Каталонія абярэ незалежнасць?

У іспанскім рэгіёне Каталонія пачаліся датэрміновыя выбары ў мясцовы парламент, якія могуць адкрыць Каталоніі шлях да незалежнасці.



Большасць каталонцаў, паводле сацыялагічных апытанняў, выказваюцца за аддзяленне рэгіёну ад Іспаніі. Сепаратысцкія настроі падаграюцца эканамічным крызісам, з якім змагаецца Мадрыд.

Упершыню больш за палову каталонцаў хочуць аддзяліцца ад Іспаніі. Шмат хто верыць, што каталонская эканоміка была б больш стабільная ў выпадку незалежнасці, ды скардзіцца, што вялікаю доляю іхных падаткаў распараджаецца Мадрыд. Эканамічны крызіс і высокі ўзровень беспрацоўя наўпрост уплываюць на гэтыя настроі.

Паводле прагнозаў адмыслоўцаў, каталонскія нацыяналісты атрымаюць не менш за 2/3 месцаў у мясцовым парламенце. Аднак пакуль не ясна, якім чынам нацыяналісты збіраюцца прывесці правінцыю да незалежнасці: палітыкі гавораць пра неабходнасць правядзення рэферэндуму, аднак гэта супярэчыла б іспанскай Канстытуцыі.

У верасні падчас нацыянальнага свята больш за мільён каталонцаў узялі ўдзел у дэманстрацыі з патрабаваннямі незалежнасці ад Мадрыду.

Каментаваць