Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Каталонія згубіла шанец на незалежнасць?

Тэракты ў Барселоне негатыўна паўплывалі на планы хуткага абвяшчэння незалежнасці Каталоніі. Ці будзе вынік ад абвешчанага рэферэндуму?

Ёсць думка, што ўсе існуючыя палітычныя мапы Еўропы можна смела выкідаць у сметніцу. Бо яны не будуць адпавядаць рэальнасці праз адсутнасць на іх выявы незалежнай каталонскай дзяржавы, якая, па планах, павінна з’явіцца ўжо на пачатку кастрычніка — па выніках адпаведнага рэферэндуму. Хаця сацыёлагі не даюць адназначнай перамогі незалежнікам, іх шанцы лічацца вельмі высокімі.

Праўда, цяпер лепш казаць «лічыліся». Пасля трагедыі 17 жніўня, калі ў Барселоне ісламскімі тэрарыстамі забіта каля 20 чалавек, энтузіязму наконт хуткага абвяшчэння незалежнасці стала заўважна менш.

Справа не толькі ў маштабнай піяр-кампаніі ў цэнтральных іспанскіх медыя, якія намагаюцца трактаваць праявы чалавечай салідарнасці простых іспанцаў на адрас каталонцаў як знак спрадвечнага адзінства пірынейскіх народаў. Па слядах тэрактаў мусіруецца думка, што каталонцы пераацанілі магчымасць рэгіянальных структур выконваць функцыі органаў незалежнай дзяржавы. Асноўны аргумент тут — шэраг правалаў у працы рэгіянальнай паліцыі (Mossos). Ледзь не год таму мадрыдскі офіс МУС заклікаў каталонскіх калег перакрыць спецыяльнымі бар’ерамі доступ машынам на пешаходную вуліцу Las Ramblas (менавіта тут 17 жніўня тэрарыст забіў людзей). Аднак барселонскія ўлады чамусьці пакінулі папярэджанне без увагі.

Другі відавочны пракол Mossos тычыцца выбуху ў доме аднаго з джыхадыстаў, дзе рыхтаваліся тэракты. Замест таго, каб дакапацца да прычынаў выбуху, супрацоўнікі Mossos спісалі інцыдэнт на разборкі паміж вулічнымі бандамі наркадылераў.

Цікава, што з тэзісам пра нізкі прафесіяналізм каталонскай вертыкалі пагадзілася частка сепаратыстаў. Дарэчы, апошнім часам рэнегатаў у гэтым лагеры становіцца ўсё больш. У ліпені адбыўся дзяжурны ўнутраны канфлікт, калі адна з фракцый заклікала да адтэрміноўкі рэферэндуму з прычыны яго слабай легітымнай базы і цяперашняй пазіцыі Брусэля. Еўрасаюз настроены крытычна адносна прызнання вынікаў рэферэндуму, а існаванне Каталоніі па-за межамі еўрапейскай садружнасці пакуль выглядае ўтапічна.

Не толькі адсутнасць моцнага сілавога блоку робіць незалежную Каталонію мішэнню для баевікоў так званай «Ісламскай дзяржавы». Іспанскія медыя нагадваюць, што ўся каталонская эканоміка трымаецца на турызме, імідж якога лёгка разбурыць за кошт некалькіх тэрактаў, падобных на тыя, што мелі месца. Такі сцэнар пагражае калапсам для мясцовай эканомікі: крыніц фінансавання нерэнтабельнага сектару, якому для аднаўлення турпатокаў патрэбны час, банальна не будзе.

Нацыяналістаў прымушаюць нервавацца і гістарычныя аналогіі. Тое, што адбылося ў Барселоне, да болю нагадвае падзеі 11 сакавіка 2004-га на мадрыдскім вакзале «Аточа», які ўзарвалі ісламісты. Акрамя вялікай колькасці ахвяраў (каля 200 чалавек), выбух на станцыі меў тэктанічныя палітычныя наступствы: цалкам перафарматаваў тагачасную выбарчую парламенцкую кампанію. У выніку замест трыумфу кансерватыўнай Народнай партыі перамогу на выбарах нечакана святкавалі сацыялісты. Галасуючы за левых, іспанцы хацелі пакараць «народнікаў» за тое, што тыя праспалі вылазку ісламістаў, а таксама спрабавалі павесіць усю адказнасць на баскскіх тэрарыстаў.

Што кажуць на гэта паслядоўныя аматары незалежнасці? Іх левая фракцыя сцвярджае, што ісламскае ўзброенае падполле — гэта з’ява, характэрная сучаснай Іспаніі. А вось у незалежнай Каталоніі мусульмане, маўляў, стануць белымі і пухнатымі, паколькі грамадства будзе пабудаванае на больш дэмакратычных і сацыяльна-справядлівых прынцыпах. Пры такой мадэлі ісламская моладзь зможа лягчэй атрымліваць адукацыю, працаўладкоўвацца, то бок інтэгравацца ў соцыум, а не займацца тэрарыстычнай канспірацыяй.

Вельмі нязручная па часе для незалежнікаў вылазка тэрарыстаў камусьці падаецца і падазронай. Хаця на цяперашні дзень ёсць толькі адна зачэпка. Быццам бы, група барселонскіх неанацыстаў, якія традыцыйна выступаюць супраць сепаратызму, ведала пра тое, што купка ісламскіх радыкалаў рыхтуе тэракты. Паколькі сярод іспанскіх сілавікоў хапае фанатаў фашысцкага дыктатара Франка, не выключаюць, што тыя таксама былі ў курсе падрыхтоўкі да тэрактаў, нічога не зрабіўшы, каб іх папярэдзіць.

Хто ў выніку выйграе бой за розумы і сэрцы каталонцаў, мы даведаемся літаральна праз месяц, калі пройдзе рэферэндум. Аднак у любым выпадку плебісцыт не паставіць кропку ў гісторыі. Па-першае, колькасць прыхільнікаў незалежнасці і іх апанентаў амаль роўная — каля 40 працэнтаў. Па-другое, з улікам напалу эмоцый відавочна, што прайграўшы бок будзе аспрэчваць вынікі галасавання або ўвогуле іх ігнараваць. Яшчэ ў ліпені ўрад падаў позву ў Вярхоўны суд Іспаніі з просьбай лічыць галасаванне неканстытуцыйным.

Праўда, магчымы і трэці варыянт. Як вядома, каталонскія нацыяналісты і прадстаўнікі іспанскай эліты, у тым ліку і дзеючы кароль, 18 жніўня мірна ўдзельнічалі ў барселонскім маршы ўшанавання ахвяраў трагедыі. Апісаная «ідылія» схіляе шмат каго да версіі, што і пасля 1 кастрычніка бясконцы серыял квазісупрацьстаяння Мадрыда і Барселоны працягнецца.



Каментаваць