Казахстан. Назарбаеў у McDonald’s рэкламаваў фаст-фуд

Прэзідэнт Казахстана асабіста наведаў першы ў краіне рэстаран McDonald’s, што стала падзеяй нацыянальнага маштабу і нанесла моцны ўдар па рэпутацыі казахскай вертыкалі. 



Фота з сайта news.caravan.kz


Нагадаем, што ў сакавіку Казахстан стаў 120-й дзяржавай у свеце, дзе з’явіўся клоун Рональд, да якога хутка ў госці прыйшоў сам прэзідэнт.

Візіт Елбасы ў McDonald’s выклікаў шок нават сярод лаяльнай часткі насельніцтва. Справа не ў тым, што па сутнасці гэта была папулісцкая акцыя: Назарбаеў абяцаў за кошт будаўніцтва сеціва рэстаранаў McDonald’s стварыць новыя працоўныя месцы і практычна вывесці краіну з эканамічнага крызісу.

Шмат каму не спадабалася, што прэзідэнт рэкламаваў фаст-фуд, які ва ўсім свеце лічыцца не вельмі карыснай ежай.

Мясцовыя нацыяналісты крытыкуюць Назарбаева за тое, што ён асабіста падтрымлівае іншаземную кухню. Яны заклікаюць да таго, каб у казахскіх McDonald’s прадавалі традыцыйныя стравы казахаў, у тым ліку кумыс і стравы з каніны.

Аднак самае галоўнае — гісторыя з паходам Назарбаева ў McDonald’s прадэманстравала штучнасць казахскага парламентарызму. Як вядома, 23 сакавіка ў Казахстане пройдуць парламенцкія выбары, аднак, як высвятляецца, інтарэс да гамбургераў сярод казахаў значна вышэйшы за галасаванне, вынікі якога, дарэчы, вядомыя ўжо загадзя.

Каментаваць