Кельты, на выхад!

У Паўночнай Ірландыі таксама думаюць арганізаваць рэферэндум пра выхад краю са складу Вялікабрытаніі.

Шатландскі плебісцыт рэанімаваў надзеі ірландцаў-каталікоў на хуткае аб’яднанне з Ірландыяй.



12 верасня пайшоў з жыцця Ян Пэйслі — пастар, які ўвасабляў сабой супраціўленне Ольстэра. Ян Пэйслі стаяў ля вытокаў Дэмакратычнай Юніянісцкай Партыі (DUP). За сваю бескампраміснасць ён атрымаў мянушку «Доктар НЕ». Тое, што Пэйслі памёр літаральна напярэдадні рэферэндуму ў Шатландыі, глыбока сімвалічна. Плебісцыт (як бы ён ні закончыўся), на думку практычна ўсіх экспертаў, адкрывае новую эпоху адносін паміж часткамі Аб’яднанага Каралеўства і цэнтрам.
 
 
Дакладны фармат новай формулы пакуль не вядомы, аднак, калі меркаваць па абяцанках з Лондану, рэформаў не ўнік­нуць. Як піша прэса, інакш новых «шатландый» не пазбегнуць. Безумоўна, галоўны наступны кандыдат на тое, каб паспрабаваць услед за Шатландыяй сказаць Лондану «да пабачэння», — Паўночная Ірландыя. Палова насельніцтва рэгіёну — ірландцы-каталікі. Яны лічаць сябе часткай ірландскай нацыі, для якой тэма нацыянальнага адзінства вельмі важная.
 
 
Шатландскі рэферэндум рэанімаваў надзеі ірландцаў-каталікоў на хуткае аб’яднанне з Ірландыяй і адначасова насцярожыў пратэстантаў. Адпаведна, у мясцовым палітычным жыцці пачаліся сапраўдныя хваляванні. 
 
 
Інтарэс жыхароў краю да працэсаў у Шатландыі тлумачыцца таксама агульнымі старонкамі мінулага. Шатландцы, як і ірландцы, — кельты. Ідэя кельцкай салідарнасці набыла, дзякуючы рэферэндуму ў Шатландыі, новае вымярэнне.
 
 
Дарэчы, вялікая частка пратэстантаў Паўночнай Ірландыі мае шатландскія карані. Яны прыехалі ў Ольстэр у рамках брытанскай каланізацыі Ірландыі ў ХVІ–ХVІІ стагоддзі. 
 
 
Акрамя таго, сама гісторыя ўзнікнення правінцыі Паўночная Ірландыя — цудоўны прыклад таго, як Лондан ставіцца да правоў народаў, якія жывуць на брытанскіх выспах. Калі прыкладна сто год таму Ірландыя атрымала права на самакіраванне, брытанскі ўрад падтрымаў пратэстантаў Белфаста, якія аператыўна абвясцілі сваю рэспубліку. Хутка, насуперак усякім прававым нормам, без усякіх рэферэндумаў, Вестмінстэр прызнаў частку Ірландыі правінцыяй Аб’яднанага Каралеўства. 
 
 
Статус правінцыі як часткі Вялікабрытаніі быў аформлены напрыканцы 1920-х і захоўваўся да 1970-х гадоў, калі з-за супраць­стаяння каталікоў і пратэстантаў было ўведзена наўпроставае кіраванне з Лондану. У 1998 годзе, пасля падпісання мірнай дамовы, правінцыя атрымала новы статус, які гарантуе кожнай з грамадаў удзел у адміністрацыі праз партыйнае прадстаўніцтва. 
 
 
Такі кансенсус дазволіў нармалізаваць сітуацыю, аднак не вырашыць праблему ў прынцыпе. Дамінуючыя ў парламенце і вертыкалі партыі — пратэстанцкая DUP і ірландская «Шын Фейн» — ідэалагічна палярныя. Іх актыў і лідары вельмі падазрона ставяцца адзін да аднаго. Па сутнасці, мір успрымаецца як паўза.
 
