Казахстан. Прамовы Назарбаева будуць вывучаць у заапарках?

У Казахстане працягваецца незвычайная кампанія, у рамках якой улады тлумачаць насельніцтву сэнс паслання Назарбаева, якое называецца «Стратэгія 2050» і распавядае пра планы ўраду на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.



Прычым на гэты раз прамоцыя набывае вельмі творчыя формы. Напрыклад, у адным з універсітэтаў прайшоў прысвечаны «Стратэгіі 2050» флэш-моб, а пры адным з аблвыканкамаў сфармавалі 19 прапагандысцкіх груп, якія пайшлі ў народ тлумачыць тэзісы Елбасы.

Афіцыёзныя СМІ сцвярджаюць, што казахскія дыпламаты нават прачыталі лекцыю для дэпутатаў Бундэстагу. Далей за ўсіх, зразумела, пайшло кіраўніцтва нейкага дзіцячага садку ў Алма-Аты. Тут дадумаліся азнаёміць з пасланнем дзяцей. «Мы працуем па трох напрамках: з дзецьмі, з іх бацькамі і з выхавацелямі. З гэтым пасланнем павінна быць азнаёмленая ўся грамадскасць», — сказала загадчыца садка ў каментары для прэсы.

Гэта падзея выклікала шквал іранічных каментароў на казахскіх інтэрнэт-форумах. Так, некаторыя не могуць зразумець, як не знаёмыя з матэматыкай дзеці маглі зразумець, што такое 2050.

У сеціве таксама прапануецца тлумачыць тэкст пасланнях насельнікам заапаркаў або надрукаваць тэкст паслання на туалетнай паперы. Некаторыя лічаць, што ідэі гаранта будуць цікавы нават тым, хто яшчэ знаходзіцца ва ўлонні маці.

Паводле казахскай прэсы

Каментаваць