Каўнерык ад Юдашкіна

Расійскае грамадства спрабуе адказаць на глабальнае пытанне, ці павінны быць на салдацкай форме падкаўнерыкі.



Усё, што адбываецца, чымсьці нагадвае сцэну з вядомага фільму «Тот самый Мюнгхаўзен». У фільме герцаг вельмі крытычна ацэньвае фасон мундзіра, у якім яму прапануюць пайсці на вайну: «Што? Мне — у гэтым? У аднабортным? Ды вы што, не ведаеце, што ў аднабортным цяпер ужо ніхто не ваюе? Як агідна! Вайна ля парогу, а мы не гатовыя!»

Рымейк мізансцэны адбыўся ў Маскве пасля прыходу на пасаду мінабароны Сяргея Шойгу. Першае, чым заняўся новы міністр, — пачаў, як той герцаг, высвятляць, у якім мундзіры трэба ісці на вайну. На спецыяльным пасяджэнні было вырашана ўнесці ў цяперашні варыянт вайсковай формы значныя папраўкі.

Нагадаем, што цяпер салдаты ў Расіі носяць форму ад славутага куцюр’е Валянціна Юдашкіна. Калекцыя называецца «Лічба» і прыйшла на змену так званай «афганцы», якую насілі з 1990-х гадоў. Ад ранейшай яна адрознівалася вельмі істотна: размяшчэннем пагонаў, наяўнасцю элементаў на ліпучцы, новым дызайнам гузікаў. Акрамя таго, Мінабароны адмовілася ад анучаў, валёнак, а шынялі сталі вузкімі і прыталенымі з нізкім размяшчэннем верхняга гузіка.

Цяпер шмат чаго з гэтага забракавалі. Чамусьці больш за ўсё не спадабаўся генералам такі элемент, як «стаячы падкаўнерык». У ананімным каментары для газеты «Известия» нейкі генерал папросту не знаходзіў сабе месца: «Нашто гэта — што шыю нельга вымыць!» (заява абсурдная, паколькі падкаўнерык надзяваецца на вымытую шыю).

Аднак чамусьці падаецца, што мытая шыя — апошняе, што цікавіць генералаў у гэтай сітуацыі. Так здарылася, што ўведзеная ў 2010 годзе форма выклікала шмат нараканняў у грамадстве. Крытыка даходзіла да таго, што распрацоўшчыка гардэроба за вочы абвінавацілі ледзь не ў датычнасці да серыі трагедый.

Усё пачалося з ЧП у 2010 годзе. У сакавіку таго года праваабаронцы паведамілі пра масавыя абмаражэнні салдатаў, апранутых у форму ад Юдашкіна, у горадзе Юрга Кемераўскай вобласці. Па звестках праваабаронцаў, з дыягназам «пераахаладжэнне» было адпраўлена ў шпіталь да 250 салдат адной вайсковай часткі, прычым некалькі чалавек знаходзіліся ў крытычным стане.

Следчая пракурорская група, што прыбыла ў частку, ніякіх дэфектаў формы не знайшла.  Яна вызначыла прычынай  павальнай пнеўманіі неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспечных умоў нясення службы пры знаходжанні на адкрытым паветры ў моцныя маразы. Аднак з таго часу Юдашкін ікаў шмат разоў. Кожны казус з вострай прастудай сярод асабістага вайсковага складу ахвотна спісвалі на кепскія якасці яго адзення.

Аднак, як толькі пасадзілі Сердзюкова, Юдашкін стаў у Расіі публічным ворагам нумар адзін. Па яе неабсяжных прасторах пракацілася сапраўдная кампанія асуджэння прадукцыі атэлье Юдашкіна. Напрыклад, салдацкія маці Ліпецка правялі сходы, на якіх у адным з першых пунктаў павесткі дня было пытанне пра форму, якую распрацаваў Юдашкін. Іх рэзюме: «З каўняром «стойкай» лепш хадзіць на спатканні, а не Радзіме служыць. Акрамя таго, час вярнуць пагоны і не эканоміць на якасці тканіны. Яна павінна быць больш шчыльнай і цёплай».

Да крытыкі Юдашкіна таксама падключыліся патрыёты. Так, вядомы чырвона-карычневы публіцыст Аляксандр Праханаў усур’ёз лічыць, што Юдашкін праз сваю форму прапагандуе нетрадыцыйную сэксуальную мадэль паводзінаў. Праханаў адзначыў: «Я бачыў эскізы, гэта была форма жабо, у афіцэраў быў велізарны рознакаляровы гульфік, велізарнае дэкальтэ ў падпалкоўнікаў, і яны маглі скрозь гэта дэкальтэ паказваць свае магутныя валасатыя грудзі. Гэта была сапраўдная гей-форма, якая ўпрыгожыла б любы парад. Разумееце? Любы парад».

