Казахстан: наступствы чорнага аўтарка

Дэвальвацыя ў Казахстане выклікала даўно не бачаны ўздым вулічных пратэстаў. Пра сацыяльную прыроду, праграму і перспектывы гэтага пратэсту журналіст "Новага Часу" Алег Новікаў размаўляе з казахскім праваабаронцам Андрэем Грышыным.



— Наколькі “чорны аўторак” — так ўжо празвалі казахі 11 лютага — аказаўся шокам для насельніцтва?

— Нягледзячы на тое, што гэта не першая дэвальвацыя тэнге, цяпер рэакцыя грамадства вельмі балючая. Магчыма, справа ў тым, што Нацбанк прыдумаў кепскае, нязграбнае і нават цынічнае апраўданне для такога кроку. Было сказана, што дэвальвацыя сярод іншага дапаможа зменшыць кошты і палепшыць жыццё. Аднак адразу ж стала відавочна адваротнае. Шматлікія крамы зачыніліся, каб устанавіць больш высокія кошты. Пайшла хваля валютных спекуляцый. Людзі зразумелі, як моцна скарацілася іх пакупніцкая здольнасць. Таксама сваю ролю згуляла кампанія за перайменаванне краіны, якую за некалькі дзён да дэвальвацыі пачаў прэзідэнт. Усе ўпэўненыя, што на той момант ён ведаў пра будучае рашэнне Нацбанка і проста хацеў неяк адцягнуць увагу ад фінансавай сітуацыі.

— Вядома, што пасля падзей у Жанаазене казахскія спецслужбы правялі татальную зачыстку апазіцыі. Як пасля такога яна здолела адрадзіцца?

— Апазіцыя здулася. А з улікам таго, што моцна яе кантралююць, шанцаў нешта арганізаваць у яе няшмат. Акцыі пратэсту атрымаліся таму, што ніхто не чакаў, што ўздымуцца раней апалітычныя сектары грамадства. Перш за ўсё, студэнты. Яны праз інтэрнэт-суполкі дамовіліся разам выйсці ў прызначаны час у канкрэтнае месца. Дэвальвацыя тэнге стала проста спускавым кручком для таго, каб выказаць усё, што накіпела. Асабіста я з гэтым феноменам сутыкнуўся ў пастарунку, дзе мяне трымалі пасля арышту падчас адной з акцый. Там распавядалі, што ў суседнюю камеру пасадзілі хлопца, які падышоў да стэлы Незалежнасці (галоўны афіцыйны помнік у Алма-Аце) і дэманстратыўна на яе памачыўся. Па яго словах, ён як мог выказаў сваю пазіцыю ў адносінах да ўсяго таго, што адбываецца. Прысутны каля помніка дзяжурны паліцэйскі зніякавеў ад такога нахабства. Хлопца затрымалі і аформілі за хуліганства.

— Як адрэагавала на пратэсты ўлада? Была інфармацыя пра тое, што на вуліцах Алма-Аты нават з’явілася вайсковая тэхніка.

— Відавочна, што ўлада перапужалася. Асабліва, калі папаўзлі чуткі пра тое, што паўсталі прыгарады Алма-Аты. У горад хутка ўвялі войскі і спецтэхніку, нібыта з мэтай інспекцыі іх тэхнічнага стану. Што тычыцца афіцыйнай рэакцыі, то дзяржаўныя СМІ, натуральна, пратэсты не пабачылі. Пазней Назарбаеў выступіў і паабяцаў узняць заробкі і ўсталяваць кантроль над коштамі. Зразумела, што ўлада намагаецца стабілізаваць сітуацыю. Нават з затрыманымі абышліся вельмі гуманна па нашых мерках. Толькі адзін з удзельнікаў акцыі застаўся пад арыштам. Усе іншыя асуджаныя да штрафу.

— Наколькі вядома, у казахскай палітыцы вялікую ролю адыгрываюць кланы. Які-небудзь з кланаў здольны падтрымаць пратэсты? Ці могуць перайсці на бок пратэстоўцаў мясцовыя алігархі?

— Калі сітуацыя пачне выходзіць з-пад кантролю, патэнцыйна прыяднацца да апазіцыі можа Малодшы або Заходні жуз (клан), паколькі ў цэнтральнай адміністрацыі зараз пераважаюць сябры Старэйшага і Сярэдняга жузу, а галоўныя карысныя выкапні знаходзяцца на захадзе краіны. Што тычыцца алігархаў, то зараз поле ад з’яўлення казахскіх алігархаў-апазіцыянераў, быццам, зачышчанае. Тым больш, зараз Астана актыўна патрабуе экстрадыцыі аднаго такога алігарха Мухтара Аблязава. З іншага боку, такія, як Аблязаў, так ці інакш увесь час узнікаюць, паколькі людзі часта прыкрываюць бізнэс палітыкай.

— Калі дапусціць, што вулічныя пратэсты набудуць масавы характар, якім будзе стаўленне Захаду?

— Наш урад вельмі клапоціцца пра імідж Казахстану на Захадзе. Існуе практыка, калі вядомых на Захадзе персонаў вярбуюць абельваць Назарбаева. Напрыклад, той жа Тоні Блэр. Акрамя таго, ёсць шмат газавых кантрактаў з амерыканцамі і еўрапейцамі. Аднак у выпадку калектыўнага пратэсту, думаю, што стопрацэнтнай падтрымкі Назарбаева з боку Захаду не будзе. Усе ведаюць, што ў нас вельмі аўтарытарная сістэма, і ніякія іміджавыя тэрапіі прэзідэнту ўжо не дапамогуць.

— Як паставіліся да пратэстаў рускамоўныя паўночныя рэгіёны Казахстану?

— Калі меркаваць па першых каментарах на форумах, адзінай думкі няма. Частка вітае выхад людзей на вуліцу, а значная частка баіцца, што, як і на Майдане, ініцыятыву перахопяць казахскія нацыяналісты. Сапраўды, казахскія нацыянальныя лозунгі прысутнічалі падчас акцыі 15 лютага ў Алма-Аце. Аднак гэта не значыць, што рускія будуць падтрымліваць Назарбаева, які іх таксама дастаў. Таму, на маю думку, рускамоўныя будуць трымаць нейтральны бок у магчымым канфлікце.

— Якія перспектывы ў пратэстнага руху ў Казахстане?

— Пакуль цяжка сказаць. Хаця студэнцтва працягвае абурацца, ёсць думка, што ўсё паступова стабілізуецца. Справа не ў нізкім узроўні свядомасці, а ў тым, што практычна кожны жыхар Алма-Аты з вопыту суседняга Кыргызстану ведае, што такое рэвалюцыя па-азіяцку. Паверце мне, гэта — не Майдан. Гэта куды больш брутальная рэч. Нават я, чалавек, блізкі да апазіцыі, з аднаго боку, хачу пераменаў, а з другога — баюся чалавечага кошту, які прыйдзецца за іх заплаціць.

Каментаваць