Казахі або казахстанцы

Казахская апазіцыя робіць стаўку на нацыяналізм. Яна дамаглася перагляду праекту Дактрыны пра нацыянальнае адзінства.



Казахская апазіцыя робіць стаўку на нацыяналізм. Яна дамаглася перагляду праекту Дактрыны пра нацыянальнае адзінства.

Канцэпцыя дактрыны была агучана яшчэ 25 лістапада. Яе распрацавалі чыноўнікі Асамблеі народаў Казахстана — арганізацыі з вельмі незразумелым статусам. На першы погляд, гэта быццам звычайная грамадзянская ініцыятыва, якая намагаецца развіваць дыялог паміж прадстаўнікамі 140 нацый, што жывуць у краіне. З іншага боку, Асамблея чамусьці лічыцца органам усіх нацменаў і нават мае права прапаноўваць парламенту праекты заканадаўчых актаў.

Сама Дактрына пра нацыянальнае адзінства — малазразумелы тэкст, перапоўнены эпітэтамі кшталту «сяброўства прадстаўнікоў нацый», «агульная радзіма», «наш дом — Казахстан» і г.д. Аднак актывісты апазіцыі выявілі ў ёй замах на нацыянальную ідэнтыфікацыю. У дакуменце адсутнічаў тэрмін «казахская нацыя». Замест «казахаў» у тэксце фігуравала паняцце «казахстанская нацыя».

Трэба прызнаць, што праблема нацыянальнай ідэнтыфікацыі сапраўды існуе. Рускамоўныя грамадзяне Казахстана часта не жадаюць, каб іх называлі казахамі. Для гэтага, думаецца, і прыдумалі «казахстанцаў». Самі аўтары Дактрыны пра нацыянальнае адзінства кажуць, што «казахстанцы» — не іхняе адкрыццё. Яны папросту пайшлі шляхам ЗША, дзе, як і ў Казахстане, пражывае шмат прадстаўнікоў розных нацый.

Такая аргументацыя не задаволіла нацыяналістаў. Літаральна па слядах прэзентацыі праекту Дактрыны пра нацыянальнае адзінства ў Алма-Аце адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў нацыянальных груповак.

«Прыватызацыя прайшла — маўчым, прадалі зямлю — маўчым, прадалі нетры — маўчым. Зараз забіраюць нашу душу — хочам адмяніць казахскую нацыю», — казалі яе арганізатары. «Няма ніякай казахстанскай нацыі, ёсць тытульная казахская нацыя», — выказаў агульную думку адзін з выступоўцаў.

Цікавай была рэакцыя нацыяналістаў на тое, што Казахстан павінен браць прыклад са Злучаных Штатаў. Як адзначыў нехта з патрыётаў: «ЗША — дзяржава, якая незаконна пабудавана на костках індзейцаў».

Словамі справа не абмежавалася. На згаданай канферэнцыі быў абвешчаны ультыматум. Або да 17 снежня ўлады прыпыняюць публічнае абмеркаванне праекту, або апазіцыя пачынае калектыўную галадоўку пратэсту. Трохі пазней у СМІ трапіла інфармацыя пра 400 актывістаў сталічнай апазіцыі, гатовых галадаць за нацыю. Увогуле, па краіне такіх ахвочых, калі зноў жа верыць апазіцыйным СМІ, знайшлося 700 чалавек.

Казахская апазіцыя — дастаткова слабае фармаванне, якое рэдка прымушае ўлады лічыцца з сабой. Аднак на гэты раз адбылося нешта незвычайнае. 11 снежня лідэры нацыяналістаў зноў сабралі журналістаў, каб паведаміць ім сенсацыйную навіну — улады адступілі.

Такім чынам, сакратарыят Асамблеі народаў Казахстана прыпыніў абмеркаванне Дактрыны пра нацыянальнае адзінства. Дэбаты будуць працягнутыя пасля таго, як апазіцыя распрацуе і прапануе альтэрнатыўны варыянт. Намеснік старшыні асамблеі Ералы Тагжанаў сапраўды прызнаў, што зараз чакае прапаноў ад палітычных партый.

Між тым, перамога апазіцыі выклікала шэраг цікавых каментараў у незалежнай прэсе. Адбыўся відавочны адыход апазіцыі ад агульных дэмакратычных лозунгаў да нацыяналістычных. Наколькі перспектыўная такая пазіцыя?

Некаторыя аглядальнікі лічаць, што ўлады, саступаючы апанентам у пытанні пра «казахскую нацыю», самі штурхаюць апазіцыю ў лона абаронцаў інтарэсаў выключна тытульнай нацыі. Пра тое, што тут нешта не так, сведчыць і наступны цікавы факт. Некалькі дзяржаўных СМІ змясцілі артыкул галоўнага праціўніка дактрыны Мухтара Шаханава.

«Пасля такой адкрытай дэманстрацыі сваёй блізкасці да нацыяналізму цяжка разлічваць, што на наступных выбарах за апазіцыю прагаласуе хтосьці з ліку «казахстанцаў». Чым больш яны фліртуюць з нацыянальна арыентаваным электаратам, тым менш маюць падтрымку з боку ўсіх іншых, «казахстанцаў», — піша мясцовая газета «Республика». Газета таксама адзначае: «Узнікае пытанне — што рабіць таму, хто хоча быць казахстанцам, аднак без Назарбаева?»

Іншае выданне лічыць, што ўлада спецыяльна актуалізавала нацыянальнае пытанне, каб адвесці ўвагу грамадства ад наступстваў эканамічнага крызісу.

«Відавочна, што нацыяналізм адсуне на другі план сацыяльна-эканамічныя праблемы. Ужо не такімі актуальнымі будуць пытанні памераў пенсій і зарплатаў, страціць актуальнасць праблема дольшчыкаў, пытанні аховы здароўя і адукацыі здадуцца несур’ёзнымі. Мы менш будзем казаць пра тое, як жывём і хто ў гэтым вінаваты, мы больш будзем высвятляць, хто з нас хто», — піша адно незалежнае выданне.

Нацыяналізм у казахскіх умовах, магчыма, сапраўды адзіны моцны рэсурс для апазіцыі. Як прызнае згаданая «Республика», «дрэйф казахстанскіх дэмакратаў ад апазіцыі ў бок нацыяналізму — непазбежны працэс. Мабыць, гэта выклікана тым, што апазіцыя змушана звяртацца да найбольш палітычна актыўнай часткі грамадства, якой сёння з’яўляюцца этнічныя казахі».

Верагодна, улады вымушаны лічыцца з ростам нацыянальнай свядомасці казахаў, асабліва моладзі.

Варта згадаць, што цяперашняя палеміка вакол Дактрыны пра нацыянальнае адзінства па часе прыйшлася на 23 гадавіну снежаньскіх падзей 1986 года. Тады ў сталіцы КазССР мелі месца студэнцкія пратэсты супраць кадравай і нацыянальнай палітыкі Масквы. Нават нягледзячы на круглую дату, тыя падзеі выклікалі ў грамадства вялікую цікавасць. Было відавочна, што яны разглядаюць у кантэксце прапанаванай Дактрыны пра нацыянальнае адзінства. Тым больш, што да падаўлення пратэстуючых меў дачыненне Нурсултан Назарбаеў, тагачасны кіраўнік казахскага ўраду, а зараз прэзідэнт Казахстана.

Магчыма, у Астане вырашылі не гуляць з агнём і вярнуць праект Дактрыны пра нацыянальнае адзінства. Аднак канцэптуальную праблему нацыянальнай ідэнтыфікацыі жыхароў Казахстана гэта не вырашае.

Каментаваць