Кіньце дурную думку здаць Марыупаль

Майдан выклікаў у марыупальцаў раздражненне і злосць, яго перамогу ўспрынялі як уласную паразу. Анэксію Крыма сустрэлі з радасцю, з’яўленне ДНР — з энтузіязмам... Амаль тры месяцы існавання ў ДНР гэты энтузіязм моцна астудзілі.



Дзмітрый Галко ля ўвахода ў фонд "Новы Марыупаль"


Усе грамадскія актывісты, з якімі я сустрэўся ў Марыупалі, былі даволі стрыманыя ў ацэнцы настрояў насельніцтва горада ў цэлым. Жанчына, якая прыходзіць на трэніроўкі ў мясцовы атрад самаабароны, наогул сказала, што «у сваім пад'езде і на працы я адна такая (патрыётка)». Гэта не перашкаджае альтэрнатыўна настроеным гараджанам абурацца, што «некалькі сотняў чалавек у вышыванках гавораць за ўвесь горад, нібыта тут усе такія».

Безумоўна, далёка не ўсе тут такія. Але навакольны свет цікавяць тыя, хто займае актыўную пазіцыю, на іх звяртаецца ўся ўвага. Вясной гэта былі прыхільнікі ДНР, цяпер — украінскія патрыёты. Менавіта яны фармуюць парадак дня ў горадзе і ствараюць ягоны твар. Я магу параўнаць, вясной рысы гэтага твару былі значна меней прыемнымі.

Марыупаль не Данбас

Мы пагутарылі з Яраславам Мацюшыным, грамадскім актывістам, які жыве ў левабярэжнай частцы Марыупаля, усяго за некалькі прыпынкаў ад усходніх блокпастоў  — месца рэгулярных абстрэлаў. «Затое на будзільніках можна зэканоміць. Шторанку а палове на сёмую «Грады». Лепата!», — з гумарам кажа ён пра абстрэлы.

Калі я быў у вас вясной, візуальная прысутнасць ДНР здавалася не надта сур’ёзнай…

— Да Левага берагу яны не дабраліся, займалі ў горадзе ўсяго адзін квартал у цэнтры, на скрыжаванні вуліцы Грэчаскай і праспекта Леніна. Тут тусавалася колькі дзясяткаў расійскіх наёмнікаў і яшчэ столькі ж мясцовых гопнікаў. Іхны «ваенны камендант», Андрэй Барысаў, пастаянна скардзіўся на тое, што ніхто не хоча ісці ваяваць.

Свой след яны, аднак, паспелі пакінуць…

—Так, гэтыя гопнікі, якім далі «пісцікі» і развязалі рукі, разбамбілі ў цэнтры ўсе ювеліркі, усе крамы, якія гандлявалі смартфонамі і гаджэтамі. Абкладалі «рэвалюцыйным падаткам» бізнэс. Хтосці яго плаціў, але, напрыклад, браты Сапаравы, уладальнікі службы рытуальных паслугаў, у адказ на пагрозы прывезлі ім на пачатку чэрвеня пад штаб труну, расфарбаваную ў колеры сцяга ДНР. Недзе праз тыдзень пасля гэтага «падарунку» ДНР у нас была насамрэч пахаваная —Марыупаль вызваліла ўкраінская армія.

Зрэшты, тэхнічная магчымасць зачысціць горад сіламі мясцовага гарнізона міліцыі была і раней. Толькі міліцыянты ўсе чакалі расійскіх заробкаў па дзве тысячы долараў, таму сталі калабарантамі, іначай не магу іх назваць. Цяпер яны як шоўкавыя, бо ў горадзе стаіць армія, але іх трэба мяняць на іншыя кадры, веры ім ніякай няма, гэта такая міна запаволенага дзеяння.

Значыць, ДНР трымалася на змычцы гопнікаў і міліцыянтаў. А што астатняе насельніцтва, падтрымлівала Украіну?

— Насельніцтва жыло згодна з вядомым стэрэатыпам, што паўднёвы ўсход не можа падзяляць нацыянальныя ідэалы. Майдан выклікаў у марыупальцаў раздражненне і злосць, яго перамогу яны ўспрынялі як уласную паразу. Анэксію Крыма сустрэлі з пячорнай радасцю, з’яўленне ДНР — з віскатлівым энтузіязмам... Амаль тры месяцы існавання ў ДНР гэты энтузіязм моцна астудзілі. Яны ж не стварылі ў горадзе нічога, апроч праблемаў.

