Клімат левы, клімат правы

У маі свет адзначыў Дзень клімату, абарона якога стала адной з галоўных актуальных праблем чалавецтва. Аднак адзінства ў шэрагах праціўнікаў кліматычных змен няма. Напрыканцы красавіка ў Качабамбе (Балівія) адбыўся першы сусветны народны форум у абарону клімату, які арганізатары разглядаюць як левую альтэрнатыву Кіёта. Пра тое, што на ім адбывалася, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з удзельнікам форума Надзеяй Шаўчэнка, актывісткай кіеўскай групы «Зялёнае дасье».



У маі свет адзначыў Дзень клімату, абарона якога стала адной з галоўных актуальных праблем чалавецтва. Аднак адзінства ў шэрагах праціўнікаў кліматычных змен няма. Напрыканцы красавіка ў Качабамбе (Балівія) адбыўся першы сусветны народны форум у абарону клімату, які арганізатары разглядаюць як левую альтэрнатыву Кіёта. Пра тое, што на ім адбывалася, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з удзельнікам форума Надзеяй Шаўчэнка, актывісткай кіеўскай групы «Зялёнае дасье».

— Чым арганізатарам канферэнцыі ў Качабамбе не падабаецца Кіёцкі працэс — распрацаваны ААН механізм скарачэння парніковых газаў?

— Ініцыятарамі канферэнцыі выступілі менавіта палітыкі, незадаволеныя вынікамі снежаньскай капенгагенскай канферэнцыі ААН, на якой абмяркоўвалі змест новай рэдакцыі Кіёцкага пратаколу. На думку левай кліматычнай апазіцыі, у Даніі не была пачутая думка грамадзянскай супольнасці і насельніцтва бедных краін. Трэба згадаць, што 75 працэнтаў выкідаў парніковых газаў адбываюцца ў індустрыяльных дзяржавах. Аднак найбольш пакутуюць ад парніковага эфекту бедныя рэгіёны. Там руйнуецца экасістэма і, як следства, пагаршаюцца ўмовы жыцця. У выніку мільёны людзей могуць стаць мігрантамі, хаця яны не былі прычынай праблемы. Таму ў Качабамбе перш за ўсё патрабавалі, каб лідэры краін залатога мільярду прызналі так званы «кліматычны абавязак» перад бедным Поўднем і пачалі кампенсаваць яму наступствы пацяплення. У прынцыпе, праблему кліматычных зменаў у Балівіі разглядалі больш шырока — як наступства капіталістычнай мадэлі эканомікі, якая заснаваная ў тым ліку на эксплуатацыі прыроды.

— Спробу ініцыятараў канферэнцыі ў Качабамбе прывязаць кліматычны рух да левага лагеру моцна крытыкуюць у правай прэсе. Пішуць, што балівійскі прэзідэнт Эва Маралес далёкі ад тэмы і займаецца «кліматычным папулізмам».

— Па-першае, тэма кліматычных зменаў не імпартаваная ў Балівію штучна. Раставанне ледавікоў у балівійскіх Андах пагражае затапленнем некаторых рэгіёнаў. Таксама можа ўзнікнуць праблема забеспячэння вадой. Балівія не здольная вырашыць праблему самастойна. Па-другое, Эва Маралес — першы ў гісторыі Балівіі прэзідэнт-індзеец. Ён ініцыяваў шырокія рэформы, накіраваныя на пашырэнне культурных правоў індзейцаў і стаў нефармальным лідэрам індзейцаў усяго свету (яны таксама галоўныя патэнцыйныя ахвяры глабальнага пацяплення). Увогуле, вялікі блок канферэнцыі быў прысвечаны праблемам карэнных народаў. Вынік гэтай дыскусіі быў вельмі цікавы. Абарыгенаў заклікалі адмовіцца ад традыцыйнага спосабу жыцця.

— Колькі людзей было на канферэнцыі? Якія тэмы абмяркоўваліся? Якія фармальныя вынікі?

