалі сваволіць.

З улікам таго, што легіслатура нацыяналістаў на Корсіцы толькі пачалася, казаць пра магчымы сцэнар развіцця падзей вельмі рана. Аднак наўрад ці Аланд, якога ў прэсе ахвотна атакуюць за нерашучасць і апартунізм, пойдзе на дыялог з карсіканцамі. Застаецца толькі здагадвацца, якія формы будзе мець канфлікт па лініі Парыж—Корсіка. Апошняя, дарэчы, адзінокай не застанецца. Каталонскія нацыяналісты, якія кантралююць урад у Барселоне, з захапленнем сустрэлі вынікі галасавання на Корсіцы, паабяцаўшы мясцовым палітыкам падтрымку і лобінг у еўраструктурах.

Каментаваць