Каталонія. Незалежнасць або фарс?

Вынікі выбараў 27 верасня ў каталонскі парламент аказаліся адначасова перамогай і паразай для мясцовых нацыяналістаў. Незалежніцкія партыі атрымалі большасць у парламенце, гэтага фармальна дастаткова для таго, каб зрабіць наступны крок — напрыклад, абвясціць дату рэферэндуму пра выхад са складу Іспаніі.



З іншага боку, тыя, хто ў Каталоніі галасаваў за незалежнасць, па выніках выбараў 27 верасня аказаліся ў меншасці (47,8 працэнта ад усіх выбаршчыкаў). Натуральна, гэтая акалічнасць актыўна выкарыстоўваецца мадрыдскай партыяй, якая намагаецца трактаваць галасаванне як плебісцыт па пытанні незалежнасці.

У любым выпадку, найперш, чым рабіць якія-небудзь крокі наперад, нацыяналісты павінны дасягнуць як мінімум тактычнага адзінства. Лагер прыхільнікаў незалежнай Каталоніі ў парламенце складаецца з кааліцыі "Junts pel Sí" ("Разам за “Так”), куды ўваходзяць левацэнтрысцкая "Каталонская рэспубліканская левая" (ERC) і ліберальна-нацыяналічтыная партыя "Дэмакратычная канвергенцыя Каталоніі" (CDC) плюс яшчэ некалькі структур. Па-за межамі згаданага блоку знаходзіцца партыя "Кандыдатура народнага адзінства" (CUP), якой перапала пасля выбараў 10 мандатаў. Аднак іх кошт пры цяперашнім раскладзе ў парламенце цяжка пераацаніць. Без падтрымкі фракцыі CUP, група "Junts pel Sí" (62 дэпутата) не мае парламенцкай большасці і фактычна паралізаваная ў рэалізацыі сваіх амбіцыйных пражэктаў.

Знайсці кансенсус абодвум палітычным акторам будзе вельмі цяжка з улікам феномену CUP. Пра эксцэнтрычны характар арганізацыі сведчыць рэакцыя на вынікі галасавання 27 верасня. Антоніа Баньос (Antonio Baños), які быў першым нумарам у выбарчым спісе "Кандыдатуры народнага адзінства" на выбарах, адразу пасля падліку галасоў абвясціў пра выхад рэгіёна са складу Іспаніі, а таксама заклікаў суайчыннікаў больш не падпарадкоўвацца законам, што пішуць у Мадрыдзе.

Каб зразумець прычыны незвычайнага радыкалізму “антыкапіталістаў” (так называюць CUP у іспанскай прэсе), трэба ўзгадаць біяграфію руху. “Кандыдатура народнага адзінства” нарадзілася ў 1980-я гады, праз нейкі час пасля краху дыктатуры Франка як праект адной з фракцый каталонскіх левых нацыяналістаў. Арыенціры руху складаюцца з 4 пунктаў: незалежнасць Каталоніі, сацыялізм, экалогія, абарона мовы і культуры. У Каталоніі такія погляды падзяляюць практычна ўсе левыя нацыяналістычныя аб’яднанні.

Выжыць у суровай канкурэнцыі CUP дапамагло тое, што структура працуе прынцыпова на муніцыпальным узроўні, што дапамагло інтэграваць у праект шмат сялянскіх і экалагічных ініцыятыў. Увогуле, партыя лічыць, што сапраўдная дэмакратыя магчымая выключна на муніцыпальным узроўні, паколькі можна кантралявацца знізу. Напрыклад, гэта дазваляе грамадзянам аператыўна адклікаць дэпутатаў.

Толькі атрымаўшы сталую сацыяльную базу на месцах, "Кандыдатура народнага адзінства" пачала змагацца за мандаты ў рэгіянальным парламенце. Тое, што яна нарэшце трапіла туды ў 2012 годзе, шмат у чым звязана з двума фактарамі. Прыкладна 10 гадоў таму нацыяналістычная супольнасць Каталоніі знаходзілася ў стане фрустрацыі, якую выклікала слабае міністэрства Паскуаля Магараля (Pasqual Maragall), у склад ураду якога ўваходзіла ERC — гістарычна самая моцная партыя каталонскіх незалежнікаў. Шмат нацыяналістычнай моладзі ў той час кінулася шукаць новыя партыйныя прапіскі, у тым ліку і ў CUP.

Па-другое, у 2008 годзе ў Іспаніі пачаўся банкаўскі і іпатэчны крызіс, што спрыяла росту інтарэсу да радыкальных палітычных праграм. Як следства, "антыкапіталісты" і іншыя, перш за ўсё левыя радыкальныя партыі, прарваліся ў выбарчыя органы, уплываючы на фармаванне палітычнай павесткі дня.

Пры гэтым этыка і каштоўнасці новай хвалі іспанскіх радыкалаў цяжка ўпісваюцца ў нормы старога палітэтыкету. Напрыклад, паміж "Junts pel Sí"  і CUP адсутнічае адзінства поглядаў на формулу дасягнення незалежнасці. "Junts pel Sí" прапануе мірны развод з Мадрыдам, які будзе цягнуцца 18 месяцаў. Паводле гэтай дарожнай карты, у 2017 годзе Каталонія стане незалежнай. Заставацца ў прававым поле вельмі важна для партый істэблішменту, паколькі ад гэтага залежыць стаўленне да каталонскага праекту з боку Брусэля. У сваю чаргу, CUP лічыць, што трэба паставіць Мадрыд перад фактам, што і было часткова зроблена 27 верасня праз заклік да непадпарадкавання іспанскім законам.

Пакуль не зразумела, наколькі сур’ёзны дэмарш CUP наконт выхаду Каталоніі са складу Іспаніі. Калі верыць рэпартажам, пакуль “выхад” абмежаваны танцамі моладзі каля офісаў CUP і фуршэтамі ў барах. Сур’ёзныя выданні, накшталт “El Pais”, пішуць, што пытанне абвяшчэння незалежнасці адкладаецца да парламенцкіх выбараў у Іспаніі.

Між тым, каментатары на інтэрнэт-форумах цынічна пішуць, што пытанне незалежнасці адкладваецца да тых часоў, пакуль футбольны клуб “Барселона” будзе заставацца галоўным грандам еўрапейскага футболу (барселонскі клуб — пераможца апошняй Лігі чэмпіёнаў). Каталонцы не гатовыя да незалежнасці, паколькі ў такім выпадку “Барселона” будзе вымушаная пакінуць іспанскую лігу, наступствам чаго стане падзенне якасці гульні каманды. 

Каментаваць