Кіраўнік Канстытуцыйнага суда Егіпта прынёс прысягу ў якасці часовага кіраўніка дзяржавы

Галоўны суддзя Адлі Мансур прыняў прысягу праз некалькі гадзін пасля таго, як дэмакратычна абраны Мухамед Мурсі быў  скінуты вайскоўцамі.



Адлі Мансур прыняў прысягу часовага прэзідэнта ў чацвер, тады як яго папярэднік Мухамед Мурсі ўтрымліваецца ў  ваенных казармах разам з галоўнымі памочнікамі.

 

У Канстытуцыйным судзе Мансур сказаў: «Клянуся Богам, што буду прытрымлівацца рэспубліканскага ладу і паважаць Канстытуцыю і закон ... і абараняць нацыю».

 

«Рэвалюцыянеры Егіпта паўсюль, і мы вітаем іх усіх, тых, хто можа даказаць усяму свету, што яны досыць моцныя, адважная моладзь Егіпта, якая была лідарам гэтай рэвалюцыі».

Менш чым праз гадзіну пасля таго, як Мансур быў прыведзены да прысягі, егіпецкая пракуратура выдала ордэр на арышт лідэра Братоў-мусульман Мухамеда Бадзі і яго намесніка, Хайрата эль-Шатэра.  Сотні чыноўнікаў Братэрства таксама былі арыштаваныя.

 

У тэлевізійным эфіры, у асяроддзі ваеначальнікаў, рэлігійных аўтарытэтаў і палітычных дзеячаў, генерал Абдэль Фаттах аль-Сісі фактычна абвясціў сыход Мурсі.

 

Сісі заклікаў да прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, стварэння адмысловай групы для перагляду Канстытуцыі і нацыянальнага прымірэння, якая будзе ўключаць актывістаў моладзевых рухаў. Паводле яго слоў, план быў узгоднены шэрагам  палітычных групаў.

Ісламісцкія прыхільнікі Мурсі, якія сабраліся ў цэнтры Каіра, гнеўна адрэагавалі на заяву арміі. Некаторыя разбіралі брук,  утвараючы груды камянёў. Ахоўнікі ў касках з шэрагаў Братоў-мусульман сфармавалі кардон вакол лагера, недалёка ад мячэці. Мужчыны і жанчыны плакалі і спявалі.

 
Асуджаючы ваеннага начальніка Сісі, некаторыя крычалі: «Сісі ніхто, пустое месца! Іслам прыходзіць! Мы не сыйдзем!»

 
Па меншай меры 14 чалавек былі забітыя, калі праціўнікі і прыхільнікі Мурсі сутыкнуліся пасля абвяшчэння аб яго сыходзе.
 
 
Выступаючы з прамовай неўзабаве пасля зварота Сісі, лідэр ліберальнай апазіцыі Махамед эль-Барадэі заявіў, што «рэвалюцыя 2011 года зноў запушчана», і што план арміі адпавядае патрабаванням пратэстуючых.

 
Вядучыя мусульманскія і хрысціянскія святары Егіпта таксама падтрымалі дарожную карту, прапанаваную вайскоўцамі.

Паводле Аль-Джазира

Каментаваць