Код Джэроніма

«Код Джэроніма» — так называлася аперацыя па ліквідацыі тэрарыста нумар адзін у свеце Усамы Бен Ладэна.

Тое, што Бен Ладэна ў спецслужбах ЗША называлі Джэроніма (гэтак жа, як і славутага ін­дзейскага правадыра), выклікала пратэсты з боку амерыканскіх індзейцаў.

«Джэроніма мёртвы!» — рапартавала 1 мая каманда спецназаўцаў, адказная за забойства заснавальніка Аль-Каіды. Ін­дзейцы ЗША такой канспірацыі не зразумелі.



«Код Джэроніма» — так называлася аперацыя па ліквідацыі тэрарыста нумар адзін у свеце Усамы Бен Ладэна.

Тое, што Бен Ладэна ў спецслужбах ЗША называлі Джэроніма (гэтак жа, як і славутага ін­дзейскага правадыра), выклікала пратэсты з боку амерыканскіх індзейцаў.

«Джэроніма мёртвы!» — рапартавала 1 мая каманда спецназаўцаў, адказная за забойства заснавальніка Аль-Каіды. Ін­дзейцы ЗША такой канспірацыі не зразумелі.

Для іх Джэроніма — не тэрарыст, а славуты правадыр племені апачы. Пры жыцці (1829–1909) ён быў жывым сімвалам індзейскага супраціву. Спачатку змагаўся супраць мексіканцаў, якія забілі яго маці, жонку і трох дзяцей, пасля — з амерыканцамі, з якімі спачатку нібыта ладзіў. У 1861 годзе індзейцы пад яго кіраўніцтвам пакінулі тэрыторыю рэзервацыі ў Арызоне. Падобны ўчынак азначаў, што тапор вайны адкапаны.

Амаль 20-гадовае паўстанне Джэроніма (якое на практыцы зводзілася да нападаў на фермераў) зрабіла гэтае імя вядомым на ўсю Амерыку. Калі ў 1886 годзе Джэроніма здаўся, аказалася, што ён быў апошнім індзейцам у Штатах, які вёў вайсковую барацьбу. У дадатак ён не проста здаўся, а запатрабаваў, каб яго прызналі вайсковым палонным. Вашынгтон пагадзіўся.

Пасля арышту Джэроніма, якога перасялілі ў Аклахому, стаў поп-зоркай. Калі ў 1894 годзе ў Сэнт-Луісе адчынілася сусветная выстава, Джэроніма запрасілі прадаваць там сувеніры. Паглядзець на вялікага сахема ехалі з усёй краіны. У 1904-м ён прыняў удзел у інагурацыі прэзідэнта Тэадора Рузвельта.

Паралельна Джэроніма прыняў хрысціянства і нават далучыўся да баптыстаў, адкуль, праўда, пазней быў выключаны за азартныя гульні. У 1909 годзе ён памёр пасля таго, як выпадкова ўпаў з каня. Пасля смерці хадзілі чуткі, што студэнты-масоны выкапалі чэрап Джэроніма, каб ужываць яго ў сваіх тайных рытуалах. Быццам на гэтым чэрапе даваў у свой час клятву прэзідэнт ЗША Джордж Буш-малодшы.

Пасля ўсяго гэтага не дзіўна, што карэнныя амерыканцы вельмі эмацыйна адрэагавалі на інфармацыю пра тое, што Бен Ладэна ў файлах ЦРУ празвалі Джэроніма.

«Параўнаць Джэроніма з Бен Ладэнам — масавым забойцам і палахлівым тэрарыстам — гэта дэманстратыўная атака на гістарычную памяць карэнных амерыканцаў», — гаворыцца ў калектыўным лісце лідараў племені апачы, дасланага на днях на імя прэзідэнта ЗША. Як пішуць аўтары, «Джэроніма ніколі, у адрозненні ад Асамы, не хацеў стварыць халіфат. Яго праграма заключалася ў тым, каб племя апачы пакінулі ў спакоі».

«Няўжо мы дасюль знаходзімся ў стане паходу на Захад? Хіба мы дасюль каўбоі? Нашто ў такім разе ўрад да гэтага часу працягвае сімвалічны генацыд індзейцаў? Тое, што наш урад выкарыстаў імя Джэроніма, адлюстроўвае цёмныя старонкі нашай калектыўнай псіхалогіі», — піша Браян МакЛарэн, адзін з лідараў амерыканскіх левых евангелістаў.

З падобнымі заявамі не жадаюць мірыцца кансерватары. На старонках іх выданняў можна сустрэць шмат матэрыялаў, якія аспрэчваюць тэзіс пра тое, што Джэроніма — герой. Сапраўды, пры жыцці Джэроніма забіў шмат цывільных асобаў, і сучаснікі, па вялікаму рахунку, баяліся яго не менш, чым амерыканцы Бен Ладэна і яго шахідаў.

Хтосьці з жыхароў Арызоны ў пятым пакаленні на адным з амерыканскіх інтэрнэт-форумаў згадаў апавяданні дзеда пра тое, што ў часы Джэроніма апачы-юнак мог ажаніцца выключна тады, калі прыносіў будучаму цесцю набор з пенісаў, якія адрэзаў у ворагаў.

«American Spectator», адзін з флагманаў амерыканскай кансерватыўнай прэсы, адзначае: «Трэба прызнаць, што тубыльцы да з’яўлення янкі жылі ў стане перманентнай міжкланавай вайны. Іракезы вынішчылі б гуронаў без дапамогі французаў і англічан. Яны забівалі адзін аднаго задоўга да таго, як сюды прыбылі еўрапейцы. Усе індзейскія цывілізацыі былі заснаваныя на канцэпцыі гвалту і крыві, у той час як хрысціянскія каланісты як мінімум ведалі, што такое прынцып гуманнасці. У гэтым плане назваць аперацыю супраць Бен Ладэна «Код Джэроніма» цалкам нармальна».

У адказ фанаты Джэроніма ўзнялі вельмі актуальную зараз тэму экалогіі. Шмат хто лічыць, што светапогляд індзейцаў мог стаць альтэрнатывай духу надыходзячай у ХІХ стагоддзі капіталістычнай цывілізацыі.


Джэроніма (справа) і яго воіны


«Карэнныя амерыканцы ніколі не забівалі бізонаў толькі для таго, каб выразаць у іх языкі, як рабілі белыя траперы. Індзейцы забівалі жывёл селектыўна, каб забяспечыць пражыванне сваім дзецям і нашчадкам. Індзейцы ніколі не знішчылі ніводнага віду жывёлаў, у адрозненні ад белых. У гэтым плане барацьбу Джэроніма супраць белых можна лічыць справядлівай і экалагічнай», — піша адзін з эколагаў.

Аднак ідэя аказалася спрэчнай. Высакародны дзікун, які жыве ў гармоніі з прыродай, — гэта міф, кажуць апаненты. Яны спасылаюцца на вельмі вядомую кніжку «Індзейская экалогія. Міф і гісторыя» (The Ecological Indian: Myth and History). Яе аўтар Шэпард Крэч даследаваў трэнды на рынку скуры баброў ў ХІХ стагоддзі ў Луізіане і адзначыў пры гэтым цікавую рэч: часам на мясцовым рынку з’яўлялася занадта шмат тавару. Прычынай было тое, што жрэц нейкага індзейскага племені заклікаў забіваць як мага больш жывёл, каб задаволіць бога Маніту. Вось такое разуменне экалогіі.

Між тым, адміністрацыя ЗША сцвярджае, што не мае ніякіх забабонаў супраць індзейцаў. Выбар на карысць імя Джэроніма адпавядае традыцыі: шмат што ў амерыканскім войску звязанае з індзейцамі. У арсенале войску дзядзькі Сэма ёсць ракеты «Тамагаўк», верталёты «Апачы», «Чорны Сокал» і г.д.

У любым выпадку, дыскусія вакол правадыра апачы мае свае пазітыўныя наступствы. Амерыканцы згадалі пра індзейцаў, у якіх праблем традыцыйна хапае. Так, 70 працэнтаў тых жа апачы — далёкіх родзічаў Джэроніма — зараз сядзяць без працы. Рознага кшталту грамадскія арганізацыі ўжо заклікалі адміністрацыю Абамы правесці аперацыю «Код Джэроніма–2», сутнасцю якой павінна быць сацыяльна-эканамічная падтрымка насельніцтва індзейскіх рэзервацый.
 

Каментаваць