 
Як толькі была ўзнята тэма шатландскага рэферэндуму, замарожаны ў 1998 годзе канфлікт зноў праявіўся. У рамках «шатландызацыі» Паўночнай Ірландыі аранжысты адправілі дэсант у Эдынбург, каб падтрымаць марш мясцовых пратэстантаў за брытанскае адзінства.
 
 
«Шын Фейн» заявіла пра намер пачаць дыскусію наконт правядзення рэферэндуму аб выхадзе краю са складу Аб’яднанага Каралеўства. Усенароднае апытанне плану­юць правесці ў 2016 годзе.
 
 
Якія шансы, што такі рэферэндум адбудзецца? На самай справе, Лондан можа падтрымаць ініцыятыву. Як піша «New Staiteman», у лонданскай эліце Ольстэр не ўспрымаецца раўнацэнным Шатландыі з яе газавымі радовішчамі і стратэгічнымі вайсковымі базамі. Акрамя таго, што гэты рэгіён патрабуе датацый, тут існуе цяжкі шматгадовы палітычны крызіс, які Лондан стаміўся вырашаць.
 
 
У дадатак, лакальныя палітыкі, асабліва пратэстанты, з’яўляюцца фактарам дэстабілізацыі палітычнага жыцця ў метраполіі. Будучы фанатычнымі хрысціянамі, паплечнікі Пэйслі дазваляюць сабе ксенафобскія выбрыкі, якія не пасуюць мультыкультурнай атмасферы Вялікабрытаніі. Тое, што яны запісалі Рымскага Папу ў д’яблы, ужо нікога не шакуе. А вось нядаўняя заява пра тое, што Алах — злачынец, выклікала абурэнне і радыкалізацыю мусульманскай камуны. 
 
 
Дублін жа, падаецца, наадварот, не мае ніякай эйфарыі наконт рэалізацыі старой мары ірландцаў пра адзіную краіну. Мясцовы міністр па справах Паўночнай Ірландыі кажа, што важней на дадзеным этапе захаваць стабільнасць у рэгіёне, якую, па яго словах, падрываюць навіны з Шатландыі. Як піша газета «Irish Times», «Адраджэнне мары пра адзіную Ірландыю можа актывізаваць радыкальную фракцыю нацыяналістаў, што, у сваю чаргу, узмацніць групоўкі прабрытанскіх экстрэмістаў». Тое, што Дублін тармозіць ідэю рэферэндуму, магчыма, звязана з эканомікай. Краіна перажывае цяжкі крызіс, і перспектыва павесіць на бюджэт яшчэ сем графстваў Паўночнай Ірландыі можа зацягнуць выхад з эканамічнай дэпрэсіі. Тое, што ў Ірландыі цяжкі крызіс, можа таксама паўплываць на вынікі рэферэндуму, другі шанс на які край зможа атрымаць яшчэ не хутка. 
 
 
Яшчэ адзін вельмі цікавы момант звязаны з формай дзяржаўнага ладу Ірландскай рэспублікі. У выпадку прыяднання да Ірландыі сямі паўночных графстваў, іх жыхары страцяць тое, што ма­юць як падданыя яе Вялікасці. Гэта права мець свой рэгіянальны парламент і ўрад, і нават асобную зборную па футболу. Наўрад ці мясцовая эліта захоча такой схемы інтэграцыі. Хутчэй за ўсё, яна будзе дабівацца аўтаномных правоў, а гэта, па сутнасці, будзе значыць, што пытанне Ольстэра нікуды не падзенецца, а проста набудзе новую афарбоўку.
 
Аднак наўрад ці статус-кво таксама захаваецца. Хутчэй за ўсё, палітызацыі грамадскага жыцця і росту напружанасці ў Паўночнай Ірландыі ўжо не пазбегнуць. Пытанне, што прыйдзе на змену мірнай дамове 1998-га?
 
 
У выпадку эскалацыі канфлікту, адным з варыянтаў ёсць абвяшчэнне незалежнасці Паўночнай Ірландыі. Відавочна, што Лондан і Дублін не жадаюць браць на сябе адказнасць за лёс правінцыі і за наступствы такога кроку, ды яшчэ ў цяперашніх эканамічных умовах. 
 

Каментаваць