Касетная рэвалюцыя

У Еўропе назіраецца дзіўная мода — слухаць музыку на аўдыёкасетах. Здавалася, што аўдыёкасета — атрыбут мінулых часоў. Ніхто не сумаваў, калі касета саступіла сваё месца дыску. Аўдыёкасеты мелі свае перавагі: яны былі танныя, імі можна было лёгка карыстацца і рабіць на іх запісы. Аднак з часам яны псаваліся.



У Еўропе назіраецца дзіўная мода — слухаць музыку на аўдыёкасетах. Здавалася, што аўдыёкасета — атрыбут мінулых часоў. Ніхто не сумаваў, калі касета саступіла сваё месца дыску. Аўдыёкасеты мелі свае перавагі: яны былі танныя, імі можна было лёгка карыстацца і рабіць на іх запісы. Аднак з часам яны псаваліся.

Не зразумела, чаму зараз касеты зноў уваходзяць у моду. Усё пачалося ў мінулым годзе, калі некалькі вядомых брытанскіх гуртоў выпусцілі свае альбомы ў фармаце аўдыёкасет. Крок аказаўся вельмі паспяховым. Ужо сам па сабе фармат выклікаў цікавасць публікі. Далей больш. Нечакана для сябе ўсе, хто былі маладымі ў 1970–1980-я гады, зноў захацелі слухаць музыку на касетных магнітафонах.

Упершыню аўдыёкасета — кампактны пераносчык інфармацыі на магнітнай стужцы — была прадстаўлена ў 1963 годзе кампаніяй «Philips». Супрацоўнікі кампаніі назвалі свой прадукт Compact Cassette. Касета вельмі хутка склала канкурэнцыю вінілавым пласцінкам. Ужо ў 1964 годзе ў Гановеры (ФРГ) пачалася масавая вытворчасць касет. У 1966-м касеты дабраліся да ЗША і спачатку выкарыстоўваліся збольшага журналістамі для запісу інтэрв’ю. У 1971 годзе фірма «Advent Corporation» распрацавала касету з магнітнай стукай на аснове аксіду хрому. Якасць гуку была настолькі добрай, што касеты можна было выкарыстоўваць для самастойнага запісу музыкі.

Аднак масавая вытворчасць касет і, адпаведна, бум пачаўся, калі ў 1979 годзе японская кампанія «Sony» вывела на рынак славуты «Walkman» — кампактны магнітафон, які можна было браць з сабою куды заўгодна. «Walkman» значыў рэвалюцыю ў музычным бізнесе. Вельмі хутка маштабы вытворчасці касет сталі большымі за тыражы вінілавых пласцінак.

Залатой эрай касет лічыцца перыяд з 1985 па 1992 год. У гэты час касетнай рэвалюцыі шмат спрыяла з’яўленне бум-боксаў і плэераў. Яны сталі абавязковым атрыбутам культуры хіп-хопу. Натуральна, больш за ўсё цаніліся японскія і нямецкія магнітафоны, аднак існаваў і бюджэтны варыянт — кітайскі. Тое ж самае было з касетамі. Лепшымі лічыліся касеты «BASF». Да касет другога гатунку належалі паўднёвакарэйскія.

Прыблізна ў 1992 годзе паступова кампакт-дыскі пачалі цясніць касеты. І нарэшце ў 2003-м вядучыя кампаніі прыпынілі выпуск запісаў на касетах.

Што зноў пачалі знаходзіць людзі ў касетах, акрамя настальгіі па добрых 1980–1990-х? Па словах фанатаў, у запісах на касетах прысутнічае элемент мастацтва. У адрозненні ад CD, касеты дапамагаюць захаваць адчуванне таго, што музыка — гэта нешта унікальнае.

Асабліва гэта тычыцца тых людзей, якія слухалі ў 1980-х гадах панк-музыку. Маленькія панкаўскія студыі не маглі дазволіць сабе запіс дыскаў, таму запісвалі альбомы выключна на касетах. Тыя касеты з запісамі таксама ніхто не прадаваў. Існавала складаная сістэма распаўсюду. Людзі перапісвалі запісы ў сяброў або дасылалі на студыю чыстую касету з просьбай запісаць на яе запіс. Пры гэтым уладальнікі студый ніякіх грошай не атрымлівалі. Так патрабавалі прынцыпы культурнага руху Do it yourself (DIY), да якога яны сябе адносілі. Запісы на студыях DIY часам былі вельмі аматарскія, аднак маштабы руху настолькі вялікія, што праз сістэму DIY шматлікія групы выходзілі на вялікую сцэну, напрыклад брытанскі калектыў «Chumbawamba». Спецыялісты, якія даследуюць цяперашні феномен папулярнасці касет, адзначаюць, што запісы року 1980-х гадоў якраз найбольш запатрабаваныя зараз на касетным рынку.

Калі мода на касеты дабярэцца да нашых краёў, думаецца, тут у яе будзе шмат адэптаў. Касетная савецкая і постсавецкая культура ў 1980–1990-я гады была вельмі моцнай. Увогуле, да 1979 года савецкіх касет не існавала. Імпартныя можна было набыць на чорным рынку, аднак каштавалі яны вельмі дорага, прыблізна 9 рублёў. Падчас падрыхтоўкі да маскоўскай Алімпіяды ў Палітбюро вырашылі наладзіць выпуск айчынных касет. Адразу згадваюцца касеты фірмы «Свема». Аднак усё роўна перавагу наш народ аддаваў прадукцыі «BASF», «JVC», «TDK», «Sony», «Agfa» і іншых кампаній.

Падчас Перабудовы з-за прыходу на рынак кітайскіх і паўднёвакарэйскіх касет кошт на іх значна ўпаў. Касеты сталі часткай паўсядзённая культуры тынэйджэраў. Адразу ўзнік нефармальны рынак касет. На ім можна было набыць запісы таго ж Высоцкага. Калі ў СССР дазволілі камерцыйную дзейнасць, нефармалы легалізаваліся. У кожным горадзе існавала як мінімум адна кропка запісаў. Гэта быў сапраўдны рытуал, які і не сніўся цяперашнім карыстальнікам кампактаў. На тых кропках — іх ведала ўся прасунутая моладзь — можна было запісаць рэдкія ў СССР рок-гурты. Для гэтага  трэба было знайсці назву гурта і альбом у доўгім спісе, які вісеў збоку шапіка. Пасля трэба было аддаць чалавеку ў кіёску грошы і чыстую касету. Гандляр даваў квіток і казаў, калі забраць запіс. Цяпер трэба было пачакаць пару дзён. Чаканне таксама было часткай рытуалу. Праз некалькі дзён чакання нарэшце запісаную касету вярталі. Калі ты жыў у інтэрнаце, гэта была падзея для ўсіх мясцовых меламанаў. Усе збіраліся вакол магнітафона ў чаканні цуду.

Застаецца дадаць, што нават сёння ў час росквіту кампакт-дыскаў касеты дамінуюць на рынку трэцяга свету. І яшчэ касетам мусяць быць вельмі абавязаныя ісламісты. Менавіта дзякуючы касетам запісы аяталы Хамейні сталі папулярнымі ў шахскім Іраку і стварылі яму імідж галоўнага змагара.

Каментаваць