Сапраўды, не чуў, каб гэтыя месяцы ў Марыупалі згадвалі з настальгіяй. Але некаторыя кажуць, што пры ДНР было кепска, бо гэта была «няправільная» ДНР...

— Заўжды можна з’ездзіць у Данецк, тут недалёка, паглядзець на эталон. Тыя, хто там бывае, вяртаюцца і кажуць: ды ну яго на фіг. Уцякаюць жа адтуль да нас, а не наадварот.

Цяпер марыупальцы сталі ўкраінскімі патрыётамі?

— Трэба сказаць, што Марыупаль — не Данбас. Ні геаграфічна, бо Данецкі вугальны басейн заканчваецца далёка ад нашага горада. Ні ментальна, бо мы людзі паўднёвыя, больш разняволеныя, нязлосныя. Азлобленых на ўсё людзей, а менавіта такія сталі «дровамі» пажару на Данбасе, у нас заўжды было значна меней, чым у Данецку.

І патрыёты ў Марыупалі заўжды былі. Хаця, як я жартую, складана любіць Украіну, калі вакол цябе суцэльны Данбас. Але яны перабывалі ў аморфным, сонным стане разам з усім горадам. Апошнія падзеі абудзілі ўсіх, украінаненавіснікаў і патрыётаў разам. На мой погляд, другіх усё-ткі болей, чым першых. Не, я магу памыляцца, бо сам варуся ў патрыятычна настроеным асяродку, але я сапраўды быў прыемна шакаваны выбухам патрыятызму. Для мяне стала абсалютнай нечаканасцю, што ў нас столькі людзей, гатовых нешта рабіць дзеля Украіны.

Батальён «кікімараў»

Большасць гатовых нешта рабіць людзей канцэнтруюцца вакол «Новага Марыупаля» — аб’яднання валанцёрскіх арганізацый, якое паўстала ў сувязі з вайной. «Новаму Марыупалю» даводзіцца закрываць сабой дзіркі ў інфраструктуры дзяржавы. Яны забяспечваюць вайскоўцаў рацыямі, берцамі, каскамі, бронекамізэлькамі, біноклямі і г.д. Займаюцца таксама тэрміновай дапамогай параненым.

«Менавіта нам тэлефануюць ваенныя, калі вязуць параненага. Мы выязджаем, бярэм з сабой вопратку, сродкі гігіены і неабходныя медыкаменты. Я ўжо збілася з ліку, колькі ў нас было такіх выездаў, дакладна некалькі сотняў», — кажа Марыя Падыбайла, у мірным жыцці старэйшы выкладчык кафедры міжнародных адносінаў Марыупальскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а цяпер каардынатар валанцёрскага аб’яднання. За ўсё лета мора яна бачыла толькі аднойчы, калі яны прывозілі рэчы на базу аднаго з добраахвотніцкіх батальёнаў, не мела ніводнага выходнага дня.

Марыя Падыбайла

Марыя вядзе мяне па калідорах памяшкання, якое аддала ім газета «Вячэрні Марыупаль», каб паказаць «наш гонар». «Батальён кікімараў», як мы іх жартам называем», — тлумачыць яна.

У памяшканні сядзяць мілавідныя пажылыя жанчыны і плятуць з падручных матэрыялаў (венікаў, нітак мешкавіны, чароту) тыя самыя «кікімары» — маскіровачныя плашчы, расфарбоўваючы пад мясцовы ландшафт. Калі іх набываць у спецыялізаваных крамах, яны каштуюць паўтары-дзве тысячы грыўняў за штуку, самаробныя атрымліваюцца значна танней, калі ж улічыць, што ў іх укладзена часцінка душы — наогул бясцэнныя.

Жанчыны з «батальёну кікімараў» кажуць, што тут нарэшце адчулі сябе дома, на сваёй зямлі. Раней кожнай з ёй паасобку было самотна, яны не ведалі, ці ёсць побач яшчэ нехта, хто падзяляў бы іхныя погляды. «Рэдка-рэдка калі сустрэнеш такога чалавека, дык абды-ы-ы-ымешся. Але часцей было не зразумець, дзе ты, што гэта за горад, чый ён, і як знайсці сваіх. Зараз мы бачым, што нас зусім не так мала, як нам падавалася», — наперабой расказваюць яны.