Уладзімір Жырыноўскі заявіў пра тое, што Юдашкіна неабходна прыцягнуць да адказнасці за распрацоўку нязручнай і халоднай ваеннай формы. Па меркаванні лідара ЛДПР, «няўдача праекта заключаецца ў тым, што мадэльер сам не служыў у войску і не знаёмы з нягодамі ваеннай службы».

Сам Юдашкін перайшоў у адкрытую апазіцыю, абазваўшы Шойгу і яго атачэнне «Дольчэ і Габаны». Па яго словах, вайскоўцы груба сказілі яго першапачатковы праект, замянілі ў ім тканіны, фурнітуру, матэрыялы, якія ўтрымліваюць цяпло. У выніку, па яго словах, замест інавацыйнай формы атрымалася «падробка». І самае цікавае: аказваецца, тая форма, на якую перайшла расійская армія ў 2010 годзе, вельмі адрозніваецца ад распрацаваных ім арыгінальных мадэляў «Лічбы». Як кажа майстра, створаны ім праект быў пасля скажоны Мінабароны. У прыватнасці, Юдашкін распавёў пра тое, што ў яго маюцца лісты ад прадстаўнікоў міністэрства, у якіх паведамляецца пра дапрацоўкі, унесеныя ў зімовую і летнюю форму. Быццам, гэта і пагоршыла якасць адзення.

Тут ужо запахла смажаным. Відавочна, што эскізы былі падкарэктаваныя з мэтай банальнага абагачэння нейкай зацікаўленай групы генералаў, якія выдавалі замовы прадпрыемствам на шыццё формы. З такім тэзісам цяпер носіцца дэмпрэса. Не прайшла яна і міма наступнага цікавага факту.

З’явіліся чуткі, што Валянцін Юдашкін атрымаў замову не за так. Юдашкін, як сцвярджаюць глянцавыя медыя, любімы мадэльер Святланы Мядзведзевай, якая ў 2008 годзе стала першай лэдзі Расіі. Эксперты таксама звярнулі ўвагу на тое, што пасля выканання замовы для Мінабароны на Юдашкіна літаральна пасыпаліся прапановы. Ён распрацаваў форменнае адзенне супрацоўнікаў «Рыбаховы», касцюмы прыслугі на саміце АТЭС ва Уладзівастоку, гардэроб выхаванцаў Пансіёну Міністэрства абароны і г. д. Адным словам, магчыма, ён быў пратэжэ Мядзведзева, што кідае цень на цяперашняга прэм’ера.

Аднак фінал гэтай гісторыі стаў яшчэ больш непрадказальным, пасля таго, як некаторыя крыніцы ў Мінабароны заявілі, што мундзіры ад Шойгу таксама не вельмі зручныя. І тут нечакана ўсплывае інфармацыя, што фірма «БТК груп» ужо працуе над новай калекцыяй. Іншымі словамі, усё ідзе да чарговай змены гардэробу, які можа ўляцець дзяржаве ў капейку, аднак яўна азалаціць сектар, які будзе выконваць загад па шыцці новай уніформы. Дарэчы, рэформа Юдашкіна каштавала бюджэту, па розных крыніцах, ад 5 да 25 мільярдаў расійскіх рублёў.

Усё гэта, канешне, сведчыць пра абсалютна завоблачны ўзровень карупцыі. Але самае смешнае наперадзе — «БТК груп», дарэчы, паводле загаду былога міністра абароны Анатоля Сердзюкова, працуючы над новай формай, фактычна цалкам скапіявала армейскую адзежу з амерыканскага камплекта ACU (Army Combat Uniform). Формы адрозніваюцца толькі расфарбоўкай і невялікімі зменамі ў прапорцыях дэталяў. З ACU скапіяваны нават дэталі, якія не маюць у расійскім войску практычнага ўжывання. Так, на каўняры курткі прышытыя дзве ліпучкі — у ЗША на іх мацуюць знакі адрознення, нашто яны расійскім салдатам, не зразумела.

Патрыятычная грамадскасць ужо ўзняла гвалт. Так што можна не сумнявацца: як толькі ў Расіі канчаткова разбяруцца з каўнерыкам «стойка», пачнецца не менш жорсткая баталія наконт ліпучак.
 

Каментаваць