Катрын Гёрынг-Экхардт. Даніэль Артэга. Махмуд Ахмадзінеджад

Катрын Гёрынг-Экхардт

Катрын Гёрынг-Экхардт

Дэпутат нямецкага парламенту ад Партыі зялёных абраная анты-папам. Анты-папам жартам немцы называюць спікера парламента евангелістаў Германіі — аб’яднання пратэстанцкіх цэркваў краіны. Аўтаматычна спікер атрымлівае пасаду старшыні Сіноду Евангелісцкіх цэркваў. Абранне Катрын на пасаду — вельмі незвычайная падзея. Па-першае, яна былая грамадзянка ГДР. У маладосці за адкрытыя сімпатыі да Партыі зялёных ФРГ яе выгналі з Лейпцыгскага універсітэта. Праўда, гэта стварыла ёй імя — яе называлі «Першым зялёным ГДР». Па-другое, ніколі ў гісторыі лідэрам евангелістаў не быў сябра левай партыі. Раней пасаду займаў сябра кансерватыўнага Хрысціянскага сацыяльнага саюза. Новы старшыня заявіла, што першым яе крокам стануць шырокія дэбаты пра адносіны паміж верай і гаспадарчай этыкай. Катрын вядомая ў асяроддзі пратэстантаў як ініцыятар кампаніі па працы з дзяцьмі ў бедных сем’ях.

Даніэль Артэга

У дадатак да праблем, выкліканых крызісам, адміністрацыя прэзідэнта Нікарагуа ад партыі Сандынісцкі фронт нацыянальнага вызвалення вымушана займацца праблемай захавання адзінства краіны. Пра намер выйсці са складу гэтай цэнтральна-амерыканскай краіны нечакана заявілі індзейцы, жыхары рэгіёна Бераг Маскітаў. Правадыры мясцовых плямёнаў нават ужо абвясцілі пра стварэнне сваёй дзяржавы Садружнасць Нацыі Маскітыя (Communitarian Nation of the Moskitia). Заява была зробленая падчас сходу правадыроў плямёнаў. Адначасова быў абвешчаны прызыў у індзейскае войска. На гэты момант у яго шэрагі запісалася ўжо 400 чалавек. Трэба прызнаць, што лозунгі пра самастойнасць Маскітыі маюць грунт: у культурным плане Нікарагуа падзеленая на Поўдзень, дзе жывуць крэолы, і Поўнач, дзе жывуць індзейцы. У 1987-м чырванаскурыя атрымалі аўтаномію, аднак, здаецца, гэта для іх занадта мала. Застаецца дадаць, што менавіта індзейцы складалі касцяк фінансаваных ЦРУ атрадаў контрас, якія змагаліся з сандыністамі ў 1980-я гады.

Махмуд Ахмадзінеджад

Здаецца, іранскі лідэр моцна захапіўся барацьбой з сіянізмам. Пакуль ён выступаў з антысеміцкімі прамовамі на кангрэсе па барацьбе з расізмам у Жэневе, у яго на радзіме з-пад кантролю выйшлі настаўнікі. Прафсаюз настаўнікаў абвясціў страйк, патрабуючы ўступлення ў сілу закона, які падвышае педагогам заробак і паляпшае ўмовы працы. Закон быў прыняты яшчэ ў 2007 годзе, аднак па іранскай канстытуцыі можа ўступіць у сілу толькі пасля падпісання прэзідэнтам. Ахмадзінеджад, які ўжо два гады цягне з падпісаннем, нарэшце атрымаў страйк. Праўда, выступленне настаўнікаў не падобна на класічны пратэст. Прафсаюзы вырашылі, што педагогі ўсё ж будуць хадзіць у школы, аднак замест праметаў пачнуць распавядаць вучням пра прычыны забастоўкі. У такім фармаце пратэстаў няма нічога дзіўнага, калі паглядзець у дадзеныя Education International (Інтэрнацыянал настаўніцкіх прафсаюзаў). Пасля таго, як настаўнікі правялі страйк у 2005 годзе, усё кіраўніцтва трапіла за краты. Тым не менш класавая барацьба ў Іране трывае, і нават больш за тое — яна натхніла настаўнікаў у суседнім Іраку таксама аб’яднацца ў прафсаюз і пачаць змаганне за свае правы.

Каментаваць