Казак супраць казаха

20 гадоў таму ва Уральску адбыліся сутычкі паміж казахамі і казакамі. Ёсць версія, што ў выпадку з’яўлення ахвяр на захад Казахстана павінны былі быць кінуты расійскія “міратворчыя войскі для стварэння тут мясцовага варыянту Прыднястроўя.

Хаця словы “казак і “казах яўна этымалагічна блізкія, вялікіх узаемных сімпатый паміж прадстаўнікамі гэтых народаў гістарычна не было.

20 гадоў таму ва Уральску адбыліся сутычкі паміж казахамі і казакамі. Ёсць версія, што ў выпадку з’яўлення ахвяр на захад Казахстана павінны былі быць кінуты расійскія “міратворчыя войскі для стварэння тут мясцовага варыянту Прыднястроўя.

Хаця словы “казак і “казах яўна этымалагічна блізкія, вялікіх узаемных сімпатый паміж прадстаўнікамі гэтых народаў гістарычна не было.

Казакі, і перш за ўсё ўральскія, з часоў царызму ўвайшлі ў гісторыю Казахстана як авангард каланізацыі, былі аналагам цяперашняга спецназу. Не менш ненавідзелі ўральцаў бальшавікі. Нягледзячы на тое, што паўстанне Емяльяна Пугачова займала важнае месца ў гісторыі сацыяльных пратэстаў Расіі, Сталін не легалізаваў мясцовае казацтва, у адрозненні ад данскога і кубанскага (ім дазволілі ствараць напярэдадні вайны свае фармаванні і падтрымліваць культурныя традыцыі). У дадатак Уральск — сталіцу ўральскага казацтва — у 1920 годзе перадалі ў склад Казахстану. Сам Уральск з часам ператварыўся ў тыповы абласны правінцыйны горад. На момант канфлікту ў ім жылі каля 250 тысяч чалавек, з іх 150 тысяч — рускія.

У пачатку 1990-х гадоў па ўсім Савецкім Саюзе з’явіліся мужчыны ў дзіўных ваенных мундзірах рознага стылю, рознага фасону, з немаведама адкуль узятымі медалямі, з пагонамі, лампасамі, ды яшчэ з шашкамі і нават бізунамі. Яны называлі сябе казакамі. Так была вельмі хутка адноўлена сувязь казацкіх пакаленняў. З’явілася мода на казакоў і ва Уральску. Гэта была трэцяя па ліку адноўленая абшчына казакоў у Савецкім Саюзе.

Хаця па статуту абшчына збіралася займацца выключна культурай і гісторыяй, яна хутка зацікавілася палітыкай. У паветры луналі геапалітычныя праекты пра перадзел тэрыторыі Казахстана. Вялікі рэзананс атрымаў знакаміты артыкул Аляксандра Салжаніцына, які выступаў за далучэнне да Расіі Паўночнага Казахстану. Ужо ў жніўні 1990 года казакамі была прынята рэзалюцыя з патрабаваннем вярнуць “землі Уральскага казацтва ў склад Расіі. Казакоў падтрымлівала мясцовая адміністрацыя. Пасля таго, як у рэспубліцы пачалося асцярожнае пашырэнне сферы ўжывання казахскай мовы, гарсавет прыняў пастанову пра тое, што справаводства ў горадзе Уральску павінна весціся на рускай мове, руская мова абвяшчалася мясцовай афіцыйнай мовай. У лютым 1991 года ў Маскве была агучана ідэя стварыць Уральскую аўтаномную вобласць, куды б увайшлі землі Уральскай, Гур’еўскай абласцей Казахстана і аўтаномнай Калмыкіі (Расійская Федэрацыя).

Адначасова набіраў моц мясцовы нацыянальны казахскі рух. У тутэйшых казахаў таксама была і ёсць гісторыя. Тутэйшая інтэлігенцыя адносіць сябе да нашчадкаў лідараў Букееўскай арды (буфернае адміністратыўнае ўтварэнне на мяжы Расіі і Стэпу ў ХІХ стагоддзі). Свядомыя казахі тусаваліся пад дахам арганізацыі “Азат.

Супрацьстаянне “Азату і казакоў дасягнула апагею ўвосень 1991 года. Чыннікам драматычнай канфрантацыі стала жаданне лідараў уральскіх казакоў шырока адзначыць 400-годдзе служэння ўральскіх казакоў расійскай кароне. Яно выпадала на 15-е верасня 1991 года. Фармальнай нагодай стала тое, што папярэдні юбілей, 300-годдзе служэння расійскай кароне, святкавалі тут у 1891 годзе.

