Каты-электрастанцыя, ваенна-марская панда: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Коцікі, якія здабываюць электраэнергію, новая кропка напружання на мапе свету, лёс Нобелеўкі пад пагрозай — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.
Вялікі рэзананс выклікала ідэя групы кангрэсменаў ЗША выдаць Нобелеўскую прэмію Дональду Трампу за быццам бы вырашэнне праблемы атамнай праграмы КНДР. Заява развесяліла аўдыторыю, але многія, у тым ліку карыкатурысты, баяцца за лёс самай прэстыжнай прэміі ў свеце. Сярод іх мастак бразільскага выдання A Tarde.

Маркус Зёдэр (Markus Söder), баварскі прэм'ер-міністр ад партыі Хрысціянска-Сацыяльны Саюз (CSU), справакаваў вострую дыскусію з-за рашэння павесіць хрысціянскія крыжы ў зямельных афіцыйных установах. На малюнку часопіса Der Spiegel на пытанне настаўніка «Што я трымаю ў руках?», дзеці адказваюць: «Драўляны сродак выбарчага папулізму хрысціянскіх сацыялістаў».

Тэрарыстычная арганізацыя баскскіх сепаратыстаў ETA абвясціла аб сваім самароспуску. Іспанія адзначае заканчэнне ваеннага канфлікту, што цягнуўся аж з 1959-га года. А карыкатурыст іспанскай газеты Vanguardia паспрабаваў адлюстраваць эвалюцыю жэстыкуляцыі баявікоў ЕТА — ад ваяўнічых жэстаў да выкідання белага сцяга.


Між тым, на карце свету з'явілася новая кропка напружання: паведамляецца, што на спрэчных выспах у Паўднёва-Кітайскім моры Пекін таемна размясціў свае ракетныя комплексы. Амерыканцы абураюцца і абяцаюць даць адказ. Мастакі ў сваю чаргу творчымі сродкамі адлюстравалі сітуацыю, што склалася ў рэгіёне. Малюнак з газеты The Gulf Today.


Аднак натхненне карыкатурысты знаходзіць не толькі ў палітыцы. Напрыклад, для мастака выдання New Yorker імпульсам стала цяперашняя цёплая вясна. На яго малюнку гаспадыня дома выхваляецца сваёй ідэяй эфектыўна выкарыстоўваць панэлі сонечнай электрастанцыі ў дні, калі на вуліцы шмат сонца.

***
Паглядзіце таксама папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць