КНР. Праваабаронцу асудзілі на сем гадоў турмы за спробу падрыву дзяржулады

Асуджаны юрыст узначальваў пекінскую юрыдычную кампанію Fengrui, якая атрымала вядомасць дзякуючы ўдзелу ў працэсах шэрагу кітайскіх дысідэнтаў, паведамляе ТАСС.
Фота polblog.ru

Фота polblog.ru




Пекінскі юрыст Чжоў Шыфэн быў прыгавораны да сямі гадоў турэмнага зняволення за "спробу падрыву дзяржаўнай улады". Пра гэта паведаміў партал навінаў "Сіна".

Вердыкт быў вынесены судом горада Цяньцзінь (Паўночны Кітай). Чжоў Шыфэн таксама пазбаўлены палітычных правоў на пяць гадоў, паведамляе ТАСС.

Пракурор настойваў, што дзеянні Чжоў былі "накіраваныя на тое, каб матываваць адвакатаў брацца за супярэчлівыя справы, і наймаў пратэстуючых для таго, каб дэстабілізаваць сістэму правасуддзя".

Падсудны прызнаў сябе вінаватым, адзначае ВВС, і адмовіўся ад падачы апеляцыі на прысуд.

Раней у аўторак той жа суд прысудзіў актывіста Чжай Яньміня да трох гадоў турмы з адтэрміноўкай выканання на чатыры гады з той жа фармулёўкай. У пастанове гаварылася, што ён быў звязаны з Чжоў Шыфэнам.

Асуджаны юрыст узначальваў пекінскую юрыдычную кампанію Fengrui, якая атрымала вядомасць дзякуючы ўдзелу ў працэсах шэрагу кітайскіх дысідэнтаў, у тым ліку вядомага мастака Ай Вэйвэя. Таксама фірма займалася абаронай ахвяраў сексуальнага гвалту і прадстаўнікоў забароненых рэлігійных канфесій, нагадвае ВВС.

У Кітаі ў ліпені 2015 года пачалася хваля арыштаў праваабаронцаў. За год былі арыштаваныя каля 300 юрыстаў, якія займаліся справамі, звязанымі з парушэннем правоў на свабоду слова і веравызнання, а таксама карупцыйнымі справамі.


Каментаваць