— У канферэнцыі ўзялі ўдзел 35 тысяч чалавек са 142 краін. Сярод удзельнікаў былі прэзідэнты Венесуэлы, Парагваю, Нікарагуа, Гватэмалы, прадстаўнік генсека ААН у Лацінскай Амерыцы. Шматлікія зоркі Галівуду, вядучыя навукоўцы NASA, шмат культурных актывістаў. Асноўнымі тэмамі для дакладаў былі структурныя прычыны змены клімату, гармонія людзей і прыроды, права Зямлі, стварэнне міжнароднага трыбуналу кліматычнай справядлівасці, які мог бы прымушаць урады дзяржаў выконваць абавязкі, звязаныя са скарачэннем выкідаў парніковых газаў (гэты механізм адсутнічае ў Кіёцкім пратаколе) і г.д. У выніку была прынятая сумесная дэкларацыя — Народная дамова. Гэты дакумент крытыкуе «патрыярхальную мадэль вытворчасці і спажывання» і заклікае да стварэння сацыяльнай сістэмы, якая магла існаваць у гармоніі з прыродай. Канферэнцыя таксама заклікала да прызнання правоў экасістэм на існаванне.

— Слова «Балівія» даўно стала сінонімам «гандлю какаінам». Якая тут сітуацыя на самой справе?


— Не трэба блытаць какаін і лісты кокі — традыцыйны прадукт індзейцаў. Тубыльцы жуюць іх увесь час, а набыць лісты можна вельмі танна, як у нас семкі, на кожным кроку. Эфект, які кока аказвае на арганізм, комплексны. Мясцовыя раяць жаваць коку як сродак супраць дэпрэсіі і добры антысептык. Хаця, мне здаецца, кока карысная перш за ўсё тым, што паніжае патрэбу ў кіслародзе, якога не хапае ў горных балівійскіх умовах. Цяпер сектар вытворчасці кокі знаходзіцца ў канфлікце з наркамафіяй. Маралес марыць за кошт пашырэння спажывання лістоў кокі зменшыць спажыванне какаіну. Хаця я скептычна стаўлюся да гэтага. Як мінімум у такім разе трэба было пачаць прадаваць лісты кокі ў ЗША — на галоўным рынку какаіну. А ў ЗША Маралеса ніхто не пусціць. Ён — асноўны партнёр Чавеса, за якім замацаваўся імідж галоўнага антыамерыканскага палітыка ў Лацінскай Амерыцы.

— Як будзе развівацца кліматычны рух далей?


— Наступным полем бою стане мексіканскі Канкун, дзе ў снежні зноў збярэцца кліматычная канферэнцыя ААН. Там будуць прадстаўленыя ў тым ліку рэкамендацыі з Балівіі. Наўрад ці большасць удзельнікаў пагодзіцца на прапанаваны ў Качабамбе па сутнасці лявацкі лозунг: «Мяняць сістэму, каб выратаваць клімат». Аднак сістэмныя сацыяльныя і эканамічныя змены, здаецца, ўсё роўна будуць патрэбнымі. У вядучых заходніх выданнях прызнаюць, што пасіўнае стаўленне да глабальнага пацяплення рана ці позна прывядзе да сітуацыі, калі стан будзе папросту крытычны. Давядзецца нават на нейкі час адмовіцца ад дэмакратычнай мадэлі кіравання.

— Да рэформаў на ўзроўні планеты Маралес пакуль не дарваўся, аднак як прэзідэнт ён ужо 5 гадоў мяняе сістэму ў Балівіі, будуючы сацыялізм з індзейскім тварам. Што балівійцы кажуць пра палітыку прэзідэнта?

— Цяжка казаць з-за розніцы сітуацый паміж нашымі краінамі: 300 долараў у Балівіі — гэта аклад добрага менеджэра. Самі людзі кажуць, што палітыка Маралеса прывяла да абяднення сярэдняга класу, затое цяпер гарантаваны нейкі сацыяльны мінімум, што для большасці насельніцтва папросту фантастыка.
 

Каментаваць