Самога рускага самадзяржаўя ў 1991 годзе ўжо не было. Такім чынам, служыць (дакладней, даслужваць чацвёртую сотню гадоў) было няма каму, аднак, як кажуць, была б падстава. Гарадскія ўлады далі згоду на правядзення свята, якому казакі адразу вырашылі надаць саюзны фармат — запрасілі калег з іншых казацкіх грамад яшчэ афіцыйна існуючага СССР. Самае смешнае, што дазвол быў дадзены на святкаванне не толькі юбілею далучэння ўральскага казацтва да Расіі. Казахам, каб яны не мелі комплексаў, прапанавалі святкаваць 15 верасня дзень нараджэння аднаго з лідараў казахскага сялянскага паўстання.

“Азат не меў кадравага рэсурсу, каб сарваць 400-годдзе служэння расійскай кароне. Таму нацыяналісты адправілі ў Алма-Ату дэлегацыю, якая ўзняла ўсю казахскую грамадскасць. Усе на той час актыўныя нацыяналістычныя арганізацыі заклікалі свядомых казахаў ехаць 15 верасня ва Уральск. Назва кааліцыі па зрыву казацкага юбілею гучала вельмі арыгінальна — “Аттанайык Жайыкка, што можна перакласці даслоўна як “Па конях, наперад, на Яік (Яік — гістарычная назва Уралу).

Такім чынам, напярэдадні дня Х вакол Уральска назіралася заўважная мітусня. З розных куткоў Расіі, пачынаючы з Далёкага Усходу, ва Уральск ехалі сотні казакоў у парадных мундзірах. І з розных куткоў Казахстана ва Уральск ехалі сотні актывістаў казахскіх нацыянальных арганізацый — на цягніках, на машынах, і нават на конях.

Першымі ініцыятыву захапілі нацыяналісты. Яны акупавалі цэнтральную плошчу і тры дні без перарыву мітынгавалі. Пасля казахскі дэсант паспрабаваў не дапусціць праходу казакоў з вакзалу на малебен. Кульмінацыяй супрацьстаяння стала блакада ДК заводу “Зеніт, дзе праходзіў святочны сход з нагоды юбілею. Аматары сесці на коней і паехаць на Яік баяліся, што ўдзельнікі могуць абвесціць аўтаномію Уральскага краю. Натоўп казахаў акружыў будынак і намагаўся прарвацца ў залу. Як пішуць сучаснікі, сітуацыя была вельмі напружанай. Тым больш, што маглі мець месца правакацыі.

Былы кіраўнік Уральскай вобласці пасля казаў, што казакамі дырыжавалі з Масквы, што ў той дзень на мяжы Казахстана стаялі з заведзенымі маторамі танкі генерала Альберта Макашова. Меркавалася па прыднястроўскім сцэнары адсекчы заходнюю нафтагазаносную частку Казахстана і падняць сцяг “Прыўральскай рэспублікі. Патрэбна была толькі нагода — жудасная навіна пра тое, што ва Уральску забіваюць рускіх.

Аднак у апошні момант эмоцыі ўдалося стрымаць. Зрабіла гэта адна з казахскіх жанчын, якая зняла з галавы белую хустку і кінула яе перад калонай раз’юшаных нацыяналістаў. Па казахскіх рытуалах, пераступіць яе нельга. Натоўп спыніўся і паступова разышоўся.

Падзеі ва Уральску былі напоўніцу выкарыстаны тагачасным казахскім лідарам Назарбаевым. Ён выкарыстаў Уральск як жывы прыклад таго, што чакае рэспубліку ў выпадку палітычнай нестабільнасці. Амаль усе групы грамадства пагадзіліся на ўзмацненне яго персанальнай улады, якая была гарантам парадку.

Аднак формула “персанальны аўтарытарызм у абмен на стабільнасць, відавочна, не вырашае праблему ў комплексе. У статуце казацкай грамады Уральску чорным па белым напісана, што мэта арганізацыі — уз’яднанне з Арэнбургскім казацтвам, якое знаходзіцца ў Расіі. На сайтах казахскіх нацыяналістаў хапае шавіністычных заклікаў.

Ці захопяць падобныя настроі ў бліжэйшы час масы, будзе залежаць ад таго, як Назарбаеў правядзе аперацыю “пераемнік. Праўда, не факт, што ён увогуле збіраецца яе праводзіць. Прынамсі мясцовая Акадэмія навук актыўна працуе над прэзідэнцкім загадам: як мага хутчэй сінтэзаваць эліксір вечнага жыцця.

Каментаваць