Яшчэ адзін матыў — пазбаўленне ад марнага адчування, што «усё прапала».

«Навошта сядзець і біцца ў істэрыцы?.. Вяртаюся я днямі адсюль дадому, іду па вуліцы, мне тэлефануюць, крычаць: што там здарылася, чаму сірэны гудуць?! Не ведаю, кажу, у мяне ціха. Не, я чую сірэны, але мне так спакойна, што няма да іх ніякай справы», — тлумачыць адна з «кікімараў», чаму яна сюды прыходзіць. Іншыя падхопліваюць, згаджаюцца — пачні дзейнічаць, рабіць што-небудзь, каб выправіць сітуацыю.

«Я ведаю, што калі салдат апрануты, абуты, мае неабходны рыштунак, накормлены, дык ён будзе здольны ваяваць, абараніць мяне. Бо зразумее, што ён неабходны народу», — кажа жанчына. «Мы ж разумеем, што калі Марыупаль падзе, астатняя Украіна не выстаіць», — гаворыць іншая.

«Вось так, бачыце, на нашых дзяўчынках трымаецца ўся Украіна. І калі ў каго-небудзь ёсць дурная думка, мы гэта ўсім гаворым, у тым ліку спадару прэзідэнту, здаць Марыупаль, вы яе кіньце!», — падводзіць рысу Марыя.

Забудзьцеся пра вату

Ілан займаецца падрыхтоўкай мясцовай самаабароны — будучых байцоў батальёну «Марыупаль». «Шчыра кажучы, калі я даведаўся пра мірнае пагадненне, здрадніцкае, на мой суб’ектыўны погляд, у мяне была істэрыка. Ціск падвысіўся, і ўсё такое. Але потым я згадаў стары добры рэвалюцыйны заклік: да зброі, грамадзяне! Яны там пра нешта дамовіліся, хай сабе, я ж ні з кім не дамаўляўся. Цяпер я ў поўным парадку. І замест ціску ў мяне падвышаецца тэстастэрон, жанчыны проста праходу не даюць», — жартуе Ілан.

Што да падрыхтоўкі будучых байцоў, яна нежартаўлівая. Прыязджаюць займацца з імі ў якасці інструктараў байцы з фронту. У іх не твары — партрэты. Бадай кожнага можна браць на вокладку тэматычнага нумару часопіса з подпісам «Чалавек вайны». Скура на тварах нацягнутая так, што яны, здаецца, фізічна не могуць усміхнуцца. Расказваючы пра апрацоўку раны на полі бою, інструктар выпадкова сказаў вельмі смешную рэч: «Ніякай ваты, забудзьцеся пра вату!» Усе кадэты дружна засмяяліся, а ён з сваімі пабрацімамі нават не ўсміхнуўся. Толькі яшчэ раз старанна патлумачыў, чаму вата ў такіх выпадках не падыходзіць.

Ён увогуле настолькі старанна ўсё тлумачыў, што нават я, старонні назіральнік, амаль усё запомніў. Бо чалавек дзяліўся практычнымі ведамі з жаданнем дапамагчы слухачу ў будучым выратаваць уласнае жыццё.

Ці ведаеце вы, як падаць, калі ў памяшканне, дзе вы знаходзіцеся, кідаюць гранату? Ні ў якім разе не жыватом уніз. Трэба ўпасці на спіну, прыціскаючы да жывата аўтаматат. Выбухне граната ці не — гэта яшчэ невядома, але калі вы будзеце ляжаць на жываце, вас прыстрэляць як таго труса. Калі ж падаеш у полі падчас абстрэлу, трэба зводзіць разам пяткі, а рукамі, сагнутымі ў локцях, прыкрываць бакі. Такім чынам будуць абароненыя галоўныя артэрыі і «будучыя дзеці». Няма каскі — падаеш вухам на зямлю, каб галава меней тырчэла, ёсць каска — уцягваеш галаву ў плечы, тады каска прыкрые шыю.

 

Што трэба зрабіць першым чынам з чалавекам, які атрымаў моцнае раненне ў галаву? Яму трэба завязаць вочы. Каб ён не бачыў твараў, якія будуць на яго глядзець з выразам «о, братан, табе капец».

«Калі вас або вашага пабраціма паранілі ў жывот, вы бачыце, што выпалі вантробы, не спрабуйце ўвапхнуць іх назад — усё роўна правільна не ўвапхнеце. Абматайце поліэтыленам, але так, каб чалавек мог устаць і ўздыхнуць, а не стаяў як робат», — расказвае інструктар. Менавіта ў гэтым ён згадаў пра тое, што трэба параненаму ў вочы трэба прыкласці да вачэй скруткі скотчу ці што-небудзь такога кшталту, і толькі потым перабінтаваць паверх. І г.д., і да т.п.

У кожным выпадку ён згадваў каго-небудзь з сваіх пабрацімаў, тых, хто здолеў выжыць ці тых, хто загінуў. Я быў зачараваны ягоным манатонным, нібыта безэмацыйным расповедам.

«Непрыгожая вайна, бязглуздая, ганебная... Не чакайце, што вам давядзецца хадзіць у атаку з крыкам «За Радзіму!»... Тут толькі лупяць з цяжкай артылерыі абы куды, бо нават разведкі нармальнай няма, ні ў нас, ні ў іх... Можа, я б вярнуўся дадому, але мне няма куды вяртацца, няма ў мяне дому, там цяпер ДНР. Непрыгожая вайна, бязглуздая, ганебная... (ён паўтараў гэты рэфрэн раз-пораз) Так, я ведаю пра ўсе подласці, што на ёй робяцца, у тым ліку з нашага боку. Ведаю, і ўсё-ткі застаюся тут. Бо галоўнае, каб я сам не рабіў подласці. Рабіў толькі тое, што павінен рабіць. І вы рабіце тое, што павінны рабіць. Абараняйце з годнасцю свой дом», — прамовіў салдат.

Абмеркаванне:

  • антось
  • 2014-09-25 17:03:25
Цудоўны, шчымлівы, аптымістычны матэрыял. І аніякай ваты...
  • Владимир
  • 2014-09-25 17:24:18
Текст взвешенный: нет ангажированности, нет шапкозакидательства, но и пессимизма тоже нет. Начинаешь немного отчётливее представлять, как на самом деле там всё переплелось сложным узором, как
неоднозначно всё, как однобоко освещают эти события не только российские (о них и речи нет, здесь всё понятно!), но и некоторые украинские СМИ. Спасибо автору (и редакции за собкорра) за возможность
хоть немного приоткрыть правдивую страничку происходящего. В меня , например, этот текст вселяет оптимизм, которого в последнее время не хватает.
  • Чытач
  • 2014-09-25 17:39:50
Калі не памыляюся, падчас першай украінскай вандроўкі Зміцера на сайце была зроблена добрая рубрыка, нешта кшалту таго: Наш карэспандэнт у гарачай кропцы. А зараз няма? Чытачу ж важна ведаць, ці гэта
З МЕСЦА ПАДЗЕЙ, ці проста з інтэрнэту інфармацыя. З павагай, Чытач.
  • Рыгор
  • 2014-09-25 18:02:06
Энтузіазм ад ДНР і Расеі так хутка сышоў, таму што не "руская вясна" іх прываблівала, а "длінны рубель". А калі ён стаўся падманам - назад. Гэта брыдка. Хочаш добра
жыць - сваю зямлю, сваю краіну рабі заможнай, а не за дармовай прыбаўкай бегай!
  • НЧ
  • 2014-09-25 18:04:50

Рубрыка неўзабаве зноў будзе :)
  • Hleb
  • 2014-09-25 20:52:37
Гэта з месца падзей, але ён толькі прыехаў, гэта першы рэпартаж. Таму рубрыкі пакуль няма.
  • Уедлевы Чытач
  • 2014-09-25 22:42:15
Як - першы? Надрукавана, калі не памыляюся, ужо ТРЫ матэрылы!
  • Сябра
  • 2014-09-27 17:20:18
Зміцер, як жа ты не дагледзеў, што гэты дабрачынны прытулак спалілі? Як гэтыя жанчыны зараз збіраюцца працягваць сваю справу? Адкажы, калі ласка, калі нешта ведаеш па гэтым пытанні!
  • Зміцер Галко
  • 2014-09-28 13:45:08
Не хвалюйцеся, яны ўжо працягваюць працаваць.

Каментаваць